Нарачанскі край павінен даць вялікую аддачу ў турыстычнай галіне

- 10:55Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Нарачанскі рэгіён здольны прыцягнуць большую колькасць турыстаў. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў па выніках рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

Паводле ацэнкі прэм’ер-міністра, за час рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады было зроблена шмат, аднак патэнцыял гэтага маляўнічага краю выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Дзякуючы гэтай дзяржпраграме, у разы вырас экспарт паслуг, мадэрнізаваны санаторна-аздараўленчыя ўстановы, актыўна развіваецца індустрыя аграэкатурызму і аграпрамысловы комплекс Нарачанскага краю. Усё гэта дапамагло стварыць у рэгіёне новыя рабочыя месцы.

“Я не сказаў бы, што мы дасягнулі ўсяго. Вынікі рэалізацыі Дзяржпраграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна прызнаны здавальняючымі, але, зразумела, на гэтым спыняцца не трэба, гэта было б няправільна. Думаю, што патрэбна новая праграма, трэба надаць новы імпульс рэгіёну, які павінен даваць вялікую аддачу з пункту гледжання прыцягнення турыстаў, экспарту паслуг”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Пры гэтым кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў развіццё курортнай зоны павінна ўкладваць сродкі не толькі дзяржава. “Далёка не ўсё павінна рабіцца за бюджэтныя грошы. За намі самае галоўнае — інфраструктура, і ў асноўным яна зроблена. Трэба стварыць магчымасць, каб сюды прыходзілі прыватнікі, як беларусы, так і іншаземцы, каб ствараліся новыя рабочыя месцы, прадпрыемствы і аб’екты, прывабныя для турыстаў”, — лічыць прэм’ер-міністр.

Гаворачы аб маладзечанскім прадпрыемстве “ЭНЭФ”, наведванне якога было запланавана праграмай рабочай паездкі, Андрэй Кабякоў адзначыў, што яно актыўна працуе на знешніх рынках — гэта дапамагае фарміраваць пакет заказаў і забяспечваць рабочым дастойную для рэгіёна зарплату. Аднак ёсць праблемныя пытанні, у вырашэнні якіх, хутчэй за ўсё, прыме ўдзел і ўрад. “Мы абмеркавалі гэтыя пытанні. Яны маюць не спажывецкі характар — даць нешта, гэта пытанні, якія тычацца мытнага рэгулявання, сертыфікацыі прадукцыі, арганізацыі дзяржаўных заказаў, каб у максімальнай ступені быў рэалізаваны прынцып роўнай канкурэнцыі”, —растлумачыў прэм’ер-міністр.

ААТ “ЭНЭФ” з’яўляецца адным з вядучых у СНД вытворцаў энергазберагальнай і экалагічнай святлатэхнікі. Прадпрыемства распрацоўвае і выпускае крыніцы сілкавання для святлодыёдаў, электронныя пускарэгулюючыя апараты, святлодыёдныя свяцільні для аўтамабільнай тэхнікі, блокі светлавой індыкацыі і гукавой сігналізацыі для халадзільнікаў і інш. У I паўгоддзі 2016 года “ЭНЭФ” паставіла на экспарт прадукцыю на $1,3 млн.