22 сакавіка адзначаўся Сусветны дзень водных рэсурсаў — дзень тысяч беларускіх азёр, сотняў рэк, а таксама вялікай колькасці крыніц, якімі асабліва ганарыцца Гродзенская вобласць. Нездарма ва ўстановах адукацыі рэгіёна на працягу некалькіх гадоў праводзіцца конкурс “Крыніцы Гродзеншчыны”. Актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу з’яўляюцца настаўнікі і вучні Зэльвенскага раёна. Па-іншаму і не можа быць: прырода шчодра надзяліла гэтую зямлю крыніцамі і нібыта падказвае тэму даследавання. Чаму крынічную ваду называюць святой? Чаму яна смачнейшая за калодзежную? Што неабходна рабіць для таго, каб крыніцы заўсёды былі чыстымі? Адказ на гэтыя пытанні паспрабуем пачуць ад зэльвенскіх педагогаў, паслухаем таксама і ціхае булькатанне гаючай крынічнай вады.
Святое месца
З даўніх часоў беларусы лічаць крынічную ваду святой. І справа не толькі ў тым, што яна смачная, карысная, валодае лекавымі якасцямі. Проста на тым месцы, дзе згодна з паданнямі з’яўлялася Багародзіца, з-пад зямлі часта пачынаў прабівацца струменьчык чысцюткай сцюдзёнай вады. І як не назваць такую крыніцу святой, як не ўзвесці каля яе храм або капліцу? А яшчэ на месцы крыніц людзі стваралі калодзежы, ставілі крыжы, будавалі і ўласнае жытло. Сёння, калі імкліва забруджваюцца азёры і рэкі і можа ўзнікнуць дэфіцыт якаснай пітной вады, могуць дапамагчы крыніцы. А вось каб дачакацца такой дапамогі, нам неабходна ставіцца да іх, як да сапраўднай святыні. Добра, што ў Зэльвенскім раёне разумеюць гэта. Аднак у некаторых іншых мясцінах Беларусі ў выніку безгаспадарчай дзейнасці чалавека разбураюцца верхнія ваданосныя слаі глебы і колькасць крыніц змяншаецца, а настаўнікам і вучням даводзіцца кожную вясну збіраць на святым месцы пустыя пластмасавыя бутэлькі і брудную паперу.
Ідэальная ачыстка
Тое, што крынічная вада амаль заўсёды ідэальна чыстая, пацвярджае яе паходжанне. Як вядома, крыніца — гэта месца натуральнага выхаду падземных вод на паверхню зямлі. Перад тым, як пачаць свой шлях з высокага ўзгорку па лясным імху, усыпаным ігліцай, або па траве на лузе, вада прасочваецца праз дробны пясок і жвір, такім чынам праходзіць натуральную, практычна ідэальную ачыстку. А вось вада, што цячэ з-пад крана, у выніку ачысткі з дапамогай сучасных тэхналогій мяняе свой фізіка-хімічны склад і прыродную структуру. Таму яе цяжка назваць жывой, натуральнай. Да таго ж утрыманне жалеза ў такой вадзе ў некалькі разоў пераўзыходзіць адпаведныя паказчыкі крынічнай вады. Аднак і ў крынічнай вадзе колькасць нітратаў, нітрытаў, іншых хімічных рэчываў не заўсёды ў межах нормы. І прычынай гэтага ў першую чаргу з’яўляецца сельскагаспадарчая дзейнасць чалавека, у выніку якой на палях уносяцца хімічныя ўдабрэнні, што трапляюць у глебу і адпаведна ў крынічную ваду.
