Настаўніцтва — у спадчыну

Антон Гін — невыпадковы чалавек у педагогіцы. Гэтая прафесія была яму наканавана бацькамі, вядомымі педагогамі і аўтарамі шматлікіх кніг і дапаможнікаў па ТРВЗ-тэхналогіі Святланай Іванаўнай і Анатолем Аляксандравічам Гін. Нягледзячы на спадчыннасць, Антон Анатольевіч шукае свой шлях з такім жа натхненнем і ўпартасцю, як і яго бацькі. Другі год ён працуе настаўнікам пачатковых класаў у школе вёскі Малейкі, якая знаходзіцца ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Маладому настаўніку няпроста, але педагогіка — яго стыхія.

“Я, як вы ведаеце, з мнагадзетнай сям’і. У мяне ёсць тры старэйшыя сястры, але ні адна з іх у педагогіку не пайшла. А я з 4—5 класа пачаў прыходзіць да мамы ў дзіцячы сад і дапамагаць ёй. Удзельнічаў у самых розных пастаноўках, дзе выконваў самыя розныя ролі, напрыклад, Бураціна. У 9 класе задумаўся, куды паступаць, бо школу, як гэта ні парадаксальна, не вельмі любіў”, — пачаў нашу размову Антон Гін.

На той момант у яго было два захапленні — кулінарыя і педагогіка. Перамагла педагогіка, а кулінарыя стала жыццёвым захапленнем і дадатковым прадметам гутаркі з вучнямі. Пасля 9 класа Антон Анатольевіч паступіў у Гомельскі педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. Цяпер чатыры гады навучання ў ім успамінае толькі з удзячнасцю. Яны пакінулі выключна пазітыўны след у яго душы. “Калі з прадметным навучаннем не заўсёды атрымлівалася, то за розныя практыкі, калі адбывалася ўзаемадзеянне з дзецьмі, атрымліваў самыя высокія балы. Напрыклад, заняў першае месца ў конкурсе каледжа “Мая прафесія — педагог”, падчас якога праводзіў адкрыты ўрок, урок на сцэне, рабіў тэставыя заданні”, — працягваў Антон Гін.

А затым прызнаецца, што калі б не ха­дзіў дапамагаць маме ў дзіцячы садок, а затым не дапамагаў бы ёй у школе, то яму і ў галаву не прыйшло б выбіраць прафесію настаўніка, тым больш пры тых адносінах, якія ў яго скалаліся са школай, у якой вучыўся. “Але, як гаворыцца, хочаш зрабіць гэта добра — зрабі сам. Цяпер я працую і завочна вучуся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка”, — рэзюмаваў малады настаўнік.

* * *

У Малейкаўскую школу Антон Ана­тольевіч быў размеркаваны пасля заканчэння каледжа. Другі год запар ён працуе ў 4-х класах. Сёння, па словах маладога спецыяліста, ён адчувае сябе куды лепш, чым на самым пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці. Цяпер з усмешкай успамінае пра тое, як хваляваўся на першай лінейцы: “Пасля лінейкі я павінен быў правесці класную гадзіну, але не ведаў, у які кабінет мне ісці. Дзеці імгненна разбегліся, а я стаяў разгублены. Канечне, усё закончылася добра, але ў памяці захавалася адчуванне той разгубленасці”.

Антон Анатольевіч даволі хутка знайшоў паразуменне са сваімі вучнямі. А на другім годзе работы ў 4 класе пачаў адчуваць сябе яшчэ больш упэўнена. Малейкаўская школа невялікая: у ёй вучацца 180 дзяцей. Усіх, як гаворыцца, бачна, і мінулагоднія трэцякласнікі, калі да іх прыйшоў Антон Анатольевіч, ужо ведалі яго, таму прыязныя адносіны склаліся адразу. Малады настаўнік ім падабаецца. Яго ўрокі вельмі жывыя і эмацыянальныя. Дзеці разам са сваім педагогам за 45 хвілін пражываюць цэлае жыццё.

Сам педагог характарызуе сябе як даволі імпульсіўнага і адкрытага да творчасці настаўніка, але гэта зусім не азначае, што да ўрокаў ён не рыхтуецца. Антон Анатольевіч, як і ўсе настаўнікі, піша планы-канспекты. Адзінае, па яго меркаванні, падрабязны план-канспект патрэбен толькі для адкрытага ўрока, з вялікай колькасцю інфармацыі, каб нічога не забыць.

“Калі гэта традыцыйны ўрок, то такі падрабязны план-канспект не вельмі рэнтабельны, бо, калі ты пастаянна туды заглядваеш, урок не атрымаецца. Твой розум будзе заняты выключна тымі пунктамі, якія прапісаны ў плане. А на ўроку павінна адбывацца натуральная гаворка, а не шаблонная. Настаўніку неабходна быць мабільным. Мае першыя планы-канспекты былі вельмі падрабязныя. Я выконваў кожнае заданне. Затым пачаў у іх пазначаць толькі заданні з рашэннямі і месца фізкультхвілінкі. Зместавае напаўненне ўрока адбываецца па яго ходзе. Я дастаткова начытаны чалавек (яшчэ ён піша вершы.Заўв.аўт.), што вельмі мне дапамагае”, — расказаў Антон Анатольевіч.

