У гэтым пераканана пераможца раённага этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Камянца Вольга Вітальеўна Шурко.

“Прафесійнае спаборніцтва — гэта выпрабаванне на трываласць, пошук новых педагагічных ідэй і знаходак, а значыць, абагачэнне новымі ведамі, выхад на новы этап развіцця”, — лічыць малады педагог.
За поспехам В.В.Шурко — вялікая праца, бяссонныя ночы і хвалюючае чаканне вынікаў. Вольга Вітальеўна паспяхова прайшла 3 конкурсныя выпрабаванні: творчую самапрэзентацыю, адкрыты ўрок у знаёмым класе і матывацыйны відэаролік “Чаму я вырашыў(ла) стаць настаўнікам?”.
Педагагічны стаж В.В.Шурко — амаль 2 гады, але гэтага аказалася дастаткова, каб ужо сцвердзіцца ў прафесіі, у якую яна прыйшла свядома: з дзяцінства марыла працаваць з дзецьмі.
“Спачатку вельмі хвалявалася і перажывала, — прызнаецца педагог, — але ў калектыве адразу адчула падтрымку. Асабліва ўдзячна майму куратару Таццяне Яўгенаўне Маеўскай за каштоўныя веды і высокае педмайстэрства, якімі яна ахвотна дзеліцца са мной”.
Важную ролю ў прафесійным станаўленні маладога спецыяліста адыграла таксама загадчыца Камянецкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Надзея Уладзіміраўна Кірылюк. Якасная метадычная падтрымка і добрыя словы дапамаглі Вользе Вітальеўне ўсвядоміць, што яна на правільным шляху і што ў настаўніцкай прафесіі трэба пастаянна самаўдасканальвацца і развівацца.
“У маёй рабоце шмат цяжкасцей, але я адчуваю ад яе маральнае задавальненне, зарад энергіі для руху наперад, — гаворыць В.В.Шурко. — У прафесіі не расчаравалася. З радасцю вучу сваіх выхаванцаў і вучуся з імі сама. Дзень за днём разам ідзём па краіне ведаў і адкрываем новыя гарызонты. Акрамя навучання навыкам чытання і пісьма, складання і аднімання, знаёмства з навакольным светам, імкнуся выхоўваць у дзяцей важныя маральныя якасці і талерантныя адносіны да іншых, уменне ўзаемадзейнічаць у калектыве, слухаць і чуць іншых”.
В.В.Шурко ўдзячна бацькам вучняў за супрацоўніцтва і разуменне таго, што толькі разам можна навучыць дзяцей верыць у сябе і свае сілы, бачыць прыгажосць навокал, жыць сярод лю-
дзей, раскрываць таленты кожнага. Настаўніца імкнецца апраўдаць давер мам і татаў і забяспечыць станоўчую атмасферу ў класным калектыве.
“Хачу стаць прафесіяналам сваёй справы і не падвесці тых, хто ў мяне паверыў, — адзначае Вольга Вітальеўна. — Імкнуся знайсці адказы на галоўныя пытанні настаўніцкага жыцця: “Як разгледзець у дзецях задаткі, якія ператворацца ў таленты?”, “Як не пакрыўдзіць?”, “Як знайсці для кожнага дзіцяці неабходныя словы?” і інш. Лічу, што адолець можна ўсё. Галоўнае — не спыняцца. А ўдзел у конкурсе дазволіў зрабіць яшчэ адзін крок наперад”.
Вольга Вітальеўна — творчы, ініцыятыўны, добразычлівы і працавіты педагог. Хочацца спадзявацца, што яе аптымізм і імкненне да самаўдасканалення, з якімі яна сёння працуе, не знікнуць з часам.
Святлана ШКАРАНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Камянца.





