«Нашы дзеці знаходзяцца ў надзейных руках»: у Мінску ўзнагародзілі лепшых педагогаў краіны

- 15:39Главная, Новости

Урачыстая цырымонія напярэдадні Дня настаўніка адбылася ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення развіцця сацыяльнай сферы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Красачка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец, міністр адукацыі Андрэй Іванец, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч.

У сваім выступленні міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў, што збіраць лепшых педагагічных работнікаў напярэдадні Дня настаўніка стала добрай традыцыяй. Уклад кожнага педагога, выхавальніка, памочніка выхавальніка дзіцячага сада вельмі важны, каб выхаваць грамадзяніна, падрыхтаваць спецыяліста і патрыёта краіны. 

Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь уручаюць Святлане Фляганавай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава

Міністр адукацыі паведаміў, што кожнае дзіця, незалежна ад таго, у якім населеным пункце пражывае, павінна мець роўны доступ да якаснай адукацыі на ўсіх узроўнях. І такі ж падыход для навучэнцаў, якія паступаюць у каледжы і ўніверсітэты.

— У нашай краіне сістэме адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага. Уся грамадскасць на Рэспубліканскім педагагічным савеце, які нядаўна прайшоў, бачыла, наколькі паглыбляецца ў сістэму адукацыі наш Прэзідэнт, наколькі дакладна акрэслена кола задач, якія сёння стаяць перад намі. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што работа настаўніка з’яўляецца важнай, адказнай і ганаровай, — заўважыў Андрэй Іванец. — Хацелася б пажадаць вам творчага натхнення, каб кожны з вас дасягнуў высокіх вяршынь і не спыняўся на дасягнутым, здароўя і дабрабыту. Калі ўсе гэтыя складнікі будуць разам, мы будзем абсалютна ўпэўнены, што нашы дзеці, пачынаючы з дзіцячага садка, школы, у каледжы і ва ўніверсітэце, установах сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі дарослых, знаходзяцца ў надзейных руках. Гэта значыць, у нашай краіны будзе вялікая светлая будучыня.

За шматгадовую плённую творчую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення 39 педагогаў былі адзначаны падзякамі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Старшыні Савета Рэспублікі, прэм’ер-міністра, ганаровымі граматамі Савета Міністраў, узнагародамі Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза.

Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны настаўнік фізічнай культуры і здароўя Добрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна Гомельскай вобласці Ігар Захараў, загадчыца дзіцячага садам аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна Ларыса Петрусёва і інш.

Падзяка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўручана настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай сярэдняй школы Наталлі Ярмак, нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” — настаўніку працоўнага навучання гімназіі № 6 Мінска Дзянісу Царэні і настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 19 Баранавіч Жанне Сакалоўскай

Уладальніца нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” настаўніца хіміі сярэдняй школы № 19 Баранавіч Брэсцкай вобласці Жанна Сакалоўская лічыць, што калі выбіраеш педагагічную прафесію, то трэба быць гатовым да таго, што ўсе дзеці, з якімі ты працуеш, сапраўды становяцца тваімі і што няма дзяцей, якіх нельга чаму-небудзь навучыць: кожнае дзіця па-свойму цікавае і таленавітае. Ды і да хіміі, якую выкладае педагог, кожны прыходзіць па-рознаму. Кагосьці захапляюць эксперыменты і доследы, кагосьці — цікавыя задачы, а камусьці хімія патрэбна для развіцця логікі і мыслення.

Настаўнік працоўнага навучання гімназіі № 6 Мінска Дзяніс Царэня таксама ўдастоены нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”. Навучэнцы педагога неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх этапаў алімпіяды. Дзяніс Валер’евіч з’яўляецца таксама кіраўніком інжынерна-тэхнічнага рэсурснага цэнтра, адкрытага на базе гімназіі. Навучэнцы, якія наведваюць заняткі ў цэнтры, паспяхова ўдзельнічаюць у розных конкурсах, турнірах. Летась на турніры па робататэхніцы яны занялі 1-е месца на гарадскім этапе і 3-е — на рэспубліканскім. Са сваімі праектамі вучні пад кіраўніцтвам настаўніка ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Так, сёлета яны прадстаўлялі свае напрацоўкі на гарадскім педагагічным форуме: праект навучэнца 9 класа “Вызваленне горада Мінска” (дыяраму, зробленую з перапрацаванага пластыку). Прычым прыстасаванне, якое перапрацоўвае пластыкавыя бутэлькі ў пластык для 3D-прынтара, зрабіў яшчэ адзін выхаванец настаўніка.

— Лічу, што педагогіка — гэта прызванне. Нездарма ж гавораць, што настаўнік — прафесія ад Бога, а ўсе астатнія — ад настаўніка, — гаворыць Дзяніс Царэня. — Я не думаў, што звяжу сваё жыццё са сферай адукацыі, а прыйшоўшы на практыку з інжынерна-педагагічнага факультэта БНТУ, пазнаёміўся з цудоўным чалавекам, якога прызначылі мне ў настаўнікі, — заслужаным настаўнікам Васілём Ільічом Баранам. Ён настолькі зацікавіў мяне прафесіяй, што працую ў гімназіі ўжо 24 гады. Калі ты ўзаемадзейнічаеш з маладымі людзьмі, ты сам адчуваеш сябе маладым: ўнікаеш у іх праблемы, ведаеш, якую музыку яны слухаюць, у якія гульні гуляюць, чым жывуць. І пражываеш тое ж жыццё, каб адпавядаць ім, бо час не стаіць на месцы.

Сярод узнагароджаных падзякай кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта — настаўнік фізікі і астраноміі Мікашэвіцкай гімназіі Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці Уладзімір Зылевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Наталля Ярмак.

Наталля Ярмак паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах. У мінулым навучальным годзе на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры дзесяцікласнік Яўген Трафімчык заваяваў дыплом ІІ ступені. Педагог лічыць, што галоўная місія настаўніка — выхаваць і выпусціць у жыццё дастойнага грамадзяніна нашай краіны.

 — За гады работы ў школе педагагічным крэда сталі словы, якія мне вельмі імпануюць: “Навекі з табой застанецца толькі тое, што ты аддаў іншым”, — зазначае педагог. — Ніколі не стаўлю сябе вышэй за дзяцей, імкнуся стаць з імі на адну прыступку — толькі ў такім выпадку адбываецца поўнае ўзаемаразуменне. Адкрытасць, шчырасць, прыняцце любых думак дзіцяці, бо кожная думка мае права на існаванне, — вось прынцыпы маёй работы.

Арцём Рыбак, дырэктар філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе“, узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”

Так, настаўнік — гэта прызванне, высакародная, важнейшая па сваёй сутнасці місія. Педагагічная праца, цярпенне, клопат і падтрымка дапамагаюць кожнаму дзіцяці раскрыць свае здольнасці, лепшыя чалавечыя якасці, набыць веды і духоўныя каштоўнасці, якія назаўсёды стануць надзейнай апорай у жыцці. Са святам, шаноўныя педагогі!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА