Інклюзія не толькі прадугледжвае даступнасць адукацыі для ўсіх дзяцей, але і забяспечвае доступ да яе хлопчыкам і дзяўчынкам з АПФР. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнік-дэфектолаг Вольга Гнядзько з Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна лічыць, што кожнае дзіця — унікальная асоба, якая, нягледзячы на асаблівасці развіцця, мае роўныя адукацыйныя правы і можа атрымаць неабходныя сацыяльныя і працоўныя навыкі.
— На жаль, колькасць дзяцей з АПФР з году ў год павялічваецца, — гаворыць Вольга Васільеўна. — Актуальная тэма інклюзіі даволі падрабязна асвятляецца ў СМІ, але ўстановы адукацыі сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі пры яе рэалізацыі на практыцы. Засмучае, што бацькі здаровых дзяцей па-ранейшаму не гатовы прымаць асаблівых равеснікаў побач з імі. І нават сярод педагогаў сустракаюцца тыя, хто маральна не гатовы да цяжкасцей і адказнасці ў рабоце з дзецьмі з АПФР.
Каб шырэй раскрыць тэму інклюзіі і зрабіць яе больш зразумелай, у дашкольнай установе прапануюць на бацькоўскіх сходах і педагагічных нарадах паўдзельнічаць у камунікацыйнай гульні “Калі б я быў на чыімсьці месцы…”.
— Думаю, кожны з нас калі-небудзь, гледзячы на дом з мноствам вокнаў, думаў над тым, што адбываецца за імі, — працягвае Вольга Гнядзько. — Можна штодзень праходзіць міма нейкага дома і не здагадвацца пра клопаты яго жыхароў: хтосьці ажаніўся і чакае прыбаўлення ў сям’і, а хтосьці заўтра аддасць свайго першынца ў дзіцячы сад… За кожным акном — асаблівае жыццё.
Камунікацыйная гульня дазваляе стварыць сітуацыю, нібыта яе ўдзельнікі проста назіраюць за кімсьці праз акно. Педагогі прапануюць ім уявіць абстрактную сям’ю ці незнаёмцаў, якія жывуць у іншым горадзе, выдуманых мужчыну і жанчыну, а затым уявіць сябе на іх месцы, у тым ліку ў розных сітуацыях. У выніку гульцы паступова паглыбляюцца ў рэчаіснасць сям’і з асаблівым дзіцем.
— Дзякуючы такой форме работы, мы заклікаем бацькоў нашых выхаванцаў і калег задумацца над тым, што ніхто не можа выбраць сабе такое дзіця, якое б ім хацелася. У гэтым людзі пазбаўлены права выбару. І нават цудоўная генетыка і здаровы лад жыцця не заўсёды штосьці вырашаюць. Таму імкнёмся даходліва растлумачыць на практыцы, якія пачуцці могуць адчуваць людзі, сутыкнуўшыся з асаблівым дзіцем, і ў якой ступені сем’і з ім маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе іншых, — заўважае Вольга Гнядзько.
Падчас гульні арганізатары даносяць шэраг важных прынцыпаў: “Кожны чалавек здольны адчуваць і думаць”, “Каштоўнасць кожнага не залежыць ад яго здольнасцей і дасягненняў”, “Усе людзі маюць патрэбу адно ў адным”, “У грамадскім жыцці ўдзельнічаюць самыя розныя людзі, і ніводны з іх, незалежна ад знешнасці, фізічных даных і стану здароўя, не адчувае сябе абдзеленым і непаўнацэнным”.
Пінкавіцкіх педагогаў аб’ядноўваюць любоў да дзяцей і жаданне зрабіць іх шчаслівымі, нягледзячы на асаблівыя патрэбы некаторых. З улікам гэтага будуецца ўся работа з дашкольнікамі, у тым ліку карэкцыйна-псіхалагічная, якая дапамагае ім адаптавацца ў соцыуме, асвоіць сацыяльныя ролі і навучыцца адэкватна ацэньваць уласныя магчымасці.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