Настаўнік назаўжды. Справай жыцця для Аліны Корсак стаў школьны музей «Спадчына»

- 17:16Образование

“Я ніколі не раздзяляла работу ў школе і асабістыя клопаты. Люблю сваю прафесію. І гэта надае мне сілы ў пераадоленні ўсіх цяжкасцей”. 43 гады педагагічнага шляху Аліны Леанідаўны Корсак непарыўна звязаны з сярэдняй школай № 3 Лепеля. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яе арганізатарскі талент выявіўся яшчэ ў дзіцячыя гады, што прайшлі ў вёсцы Жары Ушацкага раёна. Каля дома збірала вясковую дзетвару на ранішнюю гімнастыку, вясной вяла ў лес па матэрыялы для мастацтва. Актыўная і жыццярадасная, яна паспявала ўсё: турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы, была важатай, камсаргам, спявала ў хоры. Гэты запал і адказнасць яна пранесла праз усё жыццё.

Шлях у прафесію пачаўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў. Першым працоўным месцам у 1980 годзе стала сельская школа ў вёсцы Старынка Ушацкага раёна, дзе малады спецыяліст выкладала нямецкую мову. Але лёс рыхтаваў для яе больш шырокую сцэну. У 1981 годзе настаўніцу прызначылі ў школу-інтэрнат на Лепельшчыне. А праз год запрасілі піянерважатай у школу № 3 Лепеля і даверылі выкладаць англійскую мову ў 9 класе. Яе дэбют як класнага кіраўніка 9 класа стаў легендарным: сярод 25 выпускнікоў 2002 года было 10 залатых і 6 сярэбраных медалістаў! Яны сталі кандыдатамі навук, дацэнтамі, выкладчыкамі ўніверсітэтаў.

Энергія і глыбокае разуменне выхаваўчай работы настаўніцы не маглі застацца незаўважанымі. У 1994 годзе Аліна Леанідаўна стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. На гэтай пасадзе яна працавала 24 гады.

Вяршыняй арганізатарскага таленту Аліны Леанідаўны стала святкаванне 100-гадовага юбілею школы, равесніцы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта быў грандыёзны праект. Яна ўласнаручна збірала матэрыялы, каардынавала ўсе працэсы, ператварыўшы юбілей у незабыўную падзею для ўсяго горада.

У 2018 годзе Аліна Леанідаўна пакінула пасаду намесніка, перадаўшы багатыя веды маладым калегам. Яна абагульніла і перадала калегам свой каштоўны вопыт, у аснове якога яе праца піянерважатай, кіраўніком атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, юных ратавальнікаў.

Справай жыцця для Аліны Леанідаўны стаў школьны музей “Спадчына”. Яна не проста яго курыруе — яна яго душа. Пад кіраўніцтвам настаўніцы музей ператварыўся ў магутны цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Гэта не толькі збор экспанатаў — гэта жывая памяць школы, горада, краю. Тут сабраны ўспаміны настаўнікаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія яшчэ працавалі, калі яна прыйшла ў школу. Створаны ўнікальныя стэнды, прысвечаныя настаўнікам школы, воінам-інтэрнацыяналістам.

— Музей — жывы арганізм. Тут вядуцца альбомы “Гордасць школы”, “Нашы выпускнікі”, “Мае бацькі — выпускнікі”, улік настаўніцкіх дынастый, сямейных пар. Дзеці разам з класнымі кіраўнікамі вядуць пошукавую работу. “Гісторыя ў асобах” — наш дэвіз, а мэта — захаваць успаміны пра лю­дзей, — дзеліцца настаўніца.

Летапіс школы і летапіс піянерскай дружыны — унікальныя работы, створаныя пад яе кіраўніцтвам разам з Аленай Навулян, педагогам-арганізатарам, і Анатолем Ханяком, былым дырэктарам школы. Яны занялі 2-е месца ў рэспубліцы і 1-е месца ў вобласці адпаведна. Гэта сапраўдная скарбніца дакументаў, фота і ўспамінаў.

Адметнай рысай Аліны Леанідаўны з’яўляецца здольнасць раскрываць таленты не толькі ў вучняў, але і ў калег. Сярод настаўнікаў школы № 3 цэлых 20 яе выпускнікоў.

Неабыякавасць да мінулага падштурхнула яе стаць ініцыятарам усталявання памятнага знака ахвяры Вялікай Айчыннай, якія былі расстраляны на тэрыторыі школы.

Аліна Леанідаўна і сёння застаецца ба­дзёрай, аптымістычнай, ні на хвіліну не развітваецца са школьнымі справамі. Яна сапраўднае сэрца школы, яе жывая гісторыя, гордасць і натхненне. Яе прысутнасць — гэта сувязь пакаленняў, жывы мост паміж багатай гісторыяй і сучаснасцю школы.

— Школа — гэта маё ўсё! — прызнаецца Аліна Леанідаўна.

І гэта не пустыя словы, а крэда яе жыцця.

 Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара