Наперадзе — Сусветная гімназіяда

- 10:34Адукацыйная прастора

XII Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў завяршылася на Магілёўшчыне. У выніку двух тыдняў напружаных спаборніцтваў у агульнакамандным заліку перамогу святкавала Гродзенская вобласць. Гаспадарам не хапіла ўсяго некалькіх балаў да першага месца: яны размясціліся на другой прыступцы п’едэстала. “Бронза” — у спартсменаў Гомельшчыны.

Па суме балаў зімовай і летняй спартакіяды тройка прызёраў, як і размеркаваныя паміж імі пазіцыі, засталася без змяненняў. Пераможцы атрымалі дыпломы і кубкі адпаведных ступеней, а таксама падзяку за сумленную і бескампрамісную барацьбу ад арганізатараў спартыўнага мерапрыемства.

Акрамя таго, лепшыя спартсмены спаборніцтваў атрымалі значны бонус — шанс прыняць удзел у Сусветнай гімназіядзе 2018 года, якая будзе праходзіць у Францыі і Манака. Менавіта з пераможцаў па відах спорту сфарміруецца зборная каманда Беларусі, адзначыў на ўрачыстым закрыцці спартакіяды дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі.

Падчас закрыцця рэспубліканскага мерапрыемства эстафетны сцяг спартакіяды перададзены прадстаўнікамі Магілёўскай вобласці гораду Мінску, які будзе прымаць юных спартсменаў з усёй рэспублікі ў наступным годзе.

Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў сёлета праходзіла з 8 па 23 чэрвеня на галоўных арэнах Магілёўскага рэгіёна: не толькі ў абласным цэнтры, але і ў Бабруйску, Бялынічах, Горках. Асобныя віды спорту былі вынесены па-за межы вобласці: спаборніцтвы па веславанні і каноэ былі арганізаваны на базе гомельскай СДЮШАР № 6, па кулявой стральбе — у Барысаўскай СДЮШАР прафсаюзаў Мінскай вобласці.

Удзел у спартакіядзе прынялі больш за 2,5 тысячы юных спартсменаў, якія змагаліся за першыя месцы ў 21 відзе спорту, 19 з якіх — алімпійскія. Акрамя спаборніцтваў, школьнікі прынялі ўдзел у культурна-пазнавальнай праграме, пазнаёміліся з гісторыяй і славутасцямі магілёўскай зямлі.

Першая Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў прайшла ў Брэсце ў 2006 годзе. З гэтага часу яна пачала праводзіцца штогод. Спаборніцтвы накіраваны на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, павышэнне якасці спартыўна-масавай і вучэбна-трэніровачнай работы ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах. З цягам часу спартакіяда стала стартавай пляцоўкай для спорту высокіх дасягненняў.

Арганізатарамі спартыўнага мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разам з Міністэрствам спорту і турызму і Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.