Сапраўды, жывая гаворка з дзецьмі ў яго атрымліваецца куды больш прадукцыйнай, чым строгае выкананне пунктаў плана-канспекта. Напрыклад, не так даўно на ўроку матэматыкі адбылася такая гісторыя. “Цяпер па матэматыцы мы праходзім дзяленне мнагазначных лічбаў на адзназначныя. І вось хлопчык на дошцы імкнецца рашыць прыклад — падзяліць 4844 на 2, але ў яго нічога не атрымліваецца. Астатнія дзеці ў класе, гледзячы на яго цяжкасці, гавораць яму: “Глядзі: 4:2 — гэта твая адзнака за ўчарашнюю кантрольную, а 8:2 — гэта тое, што за кантрольную атрымала Каця”. Ён адразу ўсё ўспомніў, прадэманстраваўшы наяўнасць асацыятыўнай памяці, і мы разам рашылі гэты прыклад да канца”, — расказаў настаўнік, засяродзіўшыся на тым, што такое вырашэнне праблемы — ініцыятыва саміх дзяцей, якую ён толькі падтрымаў.

Дзеці Антону Анатольевічу давяраюць, што вельмі важна. Яны з ахвотай дзеляцца з ім, а ён — з імі, што спрыяе ўсталяванню даверлівай атмасферы на ўроку. Маладому педагогу ўдаецца ўтрымліваць увагу сваіх вучняў дзякуючы адкрытасці і шырокаму кругагляду. Ён не сварыцца на іх за празмерную актыўнасць і эмацыянальнасць, бо і сам увесь час у руху і з эмоцыямі. Разам з тым субардынацыя паміж імі захоўваецца, часам яго чацвёртакласнікі атрымліваюць заўвагі. Пэўныя межы ўсё ж існуюць. Эмацыянальная актыўнасць павінна насіць пазнавальны характар.

* * *

Працягваючы тэму эмоцый, мы загаварылі пра набалелае ў пачатковай школе — адзнакі, якія могуць радаваць або засмучаць. “Калі дзіця атрымлівае “двойку”, то засмучаецца не ад того, што не ведае, а ад таго, што бацькі будуць сварыцца. Нашы баць­кі лічаць, што поспех дзіцяці напрамую залежыць ад яго адзнак. Калі я вучыўся ў школе, а затым у каледжы, мае бацькі ніколі не сварыліся на мяне з-за адзнак. Увогуле, я не прыхільнік адзнак у пачатковай школе, бо яны выклікаюць шмат стрэсавых эмоцый у дзяцей. Здараюцца нават істэрыкі, калі для супакаення даводзіцца даваць валяр’янку. Бывае, дзіця за кантрольную атрымае “шасцёрку” і застаецца задаволеным. Вышэй за сваю галаву не скокнеш, а бацькі лі­чаць, што іх сыны ці дочкі вельмі здольныя для такіх скачкоў. Адзнакі — эмацыянальны цяжар для дзяцей, асабліва на фоне іх агульнай нагрузкі, у якую, акрамя школьных заняткаў, уваходзяць і дадатковыя.

Акрамя таго, адзнакі іншы раз выкарыстоўваюцца для пакарання за дрэнныя паводзіны на ўроку. Але ж дзіця паводзіць сябе не так, як трэба, калі яму сумна і нецікава. Я ніколі не выказваю незадаволенасці адзнакамі сваіх вучняў. Я засмучаюся, калі яны непадрыхтаваны да ўрока, а калі яны імкнуцца да ведаў, няхай і не зусім паспяхова, заўсёды хвалю. Нават за самы маленькі прагрэс. Думаю, бацькам трэба рабіць тое ж самае. Яны павінны матываваць сваіх дзяцей на поспех, а не дакараць за дрэнныя адзнакі.

Калі я паступаў у каледж, то дыктант напісаў на “дзясятку” толькі таму, што шмат чытаў. А скончыў каледж не з самай высокай сярэдняй адзнакай па рускай мове, бо трэба было расказваць розныя правілы, дзе і як што выкарыстоўваецца, а гэта для мяне праблема. Разам з тым пішу пісьменна і расказваю сваім вучням сваю гісторыю, каб яны разумелі, што паміж жыццёвым, прафесійным поспехам і адзнакай залежнасці не існуе”, — адзначыў Антон Анатольевіч.

* * *

На працягу нашай гаворкі мне ўвесь час хацелася спытаць пра тое, як жа майго суразмоўцу, такога шчырага на эмоцыі і са сваімі поглядамі на педагогіку, успрынялі калегі — дарослыя і вопытныя настаўнікі Малейкаўскай школы. “На пачатку да мяне ставіліся з пэўнай доляй іроніі. Я ж такі малады, усё ведаю, мне, як гавораць, мора па калена, усе праблемы пад сілу. Акрамя таго, спачатку ў мяне было даволі ідэалістычнае ўяўленне пра настаўніка, якому я імкнуўся адпавядаць. Пасля зразумеў, што настаўнікі таксама людзі, са сваімі звычкамі і праблемамі. Мы не можам увесь час быць у дзелавым касцюме. Нам таксама хочацца пераключыцца на іншыя справы, пасмяяцца, пачытаць свае любімыя кнігі або паглядзець кіно.

Цяпер стаўленне калег да мяне палепшылася. Я шмат зразумеў, акрамя таго, прадэманстраваў нядрэнныя вынікі ў рабоце. Нашы адносіны сталі не такімі фармальнымі. І дырэктар школы, і яго намеснікі адзначаюць, што за два гады работы я вельмі пасталеў”, — падзяліўся Антон Анатольевіч.

* * *

Безумоўна, каб рухацца і развівацца ў педагогіцы, трэба ўвесь час вучыцца. І тут вельмі дарэчы звярнуцца да шматлікіх метадычных распрацовак сваіх бацькоў. Цяпер Антон Анатольевіч пры падрыхтоўцы да ўрокаў кіруецца метадычкай маці, а Святлана Іванаўна, як вядома, для настаўнікаў піша многа. Акрамя ўрокаў, малады настаўнік вядзе факультатыў “Свет логікі”, які таксама заснаваны на аднайменнай кнізе Святланы Іванаўны Гін. У сваёй рабоце Антон карыстаецца і навукова-педагагічнымі здабыткамі бацькі. Думаю, многія знаёмы з яго кнігай “Прыёмы педагагічнай тэхнікі”.

“Шмат ідэй з кніг бацькоў бяру для правядзення класнай гадзіны (напрыклад, дзе можна выкарыстоўваць сашчэпку?). Некаторыя задачы даю дзецям на ўроках, магу задаць раптоўнае пытанне. Яшчэ чакаю семінара ў Маскве, каб стаць ТРВЗ-педагогам. Нядаўна адкрыўся сайт, дзе даюцца задачы для развіцця крэатыўнасці, якія я з задавальненнем рашаю”, — паведаміў малады настаўнік.

Антон Гін — мэтанакіраваны чалавек. Галоўная яго мэта — працаваць у школе. Ужо цяпер ён цікавы дзецям настаўнік, які пазіцыянуе сябе не проста педагогам, але і старэйшым братам. Антон Анатольевіч падтрымлівае са сваімі навучэнцамі зносіны і ў сацыяльных сетках. Па яго меркаванні, гэта важна, асабліва ў святле апошніх навін пра падлеткавыя суіцыды.

Акрамя таго, малады настаўнік вядзе тэатральны гурток. Сцэнка, пастаўленая перад Новым годам, мела поспех. У планах — зрабіць яшчэ адну пастаноўку да лета. А цяпер ён разам са сваімі калегамі рыхтуе трэцякласніцу сваёй школы да абласнога конкурсу, які праводзіцца пры ўдзе­ле МНС. “У настаўнікаў, акрамя ўрокаў, шмат розных спраў. Мы рыхтуем прадметныя тыдні, розныя святы, конкурсы. Вы ж разумееце, што тыя гадзіны, якія прапісаны ў акладзе, гэта далёка не ўсё, што мы адпрацоўваем.

Напрыклад, каб зрабіць касцюм для дзіцяці, трэба патраціць не адну гадзіну. Наша трэцякласніца на конкурсе будзе запалкай, а я — запалкавым пачкам (буду выводзіць яе на сцэну, каб падтрымаць). Каб змайстраваць добры касцюм, трэба было не толькі пачак падыходзячага памеру знайсці, але яшчэ і абклеіць яго, зрабіць стылізаваны малюнак” , — расказаў Антон Анатольевіч.

Парадавала, што гаварылася пра ўсё гэта з энтузіязмам. Канечне, Антон Гін — малады і натхнёны, але ўжо загартаваны. І найперш сваёй маці Святланай Іванаўнай, якая яшчэ ў дзіцячым садку свайму сыну-пяцікласніку прадэманстравала радасць ад работы з дзецьмі. Тыя адчуванні радасці і эмацыянальнага ўздыму трывала заселі ў душы Антона. Ён разумее, што педагогіка — няпростая навука, яна нясе не толькі пазітыўныя эмоцыі, але і расчараванні, пакуты. Але ён здольны іх пераадольваць і рухацца далей. Мне падалося, што яму перадалася энергетыка яго маці, яе прага да самаўдасканалення дзеля сваіх вучняў.

Антон, як тыя чацвёртакласнікі на ўроку матэматыкі, атрымлівае вялікае задавальненне ад рэшанай педагагічнай задачы, бо гэта дапамагае ўзняцца на прыступку вышэй. Ён любіць назіраць за захопленымі вучнямі, прычым не важна, на якім уроку — матэматыцы, рускай мове ці працоўным навучанні. Галоўнае, каб яны нечаму вучыліся і рабілі гэта з натхненнем. А на ўроках Антона Анатольевіча творчы ўздым гарантаваны, бо ён, як і яго вучні, жывы і непасрэдны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *