Настаўнік геаграфіі мнагадзетны бацька Іван Барташук: што зрабіць, каб сын у тры гады ведаў сцягі 50 краін

- 16:16Я.Мы.Социум

Мнагадзетны бацька настаўнік геаграфіі Олтушскай сярэдняй школы Іван Барташук расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра тое, як настаўніцкі вопыт дапамагае ў бацькоўстве і што зрабіць, каб сын у тры гады ведаў сцягі 50 краін свету.

Да карты празфутбол

Іван Іванавіч — карэнны жыхар Маларытчыны, тут жыве ўжо некалькі пакаленняў яго сям’і. Родам ён з вёскі Заазёрная. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна ўладкаваўся на працу ў школу ў суседнім аграгарадку Олтуш. Выкладае тут геаграфію і працоўнае навучанне, а таксама прывівае дзецям навыкі тэхнічнай працы ў Арэхаўскай школе. У мінулым го­дзе атрымаў вышэйшую кваліфі­кацыйную катэгорыю.

— Да мяне педагогаў у сям’і не было. У тым, што я выбраў гэты прафесійны шлях, вялікая заслуга майго школьнага настаўніка геаграфіі Вадзіма Паўлавіча Шпетнага, дарэчы, пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2001”. На яго ўроках заўсёды было вельмі цікава, а пасля заняткаў ён вёў турыстычны гурток, гуляў разам з намі ў футбол, хакей, — успамінае суразмоўнік. — Я неаднаразова ўдзельнічаў у алімпіядах па геаграфіі раённага і абласнога ўзроўняў. У той год, калі паступаў ва ўніверсітэт, на маю спецыяльнасць быў вялікі конкурс. Але Вадзім Паўлавіч мяне не адгаворваў, наадварот, падбадзёрыў і сказаў: “Спрабуй!” І ўсё атрыма­лася.

У Олтушскай школе Іван Барташук працуе ўжо 16 гадоў. Ён імк­нецца, каб базавыя веды па геаграфіі добра засвоіў кожны вучань незалежна ад таго, якую прафесію ён выбера ў будучыні. Для гэтага педагог выкарыстоўвае не толькі традыцыйныя метады навучання — ён шукае, эксперыментуе. Напрыклад, палітычную карту свету прапаноўвае вывучаць у тым ліку праз футбол, якім вельмі захапляюцца дзеці.

— Кожны хлопец ведае каманду “Мілан”, але не кожны — горад Мілан у Італіі. Калі сказаць пра гэта, дзеці з лёгкасцю запамінаюць. Далей пытаюцца: “А Ювентус таксама горад?” Тлумачу, што не, каманда “Ювентус” з горада Турын. Так за адну нітачку пацягнеш, за другую — і нават у самых нематываваных вучняў фарміруецца пэўная база ведаў, якія застануцца ў памяці надоўга, — расказвае настаўнік.

З поўнай самааддачай педагог выкладае і працоўнае навучанне. Ёсць вучні, якім мінімальныя навыкі прывілі дома іх бацькі, але нямала і тых, каго даводзіцца вучыць з нуля, нават пераадольваць іх страх перад інструментамі. У педагога ўжо напрацаваны правераны арсенал метадаў, якія дазваляюць абудзіць у будучых гаспадароў здаровы працоўны азарт. Настаўніка радуе і ціка­васць з боку дзяўчынак да спраў, якія традыцыйна лічыліся мужчынскімі. Педагог з усмешкай адзначае, што за дзве гадзіны заняткаў яны хочуць навучыцца і пілаваць, і круціць, і шмат чаго яшчэ. І ён з задавальненнем ім у гэтым дапамагае.

Іван Барташук заўсёды знаходзіць час і для сацыяльна значных спраў. Падчас рэканструкцыі школьнага музея ён шмат зрабіў для экспазіцыі сваімі рукамі. Для мясцовага лясніцтва разам з дзецьмі майстраваў шпакоўні. Настаўнік прымае актыўны ўдзел у працоўных акцыях, падаючы навучэнцам добры прыклад.

Сіла роду

Іван Іванавіч вырас у мнага­дзетнай сям’і — у яго дзве сястры. Ён і жонка Рыта Сяргееўна працягнулі добрую традыцыю мнагадзетнасці. Дачцэ Дар’і 8 гадоў, яна ходзіць у 3 клас Олтушскай школы. Сыну Аляксандру 4 гады, ён наведвае дзіцячы сад. Малодшаму Даніілу годзік. Жонка па прафесіі ваеннаслужачая, зараз у дэкрэтным водпуску.

— Ці лёгка сумяшчаць з баць­коўствам работу, на якой цэлы дзень праводзіш з дзецьмі? — цікаўлюся ў суразмоўніка.

Гэта няпроста. Прызнаюся шчыра, урокамі з дачкой больш зай­маецца жонка, за што я ёй вельмі ўдзячны. Мая зона адказнасці — вучэбны прадмет “Чалавек і свет”, для мяне як для географа гэта пытанне гонару. Іншая справа — правесці з дзецьмі час за гульнёй. Выбіраю настольныя гульні развіццёвага характару, зараз іх у продажы вельмі шмат, і мы рэгулярна папаўняем нашу калекцыю. Любім гульні, у якія ўваходзяць карткі з выявамі птушак, жывёл, рыб, славутых мясцін, сцягоў і г.д. Сын Аляксандр ужо ў 3 гады ведаў сцягі 50 краін!..

Іван Іванавіч імкнецца ва ўсім дапамагаць жонцы з дзецьмі. Нядаўна давялося ўзяць бальнічны, каб легчы ў бальніцу з дачкой і сярэднім сынам, якія захварэлі (жонка засталася дома з малодшым). На ўсё дзіцячае аддзяленне ён быў адзіным бацькам, на яго глядзелі са здзіўленнем. Але нічога дзіўнага тут няма, гэта дастойны прыклад адказнага бацькоўства.

— Тата для дзяцей вельмі важны, таму я імкнуся, каб мяне ў іх жыцці было як мага больш. Дачка ў мінулым годзе займалася ў гуртках плавання і малявання, і я тры разы на тыдзень вазіў яе ў Маларыту. Плаваць яна навучылася, а да малявання страціла інтарэс, хаця ў яе атрымлівалася нядрэнна. Зараз захапілася бісерапляценнем, іншымі відамі рукадзелля, наведвае ў школе адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах. Да таго ж і Дар’я, і Аляксандр вельмі цікавяцца тэхнікай. Калі бяруся нешта рамантаваць ці настройваць, яны заўсёды круцяцца побач, задаюць мноства пытанняў, і я не адмахваюся, наадварот, заахвочваю іх, — расказвае суразмоўнік. — Час ад часу бяру дзяцей з сабой на рыбалку. І прыкладна раз у месяц ездзім усёй сям’ёй у Кобрын у аквапарк.

Па выхадных і на вялікія рэлігійныя святы Барташукі разам наведваюць храм. У гэтай традыцыі духоўнага выхавання даўнія карані. Па словах Івана Іванавіча, яго прапрадзед Мірон Дзмітрыевіч Гаўрылюк да рэвалюцыі служыў у мясцовай царкве дыяканам, аднойчы здзейсніў паломніцтва ў Іерусалім. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён разам з аднавяскоўцамі схаваў у лесе ад фашыстаў вялікі звон храма і тым самым выратаваў яго. Старэйшыя дзеці гэтую гісторыю ўжо ведаюць, калі падрасце малодшы — бацькі раскажуць і яму.

— Мы з жонкай імкнёмся выхоўваць дзяцей добрымі, сумленнымі людзьмі, якія будуць лю­біць сваю сям’ю, краіну, прыносіць карысць грамадству. І дастойныя прыклады з гісторыі роду гэтаму вельмі спрыяюць, — адзначае ён.

Па словах суразмоўніка, вопыт работы настаўнікам дапамагае яму ў бацькоўстве. Грунтуючыся на багатай практыцы, ён добра разумее, што ўсе дзеці розныя, да кожнага патрэбны свой падыход. А лепшы спосаб матываваць дачку і сыноў, як і вучняў, на добрыя паводзіны і карысныя справы — уласны прыклад. Шмат інфармацыі для разважання і асэнсавання настаўніку дае камунікацыя з бацькамі навучэнцаў. У некаторых з іх ён вучыцца, як трэба выхоўваць дзяцей, на іншых прыкладах бачыць, чаго рабіць не варта.

— Калі тата надоўга з’язджае з дому на заробкі, гэта па дзецях адразу бачна. Асабліва па хлопцах. Адзнакі ідуць уніз, кульгае дысцып­ліна, — адзначае ён. — Для сябе я вырашыў, што, пакуль мае дзеці растуць, хачу заўсёды быць побач.

Як мнагадзетная сям’я, Барташукі адчуваюць падтрымку дзяржавы. Гэта налічаны сямейны капітал, матэрыяльная дапамога да пачатку навучальнага года, 50-працэнтная скідка на аплату падручнікаў, скідкі на наведванне адпачынкавых дзіцячых пляцовак і іншыя бонусы. Жыллёвае пытанне яны вырашылі яшчэ да нараджэння дзяцей, набыўшы ў Олтушы кватэру. У будучыні плануюць пабудаваць пры дзяржпадтрымцы ўласны дом. Няхай у іх усё абавязкова атрымаецца!

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара