Каля 40 лакацый падрыхтавалі ўстановы адукацыі Гомельшчыны да Дня беларускага пісьменства ў Добрушы.
Яшчэ ў спецыяльным дызелі, які вёз гасцей на свята, школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў натхнялі народ. Непасрэдна ў вагонах дзеці чыталі Цётку і Коласа, Купалу і Шамякіна, Танка і Караткевіча.
“Горад майстроў” прапанаваў выставу прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі. Тут, напрыклад, майстры вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання Алена Паршукова і Марыя Пруская вучылі ўсіх швейнай справе.
— Мы з вамі перанясёмся ў XV стагоддзе, — прапануе Алена Уладзіміраўна. — Тады не было швейных машынак. Мы зоймемся рукадзеллем і зробім ляльку-абярэг. Дарэчы, такія рабілі ў кожнай сям’і. Нашы продкі верылі, што лялькі выконвалі ўсе жаданні, абаранялі ад злых духаў — ад кавіду, напрыклад.
— Калі абрэзкі рвеш, — далучаецца Марыя Васільеўна, — пужаеш злыя сілы. Сам працэс разрывання тканіны іх адпуджвае.
Паступова размова заходзіць і пра асноўную работу з дзецьмі. Майстры радуюцца, што дзяўчынкі, якія прыходзяць атрымліваць інтэграваную спецыяльнасць “Швачка. Цырульнік”, пасля практыкі часта выбіраюць работу на вытворчасці.
Майстар вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Уладзімір Шпакоўскі праводзіць побач майстар-клас па разьбе па дрэве. Ва ўстанове, дзе працуе, ён вучыць самым запатрабаваным рабочым прафесіям. Метадыст гэтай установы Ала Пэўн расказвае, што ў Добруш яны прывезлі выставу вучнёўскіх работ з дрэва:
— А яшчэ ў нас ёсць свой тэатр-батлейка. І ёсць свая будаўнічая казка, накіраваная на прафарыентацыю. Мы з дапамогай батлейкі расказваем пра рабочыя прафесіі, якія можна атрымаць у нашай установе. Будаўнік — гэта ж самая важная на свеце прафесія. Будавалі, будуем і будзем будаваць нашу прыгожую Беларусь!
Начальніку аддзела адукацыі Добрушскага раённага выканаўчага камітэта Ірыне Міхайлаўне Шкаруба міністр адукацыі падчас свята ўручыў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Віктар Філіпенка разам з будучымі настаўніцамі праводзіць майстар-клас па каліграфічным пісьме — трэба напісаць свае ініцыялы з выкарыстаннем розных шрыфтоў. Віктар Віктаравіч гаворыць, што малады педагог павінен умець сарыентаваць дзяцей на традыцыйныя каштоўнасці:
— Мы прэзентуем вопыт работы па выкарыстанні інтэрактыўных тэхналогій. Такая дзейнасць павышае ўзровень прафесійнай кампетэнцыі спецыялістаў. Дзеці ў наш час адыходзяць ад рукапісных тэкстаў і пераходзяць на электронныя носьбіты. Між тым у працэсе прафесійнай падрыхтоўкі асаблівую ўвагу ўдзяляем каліграфіі — уменню правільна, эталонна прапісваць літары і злучаць іх у словы. Нашы будучыя педагогі, навучэнцы каледжа, вывучаюць асновы каліграфіі і будуць перадаваць свае навыкі выхаванцам. Увогуле, каліграфія дазваляе дыс-
цыплінаваць дзяцей, даць ім навыкі, якія неабходны пры пісьме. Гэтыя ўменні спатрэбяцца, напрыклад, на ЦТ — калі неабходна правільна аформіць бланк. Набытая акуратнасць у будучыні дапаможа чалавеку стаць паспяховым.
“Мая радзіма на старонках кніг” — гэта аб’ёмныя ілюстрацыі ў выглядзе кніг і карцін да твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. На дзіцячай пляцоўцы “Наша крыніца натхнення” можна было паглядзець выставу творчых работ навучэнцаў, якія займаюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі. У экспазіцыі “Іх імёны ў гісторыі гучаць” экспанаваліся партрэты выбітных людзей, якія праславілі Рэспубліку Беларусь.
Таленты і веды
На пляцоўцы вакол добрушскай сярэдняй школы № 1 былі разгорнуты ваенна-гістарычныя гульнявыя інсталяцыі. “Партызанскі шпіталь” арганізавалі выхаванцы Жлобінскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Яго дырэктар Сяргей Фурман адзначыў, што выхаванцы, якія займаюцца краязнаўствам, з інтарэсам далучыліся да падрыхтоўкі:
— Медыцынскія інструменты мы ўзялі ў мясцовай бальніцы. Нашы педагогі высвятлялі, як правільна ўсё рабіць імі. Дзеці разбіраліся, што для чаго патрэбна. Нашы выхаванцы выконваюць ролі медыцынскіх работнікаў і параненых.
На “Прывале” сустракаем кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні мазырскай школы № 16 і аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства. Пошук” Уладзіміра Гімбута. Ён расказвае, што ў агульнатэматычнай канцэпцыі вучні дэманструюць, як ваенныя адпачываюць паміж баямі:
— Хтосьці зняў боты, хтосьці перамотвае анучы ці рамантуе гімнасцёрку. Нехта піша ліст дадому. Вось, бачыце, мы развялі вогнішча, павесілі кацялкі, у якіх варыцца каша. Адзін з салдат узяў у рукі баян і іграе знаёмую ваенную мелодыю. У нашым школьным музеі ўсё можна мацаць рукамі і нават адчуваць пах. Праз такія адчуванні перадаецца важная інфармацыя. Дзень пісьменства — гэта ж і дзень нашай гісторыі. Да нашых часоў захаваліся дзясяткі мільёнаў спраў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў архівах чакаюць сваіх даследчыкаў. Калі малады чалавек даведваецца пра свайго прадзеда, які быў героем, то ён гляне ў люстэрка і знойдзе ў сабе рысы свайго продка.
