Настасся Каспяровіч пра свой прафесійны шлях: «Я выбрала яго ўслед за бабуляй і мамай»

- 13:07Первое рабочее место

Настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 2 Талачына імя М.П.Лугоўскага Настасся Каспяровіч пра свой прафесійны шлях: “Я выбрала яго ўслед за бабуляй і мамай. Вырашыла працягнуць дынастыю”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свой вектар

У дзяцінстве маленькай Насці падабаліся дзве пра­фесіі: міліцыянера і настаў­ніка. У сям’і, дзе тата — старшы оперупаўнаважаны, маёр МУС, а мама — педагог, якая ўжо 35 гадоў настаўнічае ў малодшых класах, гэта было заканамерна. Да таго ж перад вачыма школьніцы заўсёды быў прыклад бабулі Веры Якаўлеўны Каспяровіч, настаўніцы матэматыкі і фізікі з 45-гадовым стажам. Усвядомлены выбар прафесіі будучы педагог зрабіла ў 10 класе. І тады ж вызначылася, што хоча вучыць дзяцей замежнай мове.

— У школьныя гады мне вельмі падабаліся ўрокі англійскай мовы. Было цікава займацца рознымі даследчымі работамі, удзельнічаць у конкурсах, алімпіядным руху. Пасля заканчэння школы ў 2018 годзе я паступіла на факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, дзе асвоіла тры замежныя мовы. Асноўная — англійская, — расказвае малады педагог.

Студэнцкія гады, успаміны пра якія яркімі фарбамі адбіліся ў памяці, мая суразмоўніца называе чароўным часам, які падарыў шмат незабыўных момантаў, новых уражанняў і знаёмстваў.

— Кожны выкладчык стараўся знайсці да нас падыход, выкарыстоўваючы разнастайныя метады і формы навучання. На занятках мы глядзелі шмат фільмаў, спявалі, уступалі ў дыялогі на нечаканыя тэмы ў спантанных лакацыях, адпраўляліся на экскурсіі, — апісвае сваё студэнцтва Настасся Каспяровіч. — Акрамя замежных моў, адным з маіх любімых прадметаў было літаратуразнаўства. Атрыманыя навыкі і веды цяпер выкарыстоўваю як у рабоце, так і ў жыцці.

Упершыню новую для сябе ролю педагога студэнтка прымерала на 3 курсе падчас педагагічнай практыкі. У першыя гады вучобы практыкі былі перакладчыцкімі: адна праходзіла ва ўніверсітэце, другая — на заво­дзе, дзе трэба было перакладаць дзясяткі лістоў тэксту, звязанага з лагістыкай грузаперавозак.

Рыхтуючыся да практыкі ў школе, дзяўчына вельмі хвалявалася, разважаючы пра тое, што яе чакае, як сустрэнуць і прымуць вучні. Весці ўрокі ў старшых класах, дзе дзеці ўсяго на 5 гадоў маладзейшыя, а хлопчыкі на галаву вышэйшыя, студэнтцы-практыкантцы было крыху не па сабе, а вось на занятках у 5, 6 і 8 класах яна адчувала сябе нашмат камфортней і больш упэўнена.

— Кожны вечар я рыхтавала цікавыя заданні і з нецярпеннем чакала наступны дзень. Вельмі хутка зразумела, што не памылілася з выбарам прафесіі. Кожны дзень у школе быў напоўнены чымсьці новым: новыя тэмы ўрокаў, дыскусіі, конкурсы, мерапрыемствы. Здаецца, педагогу ніколі не можа стаць сумна і нецікава працаваць. Пасля праходжання практыкі я прыняла рашэнне, што, калі скончу вучобу, вярнуся працаваць у родную школу, дзе мяне ўжо чакалі, — гаворыць Настасся Каспяровіч.

Па прафесійнай сцежцы

Сёння Настасся Леанідаўна вучыць англійскай мове дзяцей з 2—10 класаў. Два гады назад пераступіўшы парог школы, выпускніца ўніверсітэта даволі хутка знайшла агульную мову са сваімі вучнямі. Для яе кожнае дзіця — цікавая і ўнікальная асоба. У кожным з іх яна імкнецца разгле­дзець нешта адметнае. Імкнучыся развіваць таленты сваіх падапечных, настаўніца пашырае і ўласныя гарызонты пазнання, натхняецца на ўдзел у розных конкурсах і праектах. Яна адзначае:

— Я стараюся павышаць свой узровень ведаў, хачу быць для вучняў прыкладам. Настаўнік вучыць, пакуль вучыцца сам. Каб адпавядаць сучасным патрабаванням, трэба пастаянна вучыцца і развівацца, самаадукоўвацца і рухацца толькі наперад. Акрамя вучобы, у пазаўрочны час мы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзім флэш-мобы, віктарыны, гульні, запісваем песні. Мне не трэба іх угаворваць, варта толькі прапанаваць — і вучні тут жа адгукаюцца. Свае шэдэўры мы ствараем разам. Адзіны мінус — недахоп часу. Хочацца паспрабаваць многае, паўдзельнічаць у мностве розных праектаў, але не заўсёды ўсё паспяваем, бо праект — гэта велізарная і карпатлівая праца.

Пакуль я малады спецыяліст, за мной замацаваны куратар, з якім магу параіцца па любым пытанні. Намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце дапамагаюць пры падрыхтоўцы да конкурсаў і даследчых праектаў, падказваюць, як лепш правесці адкрыты ўрок або тэматычнае мерапрыемства.

Да маладога, энергічнага, крэатыўнага, мэтанакіраванага і пазітыўнага педагога дзеці ахвотна цягнуцца. Захопленая сваёй справай, настаўніца запальвае ў вучнях любоў да прадмета, дае ім матывацыю атрымліваць новыя веды і навыкі. Адказваючы на пытанне, як ёй гэта ўдаецца, Настасся Леанідаўна гаворыць:

— Калі толькі прыйшла працаваць у школу, сама ў сябе пыталася, як зацікавіць выхаванцаў, чым напоўніць урокі, каб яны былі максімальна прадукцыйнымі. Вырашыўшы, што кожнаму вучню трэба ўдзяліць належную ўвагу, старалася пастаянна выкарыстоўваць розныя формы работы: парную, групавую, калектыўную, франтальную, індывідуальную. Паколькі ўсе дзеці любяць гуляць, танцаваць, спяваць і весяліцца, заўсёды прыўношу ва ўрок крыху фізічнай актыўнасці. На ўсіх паралелях, мы, напрыклад, спяваем па-англійску і танцуем.

Велізарную колькасць урокаў і заданняў педагог стварае на такіх платформах, як LearningApps, Wordwall, Joyteka. Крыжаванкі, віктарыны, квест-гульні, ментальныя карты, міні-праекты, ролевыя гульні, дыскусіі, дэбаты — усё гэта таксама робіць урокі насычанымі, займальнымі і эфектыўнымі. Дзякуючы выкарыстанню ІКТ, любы складаны граматычны матэрыял удаецца рас­тлумачыць хутка, лёгка і цікава.

— Практычна з кожным класам у мяне ёсць група ў сацсетках, дзе мы абмяркоўваем штосьці важнае, куды я адпраўляю дамашняе заданне. На ўроках часта працуем на платформах Kahoot або Quizlet, потым адпраўляю дзецям QR-код для замацавання лексікі і граматыкі, паўтарэння вывучанай тэмы. Да таго ж актыўна выкарыстоўваю відэа- і аўдыярэсурсы. Школьнікі любога ўзросту з цікавасцю глядзяць фрагменты мульт­фільмаў, серыялаў або фільмаў на англійскай мове, а затым мы выконваем загадзя падрыхтаваныя мной заданні. Так навучэнцы пачынаюць разумець і адрозніваць акцэнты замежнай мовы, вывучаюць новую лексіку, развіваюць навыкі аўдзіравання, маўлення і крытычнага мыслення, — дзеліцца сваім падыходам да навучання Настасся Леанідаўна.

Вопыт старэйшых і энергія маладосці

Сваім галоўным настаўнікам у жыцці педагог-пачатковец называе маму Веру Якаўлеўну Каспяровіч, з якой яны могуць га­дзінамі абмяркоўваць работу, раіцца, прыдумляць нейкія эксперыментальныя фішкі, элементы шоу. Зрэшты, гэта той выпадак, калі шматгадовы вопыт старэйшага пакалення ўдала міксуецца з энергіяй і тэхналагічнымі ведамі маладосці.

— Мама дзеліцца са мной сваім бачаннем пабудовы эфектыўнага вучэбнага працэсу на ўроку, а я дапамагаю ёй асвоіць ІКТ, вучу ствараць гульні і прымяняць іх на занятках. Калі мама ўдзельнічала з вучнем 2 класа ў даследчым праекце “З мінулага ў сучаснасць. Арнамент маёй сям’і”, я ёй дапамагала з афармленнем работы. У выніку гэтае даследаванне заняло 1-е месца ў абласным конкурсе даследчых работ “Вернісаж”. Для мяне набыты вопыт стаў стымулам пры­няць удзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Мая работа ў намінацыі “Інтэрактыўны плакат”, якую я стварыла на платформе Genially, была адзначана дыпломам II ступені.

За пакуль непрацяглы час работы ў школе малады педагог засвоіла, што толькі ад яе зале­жыць ступень зацікаўленасці вучняў прадметам. Таму заўсёды імкнецца ствараць на ўроках сяброўскую і даверлівую атмасферу, ро­біць усё неабходнае, каб навучэнцы адчувалі сябе камфортна, не баяліся выказ­ваць сваё меркаванне. Настаўнік не стамляецца нагадваць падапечным, што не трэба баяцца памыліцца і што яна заўсёды дапаможа выправіць памылку. А яшчэ малады педагог упэўнена, што важна паважаць асабістую прастору вучня, але пры гэтым заставацца чалавекам, здольным да суперажывання, быць памочнікам для дзіцяці.

Марына КУНЯЎСКАЯ