“Нашы дзеці”: новы рэкорд

- 7:20Інфармацыйная гадзіна

Безумоўна, дабрачынныя акцыі праводзяцца не дзеля рэкордаў, а дзеля шчырай падтрымкі і дапамогі тым, каму яна неабходна. І ўсё ж прыемна асэнсоўваць, што паступова дабрачынны рух у нашай краіне набывае ўсё больш прыхільнікаў, расце і шырыцца. Гэта ў поўнай меры тычыцца рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, вынікі якой былі падведзены днямі.

Ды і сама акцыя закончылася нядаўна, бо, хоць і лічыцца, што праводзілася яна сёлета з 9 снежня да 8 студзеня, на самай справе, як гэта традыцыйна здараецца, акцыя “Нашы дзеці” доўжылася да Старога Новага года. Хаця і гэта, канечне, не мяжа, бо дапамога дзецям — з’ява круглагадовая.

Што тычыцца непасрэдна 21-й рэспубліканскай акцыі, то, як расказаў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, за больш чым месяц удзельнікі акцыі сабралі сродкаў на рэкордную суму — 1 млн 180 тысяч дэнамінаваных рублёў. Гэта не толькі грошы, а і падарункі, напрыклад, неабходнае спартыўнае, вучэбнае і іншае абсталяванне.

— Мы даўно адышлі ад практыкі рабіць выключна салодкія падарункі, — заўважыў намеснік міністра. — Дзеці — і не толькі з інтэрнатных устаноў, а і з замяшчальных, мнагадзетных сем’яў, іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі — атрымалі самыя розныя падарункі, форм аказання дапамогі вельмі многа. Дарэчы, зараз 80% сірот у Беларусі выхоўваюцца не ў інтэрнатных установах, а якраз у замяшчальных сем’ях.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак было праведзена больш за 8 тысяч святочных мерапрыемстваў, асноўнае з іх — Галоўная ёлка краіны, гасцямі якой сталі больш за 2 тысячы малых. Усяго ж каля 980 тысяч дзяцей былі ўдзельнікамі сёлетняй акцыі, і гэта таксама рэкорд.

Пашыраецца і кола дабрачынцаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі — яно настолькі вялікае, што пералічыць усіх не ўяўляецца магчымым. Гэта і дзяржаўныя структуры — Беларуская чыгунка, сілавыя ведамствы, банкі, прадстаўнікі бізнесу, грамадскія аб’яднанні, напрыклад, прафсаюзы, Беларускі дзіцячы фонд, ГА “Свет без межаў”, і звычайныя грамадзяне — нераўнадушныя, спагадлівыя людзі.

— Такіх людзей сёлета было вельмі многа, — падкрэсліў Віктар Віктаравіч. — Яны таксама ўстанавілі пэўны рэкорд, калі ўдзельнічалі ў такім мерапрыемстве, як “Ёлка пажаданняў”, іншых падобных акцыях. Дакладную колькасць такіх дабрачынцаў назваць немагчыма. Людзі тэлефанавалі і на нашу гарачую лінію, і ва ўстановы адукацыі, пыталіся, чым можна дапамагчы, пералічвалі грошы і на рахункі ўстаноў, і на індывідуальныя рахункі, пры гэтым часта не жадалі абнародаваць свае імёны.

Нямала паспрыялі распаўсюджванню акцыі і сродкі масавай інфармацыі, лічыць намеснік міністра адукацыі. Тут, напэўна, рэкорды адлюстроўваюцца ў колькасці публікацый.

Таксама вырасла колькасць дзяцей, якія дапамагалі сваім равеснікам, а таксама тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія віншавалі са святам, выязджалі з канцэртамі да нашых пажылых суайчыннікаў. Так, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка ўзгадала пра тое, як выхаванцы цэнтра наведалі гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” у пасёлку Траскаўшчына ў Мінскім раёне і спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1 Мінска. Гэта, зразумела, акрамя мерапрыемстваў для дзяцей, напрыклад, традыцыйнага наведвання сацыяльна-педагагічнага цэнтра з сацыяльным прытулкам Ленінскага раёна сталіцы.

Дарэчы, з домам-інтэрнатам “Світанак” Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўжо нават распрацаваў праграму далейшага ўзаемадзеяння: наступная сустрэча жыхароў дома і выхаванцаў цэнтра пройдзе 23 лютага. Так што і сапраўды — акцыя заканчваецца, дапамога працягваецца.

Марына ХІДДЖАЗ.