Арганалептычныя і хімічныя
Вучаніца 9 “Б” класа гімназіі № 1 Зэльвы Таццяна Славінская ў сваім праекце “Экалагічнае даследаванне крынічнай вады”, створаным пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі Святланы Мікалаеўны Войтка, асноўную ўвагу засяродзіла на лабараторных даследаваннях вады, што праводзіліся з дапамогай арганалептычных (вызначэнне празрыстасці вады, інтэнсіўнасці яе паху, вадароднага паказчыка, мутнасці, колернасці) і хімічных метадаў (знаходжанне катыёнаў жалеза, медзі, ртуці, вызначэнне нітратаў метадам А.Л.Рычкова, вызначэнне фенолаў, хларыд- і сульфат-іонаў). Напрыклад, для вызначэння колернасці вады вучаніца налівала ў бясколерную шкляную прабірку 10 мг крынічнай вады і параўноўвала з аналагічным слупком дыстыляванай вады. Колернасць выражала ў градусах. Пасля правядзення даследаванняў арганалептычнымі метадамі Таццяна вызначыла, што з трох даследуемых крыніц толькі ў адной, што каля вёскі Зенькаўцы, няма іонаў ртуці і фенолу. Ды і празрыстасць вады тут найбольшая, пах адсутнічае, мутнасць і колернасць знаходзяцца ў межах нормы, вадародны паказчык роўны прыкладна сямі. А вось для вызначэння колькасці нітратаў па метадзе А.Л.Рычкова (рыванольная рэакцыя) да 1 мл даследуемай вады дабаўлялася 2,2 мл фізіялагічнага раствору, потым бралася 2 мл прыгатаванага раствору, дабаўляўся 1 мл салянакіслага раствору рыванолу і крыху, на кончыку нажа, парашку цынку. Варта ведаць, што калі на працягу 3—5 хвілін жоўтая афарбоўка рыванолу знікне і ён афарбуецца ў бледна-ружовы колер, то гэта значыць, што ўтрыманне нітратаў у даследуемай вадзе пераўзыходзіць норму. Даследаванні хімічным метадам не выявілі іонаў ртуці і фенолу, а колькасць нітратаў аказалася роўнай 34,5 мг/дм3. Усе паказчыкі сведчаць пра тое, што хоць крынічная вада і прыгодная для піцця, аднак экалагічны стан даследуемых крыніц не зусім добры, паколькі яны падвяргаюцца ўздзеянню як натуральнага, так і антрапагеннага забруджвання.
— Вывучэннем крыніц я зацікавілася ў мінулым годзе, калі кіравала гуртком “Юны біёлаг”. Тады і прапанавала дзецям даследаваць крыніцы. Яны адразу пагадзіліся, паколькі тэма для іх новая, малараспрацаваная. Асабліва дзецям спадабаліся мае словы пра тое, што абавязкова пойдзем у паход. Доўга не чакаючы, мы паехалі на веласіпедах у вёску Івашкавічы да бабулі і дзядулі адной вучаніцы. Старажылы расказалі нам пра крыніцу ў ваколіцах вёскі, паказалі месцы, дзе струменіць вада, — гаворыць Святлана Мікалаеўна.
Хоць мясцовыя жыхары і да сённяшняга часу п’юць ваду з івашкавіцкай крыніцы, аднак вучні вырашылі праверыць яе хімічны склад. Для параўнання былі выбраны яшчэ дзве крыніцы, у тым ліку і зенькаўская, што з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. На жаль, ва ўмовах навучальнай установы можна было правесці толькі невялікую колькасць хімічных аналізаў, таму Святлана Мікалаеўна звярнулася за дапамогай да супрацоўнікаў раённай санэпідэмстанцыі, якія і вызначылі дакладнае ўтрыманне ў крынічнай вадзе хімічных элементаў.
На арганалептычных і хімічных метадах даследавання вады работа з крыніцамі для навучэнцаў зэльвенскай гімназіі не скончылася. У маі Святлана Мікалаеўна плануе з вучнямі 9 класа правесці добраўпарадкаванне крыніц.
— Спачатку неабходна прыбраць смецце, галіны, іголкі хваёвых дрэў, што засталіся пасля зімы. Потым трэба пачысціць бетоннае кольца, якое людзі ўставілі гадоў дзесяць таму каля івашкавіцкай крыніцы. Гэтага не варта было рабіць, паколькі бетонныя кольцы выклікаюць заіленне крыніц. Але кольца ўжо не прыбярэш, давядзецца чысціць ваду. Пасля плануем да кастрычніка праводзіць даследавані крыніц каля Холстава, Бярэжак і Ляснога возера на наяўнасць арганізмаў-біяіндыкатараў, — сказала настаўніца.
Цяглевіцкія даследчыкі
Другой работай з Зэльвенскага раёна, якая стала прызёрам конкурсу, з’яўляецца праект “Крыніцы Зэльвеншчыны”, створаны пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Валянціны Андрэеўны Захарка і дапамозе настаўніцы хіміі і біялогіі Людмілы Мікалаеўны Ігнацюк членамі гуртка “Экалогія”, што працуе ад Зэльвенскага раённага цэнтра пазашкольнай работы ў Цяглевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.
— У рамках раённага этапу абласнога конкурсу “Крыніцы Гродзеншчыны” мы пачалі даследаваць водныя аб’екты поймы ракі Сасва, а дакладней крыніцы, якія адметныя сваім геаграфічным становішчам. Вучні падзяліліся на дзве групы. Адна частка школьнікаў праводзіла геаграфічныя даследаванні, а другая пад кіраўніцтвам Людмілы Мікалаеўны вывучала хімічны склад вады, — сказала Валянціна Андрэеўна.
Падобныя даследаванні цяглевіцкія навучэнцы праводзяць разам з Людмілай Мікалаеўнай ужо не першы год па спецыяльна распрацаванай настаўніцай праграме. Гэта складаная праца і патрабуе пэўнай матэрыяльнай базы. На жаль, для самастойнага правядзення падрабязнага хімічнага аналізу крынічнай вады неабходна выкарыстоўваць вялікую колькасць розных рэактываў. Добра, што на дапамогу цяглевіцкай школе, як, дарэчы, і зэльвенскай гімназіі, прыйшлі супрацоўнікі раённай санэпідэмстанцыі. Цяглевіцкія вучні даследавалі ваду не толькі з крыніц, але і калодзежаў, рачулак, сажалак. Было вызначана, што вада ў некаторых калодзежах не прыдатная для піцця. Гурткоўцы правялі сярод мясцовых жыхароў тлумачальную работу і не рэкамендавалі ім ужываць гэтую ваду.
— Калі мы гаворым пра ваду, якую нельга піць, то маем на ўвазе ваду, якая ўтрымлівае павышаную колькасць нітратаў. Звычайна такое назіраецца ў нізкіх мясцінах. Калі мы даследавалі крыніцы, то прыйшлі да высновы, што чым далей крыніца знаходзіцца ад населеных пунктаў, ад гаспадарчых пабудоў, тым больш чыстая ў ёй вада. Пакуль мы вывучылі тры крыніцы і выстветлілі, што толькі ў адной з іх узровень хімічных элементаў знаходзіцца ў межах нормы. Чарговым аб’ектам даследавання стане крыніца ва ўрочышчы Горы, — сказала Валянціна Андрэеўна.
Смачная і гаючая
Нягледзячы на тое, што ў выніку дзейнасці чалавека крыніцы ўсё ж забруджваюцца, святая сцюдзёная вада і да сённяшняга часу з’яўляецца самай смачнай на свеце, а тое, што яна лепш за ўсе сучасныя разрэкламаваныя напоі праганяе смагу, асабліва ведаюць аматары падарожжаў. Калі на працягу спякотнага летняга дня даводзіцца ісці пехатой або ехаць на веласіпедзе з цяжкім рукзаком, калі прапацелую майку праз кожную гадзіну неабходна здымаць і выкручваць, то лепшым сродкам для надання моцы становіцца звычайная крынічная вада. Дастаткова ўсяго некалькі цудадзейных глыткоў — і тваё цела пакідае млявасць, яно набывае новыя сілы.
Чарговы раз у гэтым давялося пераканацца падчас паездкі на Зэльвеншчыну. Некалькі гадзін у аўтобусе, потым амаль штохвілінныя знаёмствы з настаўнікамі і вучнямі, размовы, пытанні, адказы… Журналісту ўсё гэта нельга не любіць, аднак нават самая цікавая і захапляльная камандзіроўка адбірае фізічныя сілы. Таму цудоўным падарункам у сонечны, па-сапраўднаму вясновы сакавіцкі дзень стала наведванне зенькаўскай крыніцы. Як запэўнілі настаўнікі, вада тут не проста смачная і гаючая, а лекавая, асабліва дапамагае пры хваробе вачэй. Мясцовыя старажылы нават апавядаюць такую гісторыю. Некалі, яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, каля крыніцы знаходзілася панская сядзіба. У тутэйшага гаспадара былі хворыя вочы, і з часам ён амаль цалкам аслеп. Тады людзі параілі пану схадзіць да крыніцы і прамыць вочы сцюдзёнай вадой. Памешчык так і зрабіў, і хвароба адступіла. Удзячны пан загадаў абгарадзіць крыніцу і лічыць яе святой. Тое месца добраўпарадкавана і цяпер: крыніца абкладзена каменьчыкамі, на яе месцы пабудавана альтанка-каплічка з крыжом на макаўцы і абразамі ўсярэдзіне. Для таго каб людзям было зручна набіраць ваду, прымацавана труба, праз якую і струменіць вада.
Кажуць, што вада з зенькаўскай крыніцы не толькі лечыць вочы, але і дапамагае пазбавіцца іншых хвароб. Для гэтага неабходна скінуць старое адзенне, акунуцца ў сцюдзёнай вадзе, а потым апрануць новае адзенне. Не ведаю, ці праўда гэта, аднак цяглевіцкія вучні вызначылі, што вада з крыніцы ўтрымлівае павышаную колькасць іонаў серабра. Але, думаю, не гэта з’яўляецца галоўнай прычынай цудадзейнасці крыніцы. Як вядома, для хворага чалавека, які не верыць у выздараўленне, нават самыя лепшыя лекі не прынясуць карысці, тут нават зенькаўская крыніца будзе бяссільная. Таму нездарма ў альтанцы-каплічцы знаходзяцца абразы, перад якімі варта памаліцца ад шчырага сэрца, тады крынічная вада сапраўды стане святой і цудадзейнай. Мясцовыя жыхары гавораць таксама, што зенькаўская крыніца пачала струменіць з-пад зямлі на свята Макавей, або Мядовы Спас. Чаму вада забруіла менавіта ў гэты дзень, ніхто дакладна не ведае, але сцвярджаюць, што 14 жніўня вада асабліва гаючая.
Планы на будучыню
У цяглевіцкіх настаўнікаў і вучняў шмат планаў па далейшым даследаванні крыніц. Так, падчас блуканняў па навакольных лясах школьнікі знайшлі месца, дзе з-пад зямлі бруіць вада. Каб даказаць, што гэта менавіта крыніца, неабходна вызначыць паходжанне вадатоку, бо вада можа выцякаць і з меліярацыйнага канала. Калі ж высветліцца, што гэта крыніца, яе абавязкова пашпартызуюць, даследуюць і дадуць ёй назву. Як сказала Валянціна Андрэеўна, назву крыніца атрымае зыходзячы з геаграфічнага становішча або ад слова, вытворнага ад прыметніка “сцюдзёны”.
Гаворачы пра конкурс “Крыніцы Гродзеншчыны”, хочацца яшчэ адзначыць, што ў вобласці былі пашпартызаваны 92 крыніцы, настаўнікі і вучні пры дапамозе мясцовых улад добраўпарадкавалі тэрыторыю 81 крыніцы. Напэўна, гэта прыкладная колькасць крыніц, што знаходзяцца ў адным толькі Зэльвенскім раёне. Проста людзі ведаюць пра невялікую іх частку, што знаходзіцца непадалёк ад вёсак. А колькі крыніц хаваецца ад людскога вока ў таемных лясных куточках, колькі страчана ў выніку маштабных меліярацыйных работ! Як сказала Святлана Мікалаеўна, у бліжэйшыя гады разам з вучнямі яна плануе даследаваць усе крыніцы Зэльвеншчыны і стварыць спецыяльную карту, на якой будзе пазначана кожнае месца, дзе з-пад зямлі ціха выбягае сцюдзёная гаючая вада.
Цудадзейныя глыткі
Калі ўжо на зваротным шляху адкаркаваў у аўтобусе бутэльку са звычайнай пітной негазаванай вадой і зрабіў некалькі глыткоў, то адразу ўзгадаў смак вады з зенькаўскай крыніцы. Куды там бутляванай вадзе, якая прайшла апрацоўку ультрафіялетам, раўняцца з крынічнай вадой, што прабіваецца на паверхню зямлі праз пясок і жвір, струменіць па лугавой траве і лясным імху! Вада з зенькаўскай крыніцы і цяпер недзе ціхенька булькоча па каменьчыках сярод узгоркаў і чакае гасцей, якія прыйдуць з добрымі думкамі і шчырай верай у тое, што ўсяго некалькі глыткоў святой вады дастаткова для таго, каб не толькі прагнаць смагу, вылечыць хваробу, але і пазбавіць душу ад незлічонай колькасці заганаў.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.