Наш герой

- 14:43Выхаванне, Рознае

Раніца 6 мая 1966 года. Ярка свеціць сонейка, цвіце бэз, спяваюць птушкі. У гэты дзень 50 гадоў назад адбылося чарговае пасяджэнне бюро Савета піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна Мсціслаўскага раёна. На ім адзначылі вялікую работу піянерскай дружыны Ануфрыеўскай школы па зборы матэрыялаў пра першага савецкага салдата, які ступіў на вызваленую тэрыторыю Сялецкага сельскага савета і гераічна загінуў у барацьбе з нямецкімі захопнікамі. На гэтым жа бюро пастанавілі прысвоіць піянерскай дружыне школы імя Юрыя Андрэевіча Дубелара.

Мінула паўстагоддзя. Усе гэтыя гады піянеры Сялецкай школы стараліся захаваць памяць пра Дубелара, вялі перапіску з роднымі і блізкімі Юрыя, запрашалі іх на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў школе. На магіле героя заўсёды прыбрана, там часта праходзяць інфармацыйныя гадзіны, там даюць клятву піянера лепшыя вучні школы.

У гэты дзень хочацца ўспомніць пра асобу гэтага цудоўнага маладога чалавека і пра яго гібель. У тыя грозныя дні 1943 года Чырвоная Армія рухалася на захад. Армія генерала Папова, у якой служыў Юрый Дубелар, падышла да ракі Сож. На ўчастку Рослаўльскай 49-й стралковай дывізіі наступаў асобны батальён. Адным з узводаў батальёна камандаваў 20-гадовы лейтэнант Юрый Дубелар, якога і вырашылі паслаць на супрацьлеглы бераг з групай разведчыкаў.

На досвітку 27 верасня 1943 года перабраліся праз Сож, ахутаны густым і халодным туманам. Уважліва абследаваўшы бераг, разведчыкі падышлі да вёскі Ануфрыева. Трое салдат адправіліся назад з падрабязным данясеннем, а з чацвёртым салдатам Дубелар увайшоў у вёску, дзе размяшчаўся нямецкі штаб. Праз дробныя кусты разведчык прабраўся да калодзежа. Аклікнуўшы жанчыну, якая выйшла з крайняга дома з вёдрамі, Юрый высветліў, што ён зможа знайсці сховішча ў доме, дзе жывуць яе сваякі. Салдат, які застаўся ля весніц, бачыў, як лейтэнант Дубелар увашоў у паказаны дом. Прайшло мінут пяцьдзесяць — лейтэнант не выходзіў. Яшчэ праз імгненне з дома выйшлі два гітлераўцы і паліцай. Што ж адбылося за дзвярыма?

Як толькі Дубелар увайшоў у сенцы, яго аглушылі і ў непрытомным стане звязалі. Быў выкліканы спецыяліст па допытах. Фашысты доўга катавалі савецкага лейтэнанта, але так нічога і не змаглі даведацца ад яго: камсамолец Юрый Дубелар не вымавіў ні слова. Скалечанага, але яшчэ жывога воіна выцягнулі на вуліцу, спаласавалі яму спіну, жывот, рассеклі грудзі. Нічога не даведаўшыся, кінулі цела ля адхону дарогі. Мясцовыя жыхары спрабавалі выратаваць героя, але раны былі смяротныя.

Праз некаторы час салдаты знайшлі знявечанае цела камандзіра. Пахавалі Юрыя Дубелара на месцы гібелі ў вёсцы Ануфрыева. Малдаванін Юрый Дубелар загінуў, абараняючы нашу Радзіму. Але памяць пра героя заўсёды будзе жыць у сэрцах нашчадкаў. Памятаюць пра Дубелара і ў яго родным краі. У 2010 годзе дэлегацыя Рэспублікі Малдова наведала магілу Юрыя, сустракалася з піянерамі Сялецкай школы, пакінула ім падзячнае пісьмо як знак удзячнасці і павагі ўсім тым, хто шануе памяць героя.

І зноў, як і 50 гадоў назад, з кветкамі ідуць піянеры да магілы дружыннага героя. І зноў свеціць сонейка, цвіце бэз і спяваюць птушкі пад мірным небам!

Алена КАРПІНА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.