Міратворчы патэнцыял АДКБ у перспектыве можа быць задзейнічаны ў розных місіях ААН. Пра гэта ішла размова ў Маскве на сустрэчы намесніка генеральнага сакратара АДКБ Валерыя Семерыкова з намеснікам генеральнага сакратара ААН дырэктарам Дэпартамента аперацый ААН па падтрыманні міру Жанам-П’ерам Лакруа, паведаміў прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў.
“Абапіраючыся на пазітыўны вопыт сумеснай работы, суразмоўцы асноўную ўвагу ўдзялілі разгляду пытанняў, звязаных з перспектывай задзейнічання існуючых сёння ў АДКБ міратворчых рэсурсаў у розных місіях ААН: аб рэалізацыі распрацаванай у гэтых мэтах дарожнай карты, аб стварэнні ў складзе міратворчых сіл АДКБ паліцэйскага кантынгента пастаяннай гатоўнасці, а таксама аб удзеле прадстаўнікоў ААН у штогадовых міратворчых вучэннях АДКБ “Непарушнае братэрства”, — сказаў прэс-сакратар.
Валерый Семерыкоў асабліва адзначыў, што АДКБ заўсёды выступала і выступае за ўмацаванне вядучай, цэнтральнай ролі ААН у міжнародных справах, за павышэнне яе ролі ў вырашэнні канфліктаў, у тым ліку ў міжнароднай міратворчай дзейнасці. Таму нарошчванне супрацоўніцтва з ААН па міратворчай праблематыцы — адзін з ключавых арыенціраў АДКБ на доўгатэрміновую перспектыву, замацаваны ў стратэгіі арганізацыі, якая адобрана прэзідэнтамі дзяржаў — членаў АДКБ летась.
Жан-П’ер Лакруа ў сваю чаргу падкрэсліў, што на пасадзе намесніка генеральнага сакратара ААН па міратворчай дзейнасці зробіць усё магчымае, каб вывесці адносіны паміж ААН і АДКБ на новы, якасны ўзровень, забяспечыўшы пераемнасць партнёрскіх адносін, якія склаліся ў апошнія гады паміж Сакратарыятам АДКБ і Дэпартаментам аперацый ААН па падтрыманні міру.