Між тым прадстаўнікам сярэдняй школы № 8 Рэчыцы даручана было накарміць усіх жадаючых сапраўднай кашай. Метадыст аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама Таццяна Пішчык гаворыць, што сярод дзяцей нават конкурс быў — столькі было жадаючых:
— Апошнім часам дзеці сталі бліжэй да тэмы патрыятызму — калі мы сталі паказваць больш фільмаў пра вайну, больш пра гэта расказваць. Мне нават здаецца, што дзеці ведаюць пра Вялікую Айчынную вайну больш, чым іх бацькі.
— Ведаеце, школьнікі захацелі праспяваць “Кацюшу” — словы хутка знайшлі ў інтэрнэце, — далучаецца да гутаркі пра выхаванне сучаснага пакалення дырэктар сярэдняй школы № 8 Інеса Шынгірэй.
Рэчы, якія яшчэ год назад знаходзіліся ў стыхійных брацкіх магілах, а цяпер сталі экспанатамі, дэманструе настаўнік гісторыі Гомельскага кадэцкага вучылішча Павел Дзенісенка. Ён разам з вучнямі прымаў удзел у нядаўніх раскопках у Чонкаўскім лесе, дзе былі расстраляны мірныя жыхары Гомеля:
— Сёння мы сюды прывезлі рэчы — доказы генацыду беларускага народа. Іх нам перадала пракуратура Гомельскага раёна. Экспанаты цяпер будуць захоўвацца ў музейным пакоі нашай установы. Тут зубныя шчоткі, грабеньчыкі, сцізорыкі, небяспечныя брытвы, кашалькі з грашыма, звязкі ключоў. Хутчэй за ўсё, людзям паведамілі, што іх будуць кудысьці перасяляць. Відавочна, што людзі планавалі вярнуцца дадому, але ж іх расстралялі і закапалі ў Чонкаўскім лесе. Можна датаваць гэты перыяд па знойдзеных савецкіх манетах 1940 года і нямецкіх — 1942-га.
Павел Уладзіміравіч гаворыць, што людзей, якія спыняюцца ля экспанатаў, часта цікавіць і лёс сваякоў, якія прапалі без вестак або загінулі. Такую інфармацыю настаўнік разам з вучнямі паспрабуюць знайсці. А пакуль яны запісваюць неабходныя звесткі ў спецыяльны сшытак-апытальнік.
На свяце беларускага пісьменства настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Добруша імя Ф.Я.Кухарава Алена Паўлючэнка разам з жадаючымі робіць закладкі для кніг. Побач ручнікі і абрусы з прабабулінага куфра. Педагог вучыць чытаць сімвалы на беларускай вышыўцы крыжыкам:
— Там жа нічога выпадковага няма. У сімвалах зашыфраваны тайны нашага народа, і іх можна прачытаць. Для майстар-класа мы выбралі пэўныя беларускія ўзоры, выцінанкі, раздрукавалі стараславянскія тэксты на састарэлай паперы. Дзеці самі робяць прыгожыя закладкі — я толькі накіроўваю. Увогуле ж, на ўроках мы знаёмім дзяцей з традыцыйнай беларускай тканінай — ільном. Так яны даведваюцца, чаму наша Беларусь называецца сінявокай. Хочацца, каб нашы дзеці цанілі тое, што ім дасталася ў спадчыну.
— Усе нашы тэматычныя пляцоўкі ў рамках Дня пісьменства пашыраюць далягляд, дэманструюць таленты і веды, даюць магчымасць іх прымножыць, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.
Кнігі з пахам фарбы
Маштабна была прадстаўлена пляцоўка Міністэрства адукацыі, якая аб’яднала педагагічную прэсу, вучэбна-педагагічнае выдавецтва, а таксама выдавецтвы ўстаноў вышэйшай адукацыі. Тут былі прэзентаваны падручнікі, выдадзеныя да новага навучальнага года, кнігі, прысвечаныя Году гістарычнай памяці.
Самыя новыя кнігі, якія яшчэ маюць пах друкарскай фарбы, прывёз на свята беларускага пісьменства дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Валянцін Навагродскі:
— “Гордасць за Беларусь” Сяргея Мусіенкі — гэта сумесны з Выдавецкім домам “Беларусь сёння” праект. Кніга змянілася па змесце і структуры. У ёй прыведзены новыя статыстычныя даныя. Яна будзе верным памочнікам педагогам пры рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Таксама прадстаўлю метадычны дапаможнік “Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які раскрывае сутнасць сістэмы адукацыі нашай краіны — ад дашкольнай да дадатковай адукацыі дарослых. Вось “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. 1 верасня ва УВА ўведзены новы прадмет — “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, і аўтарскі калектыў пад рэдакцыяй Ігара Марзалюка стварыў кнігу, якую мы прэзентуем.
Падчас свята ў старажытным Добрушы прайшоў гала-канцэрт Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Сёлета ў творчых чытаннях прынялі ўдзел амаль 15,5 тысячы юных прыхільнікаў літаратурнага слова з розных куткоў краіны. Сярод 30 пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапаў былі вызначаны 16 фіналістаў у чатырох узроставых катэгорыях. Дыпломы і памятныя падарункі ўручыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. Акрамя таго, кіраўнік галіновага ведамства сустрэўся з педагогамі, каб абмеркаваць змяненні, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі краіны.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.