У Выдавецкім доме “Педагагічная прэса” — свята. Навукова-педагагічнаму часопісу “Народная асвета” — 100 гадоў! З гэтай нагоды ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў святочны круглы стол. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Павіншаваць і ўганараваць юбіляра завітаў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды. Сяргей Валянцінавіч зачытаў віншавальны адрас ад міністра адукацыі Андрэя Іванца, у якім ён адзначыў высокі аўтарытэт найстарэйшага навукова-педагагічнага часопіса ў педагагічнай супольнасці краіны.
“100 гадоў — салідная дата. І тое, што за гэты час папулярнасць “Народнай асветы” не знізілася, гаворыць толькі пра адно: дасягненні айчыннай педагагічнай навукі і практыкі запатрабаваны”, — дадаў Сяргей Руды.
У віншавальным адрасе ад міністра інфармацыі Марата Маркава, які зачытала дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Кацярына Дубінская, адзначаны дасягненні творчага калектыву часопіса, прадстаўнікі якога на працягу многіх гадоў дэманструюць самаадданасць і прафесіяналізм.
“У кожны нумар часопіса ўкладзена шмат сіл і павагі да сваіх чытачоў, таму вельмі важна трымаць з імі сувязь”, — прадкрэсліла ў працяг Кацярына Эдуардаўна.
Сістэмная зваротная сувязь з чытачамі і аўтарамі “Народнай асветы” — адна з адметнасцей работы галоўнага рэдактара Святланы Мазурынай. Яе ведаюць у кожным рэгіёне нашай краіны. Жадаючых трапіць на майстар-клас да Святланы Уладзіміраўны больш чым дастаткова. Прафесійная размова і жаданне навучыцца новаму заўсёды прыцягваюць. Толькі за апошніх пяць гадоў адбылося больш за 200 такіх сустрэч.
“Майстар-клас “Інфармацыйная культура педагога” накіраваны на арганізацыю супрацоўніцтва часопіса з установамі адукацыі краіны, папулярызацыю і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў. У яго праграму ўключана прэзентацыя часопіса. Але асаблівую цікавасць у аўдыторыі выклікаюць практычныя заняткі па падрыхтоўцы тэкстаў артыкулаў для публікацыі ў педагагічных СМІ. Многія раённыя вучэбна-метадычныя кабінеты ўключаюць наш майстар-клас у свае планы метадычнай работы, што гаворыць аб яго запатрабаванасці”, — адзначыла Святлана Мазурына.
Жаданне дзяліцца навуковым вопытам таксама вітаецца, менавіта таму аўтарскі праект рэктара БДУ, доктара педагагічных навук, прафесара Андрэя Караля — адзін з самых чытальных. Андрэй Дзмітрыевіч не раз падкрэсліваў, што “Народная асвета”, дзякуючы шырокаму дыяпазону тэм і комплекснаму адлюстраванню інавацыйных напрамкаў у адукацыі, з’яўляецца каштоўным выданнем для сістэмы вышэйшай адукацыі.
А для сістэмы дадатковай адукацыі дарослых — настольная кніга. Пра гэта гаварыла метадыст аддзела прафесійнага развіцця педагогаў цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі адукацыі Таццяна Пашковіч, зачытваючы віншавальны адрас ад рэктара акадэміі Ірыны Старавойтавай.
“За сто гадоў “Народная асвета” стала стратэгам сістэмы адукацыі, правайдарам у канцэпцыі сістэм работы ў школах, раёнах, абласцях”, — заўважыла рэктар Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка.
Тут жа хочацца правесці гістарычную паралель. Галоўная задача першага ў краіне навукова-педагагічнага выдання — “дапамагчы настаўніцтву працоўнай школы, кіраўнікам дзеючых устаноў, дзеячам пазашкольнай адукацыі і работнікам УВА Беларусі ў іх асветніцкай працы праз указанне метадаў асветы і ўзаемнае інфармаванне аб дасягненнях у галіне асветніцкай практыкі” — выконваецца і сёння.
З самага пачатку свайго існавання і да цяперашняга часу “Народная асвета” з’яўляецца адкрытай пляцоўкай для абмену ідэямі паміж вучонымі і практыкамі, для абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту, павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў.
І гэта неаднаразова падкрэслівалі госці святочнага круглага стала. Алена Клачкова, начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама, адзначыла, што, дзякуючы “Народнай асвеце”, расце метадычная дасведчанасць педагогаў, яны пашыраюць свой прафесійны кругагляд.
“Педагогі Бярозаўшчыны — пастаянныя аўтары навукова-педагагічнага часопіса, — не без гордасці заўважыла начальнік аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Алена Саковіч. — І мы імкнёмся развівацца ў гэтым напрамку”.
Падтрымала калег і начальнік аддзела па адукацыі Слуцкага райвыканкама Іна Серадзінская, якая падзякавала калектыву “Народнай асветы” за прапаганду перадавога педагагічнага вопыту.
Дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Жук заўважыла, што артыкулы ў часопісе заўсёды актуальныя і практыка-арыентаваныя, і гэта дазваляе трымаць руку на пульсе прадстаўнікам усіх узроўняў адукацыі.
Сапраўды, часопіс заўсёды ў трэндзе новых педагагічных тэндэнцый, аператыўна адгукаецца на патрэбы педагогаў. Гэта рэсурс сістэмы дадатковай адукацыі дарослых і дзейнасці метадычных службаў сістэмы адукацыі, эфектыўны сродак для самаадукацыі. “Народная асвета” стала першапраходцам у выкарыстанні праектнай методыкі. Цяпер праекты “Педагагічная асамблея”, “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, “Бацькоўскі сход” вельмі запатрабаваныя, бо аб’ядноўваюць навукоўцаў і педагогаў-практыкаў у адлюстраванні актуальных напрамкаў развіцця навукі і адукацыі. На сайце “Народнай асветы” размяшчаюцца нефарматныя матэрыялы — сцэнарыі, марафоны, урокі, пазакласныя мерапрыемствы, слайд-прэзентацыі.
Самай урачыстай нотай святочнай сустрэчы стала ўзнагароджанне. Супрацоўнікі “Народнай асветы” атрымалі граматы, падзякі ад Міністэрства адукацыі і ад Міністэрства інфармацыі. Галоўны рэдактар Святлана Мазурына стала ўладальніцай нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”.
Мы таксама віншуем калег са святам і жадаем далейшага росквіту!
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА