У Мінску праходзіць ХVIII Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. Асноўнай тэмай гэтага штогадовага форуму медыйшчыкаў стала развіццё беларускай прэсы ў сучасных тэхналагічных умовах.
Як і летась, і месца (сталічны Футбольны манеж на праспекце Пераможцаў), і час правядзення (22—25 красавіка) сёлета сталі агульнымі для двух мерапрыемстваў — выставы “СМІ ў Беларусі” і форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТИБО-2014”. І тут нельга сказаць, што нехта ў некага пад дахам. Як паведаміў нашаму карэспандэнту намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матусевіч, такі фармат абсалютна апраўданы, таму што сёння і інфармацыйныя тэхналогіі як такія, і ўласна сродкі масавай інфармацыі ўтвараюць адзіную прастору. Ён жа адзначыў, што на выставе “СМІ ў Беларусі” прадстаўлены ўвесь спектр масавай інфармацыі Беларусі: цэнтральныя і рэгіянальныя тэлеканалы, друкаваныя СМІ, у тым ліку тыя, што ўваходзяць у склад медыяхолдынгаў “Советская Белоруссия” і “Звязда”, шматлікія спецыялізаваныя выданні. Акрамя беларускіх СМІ, у выставе прымаюць удзел медыйныя выданні Расіі, Кітая, Індыі, Венесуэлы, Кубы і іншых краін. Спецыяльна на форум у беларускую сталіцу прыехалі кіраўнічыя асобы ў адпаведнай галіне з Казахстана і Літвы.
Уладзімір Матусевіч падкрэсліў, што арганізатары выставы “СМІ ў Беларусі” паклапаціліся пра тое, каб і самім медыйшчыкам не было сумна на форуме: для іх прадугледжана цікавая і насычаная прафесійная праграма, якая ўключае ў сябе тэматычныя семінары, прэс-дыскусіі, майстар-класы па актуальных праблемах сучаснай журналістыкі, звязаных найперш з асваеннем новых тэхналогій, працай у інтэрнэце і, у прыватнасці, сацыяльных сетках і інш. Асабліва важна, што ва ўсіх гэтых мерапрыемствах прымаюць удзел не толькі беларускія, але і замежныя спецыялісты ў сферы СМІ.
Адказваючы на канкрэтнае пытанне пра ролю “Настаўніцкай газеты” і іншых галіновых выданняў у агульнай інфармацыйнай палітыцы нашай краіны, Уладзімір Матусевіч адзначыў, што найстарэйшае адукацыйнае выданне адыгрывае вельмі важную ролю ў інфармацыйным забеспячэнні сваіх непасрэдных адрасатаў — педагогаў усіх катэгорый і спецыяльнасцей. “Я лічу, што ў “Настаўніцкай газеты” перспектыўная будычыня, таму што гэтае выданне аказвае вельмі значную метадычную і арганізацыйную дапамогу настаўнікам, а журналісты, якія працуюць у ім, імкнуцца працаваць якасна і на карысць менавіта сваёй аўдыторыі. І ўвогуле настаўнікі заўсёды былі і застаюцца адной з самых цікавых і ўдзячных аўдыторый для сродкаў масавай інфармацыі”, — сказаў намеснік міністра інфармацыі. На рытарычнае пытанне пра ролю журналістыкі ў будучыні і лёс прафесіі журналіста Уладзімір Матусевіч нешматзначна адказаў, што будучыня СМІ, у тым ліку друкаваных, заключаецца якраз у якаснай прафесійнай журналістыцы. Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў: “Безумоўна, у інтэрнэце мы маем агромністыя інфармацыйныя патокі, і інфармацыя там самая розная — і якасная, і няякасная. А ў традыцыйных сродках масавай інфармацыі ўсё-такі ў большай ступені прысутнічае прафесіяналізм, адказнасць журналіста за свае словы. А гэта заўсёды будзе мець попыт у аўдыторыі”.
Трэба заўважыць, што наш стэнд на выставе “СМІ ў Беларусі” — стэнд “Настаўніцкай газеты” — наўрад ці можна зблытаць з якім-небудзь іншым. З гасцінна расчыненымі “дзвярыма” і “вокнамі” ды шыльдай “Наша вялікая педагагічная сям’я запрашае!” ён больш нагадвае ўтульны домік ці, прынамсі, шапік, а не звычайны стэнд. А ўжо там наведвальнік зможа азнаёміцца з канкрэтнымі выданнямі, якія выходзяць “пад дахам” “Настаўніцкай”: і з самой “Настаўніцкай газетай”, і з часопісам “Народная асвета”, і з газетай “Переходный возраст” (для яе ўнутры “доміка” абсталявана нават спецыяльная школьная парта). Тут жа, натуральна, можна выйсці ў сеціва і атрымаць навігацыю па нэт-рэсурсах “Настаўніцкай газеты” і спадарожных ёй выданняў, па партале педагагічнай прэсы.
Акрамя таго, сёлета наведвальнікаў нашага стэнда чакае знаёмства з новым знакавым праектам Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — газетай для замяшчальных бацькоў “Домой!”. Гэтае выданне пачало выходзіць са студзеня 2014 года і ўжо дастаткова паспяхова сябе зарэкамендавала.
А яшчэ адна асаблівасць сёлетняй прысутнасці нашай газеты на выставе “СМІ ў Беларусі” — прэзентацыя пілотнага нумара дайджэста лепшых матэрыялаў “Настаўніцкай газеты” за тыдзень на рускай мове. Гэты праект у перспектыве павінен выйсці на расійскі медыярынак.
…Штогод, пішучы пра выставу “СМІ ў Беларусі”, шукаеш, думаеш над нейкай новай метафарай, якая б адлюстроўвала сутнасць гэтага форуму. Сёлета прыдумалася вось такое: струмень, гарачы, б’е ўверх, апякае ці наталяе… Словам, вы здагадаліся. Гейзер. Інфагейзер.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Наталлі АБЛАЖЭЙ, БелТА.