Настаўнік хіміі з Гродна Віталь Стаціна падрыхтаваў адразу 10 прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды

- 14:30Образование

Адразу дзесяць прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах падрыхтаваў настаўнік хіміі Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко Віталь Стаціна. У скарбонцы дасягненняў яго вучняў — усе дыпломы І ступені, а такіх чатыры, і па тры дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Вынік алімпіяднай работы яшчэ адной вучаніцы адзначаны граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На пытанне, у чым сакрэт такога пос­пеху, настаўнік даў відавочны адказ:

— Проста люблю сваю работу. Калі бачу жаданне вучняў працаваць, з цікавасцю шукаю новую літаратуру, рашаю разам з імі ўсё больш складаныя задачы.

У педагога сфарміравалася свая сістэма работы з адоранымі вучнямі. Да будучых алімпіяднікаў ён прыглядаецца яшчэ ў 7 класе. Галоўная мэта на гэтым этапе — заціка­віць прадметам. У хіміі ў гэтым плане хапае дзейсных механізмаў: багатая эксперыментальная база. Ужо ў 8 класе адбываецца адбор хлопчыкаў і дзяўчынак для вывучэння прадмета на павышаным узроўні. Па словах Віталя Тадэвушавіча, вызначальным момантам тут становіцца метад назірання за тым, як вучань спраўляецца з лабараторнымі работамі: як працуе з абсталяваннем, адмярае неабходную колькасць рэчываў.

— Важна ацаніць, наколькі развітыя практычныя навыкі. Калі тэарэтычныя можна натрэніраваць амаль у кожнага вучня, то з эксперыментальнымі справа іншая. А найбольшая колькасць балаў у алімпіядных заданнях даецца якраз у эксперыментальнай частцы, — адзначыў настаўнік.

З 2008 года педагог падрыхтаваў 109 прызёраў трэцяга і больш за 30 — заключнага этапу рэс­пуб­ліканскай алімпіяды. Не без гордасці гаворыць ён аб прызавых месцах сваіх вучняў у міжнародных алімпіядах — з 2018-га­
такіх ужо чатыры. Па словах настаўніка, важным момантам на шляху да вышынь з’яўляецца падтрымка з боку кіраўніцтва гімназіі: закупляецца неабходнае абсталяванне і рэактывы.

Кожная субота ў рабочым раскладзе Віталя Тадэвушавіча — эксперыментальны дзень з таленавітымі вучнямі. Ра­зам з навучэнцамі 9—11 класаў ён рашае алімпіядныя заданні. Па выніках вывучэння кожнага раздзела разумнікі і разумніцы пішуць тэст.

— З аднаго боку, гэта дысцып­лінуе вучняў, а з другога — дапамагае мне вызначыць моманты, якія патрабуюць большай увагі.

Педагог адзначае, што сёлетні вынік — дзесяць прызёраў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды — не самы лепшы ў практыцы. Два гады назад адразу 15 яго вучняў сталі дыпламантамі. І ўсё ж своеасаблівы рэкорд сёлета яго выхаванцы ўстанавілі: усе дыпломы І ступені гэтым ра­зам у вучняў Віталя Тадэвушавіча.

Абсалютным пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія” ў 11 класе стаў Кірыл Батурын. Мінулым летам ён быў прызёрам Міжнароднай алімпіяды па хіміі імя Абу Райхана аль-Біруні ва Узбекістане.

— Сваім поспехам у алімпіядным руху абавязаны, безумоў­на, настаўніку. Менавіта Віталь Тадэвушавіч захапіў мяне хіміяй яшчэ ў 8 класе. Ужо ў 9-м я стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды. І з таго часу не спыняю ўдасканаленне ведаў у галіне хіміі, — адзначае пераможца абласнога этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды.

У гэтым годзе на Гродзеншчыне ўдзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі 898 навучэнцаў. Па 18 вучэбных прадметах у абласной скарбонцы перамог і дасягненняў 377 узнагарод: дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 65, II ступені — 108 і III ступені — 204 навучэнцы.

— Варта адзначыць, што сярод раёнаў па колькасці атрыманых дыпломаў традыцыйна лідзіруюць Кастрычніцкі і Ленінскі раёны Гродна, а таксама Лідскі раён. Значна палепшылі свае пазіцыі ў параўнанні з папярэднім навучальным годам Воранаўскі, Смаргонскі, Астравецкі і Шчучынскі раёны, — расказала начальнік упраўлення па суправаджэнні работы з дзецьмі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці, ГрАІРА Святлана Шмурэй.

Што да ўстаноў адукацыі, то ўжо на працягу пяці гадоў у алімпіядным руху лідзіруюць гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, на рахунку якой 34 дыпломы, гімназія № 1 Ліды (28 дыпломаў) і Гродзенская гарадская гімназія імя А.І.Дубко (24 дыпломы).

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара