Ветэран педагагічнай працы Кацярына Максімаўна Ляшкевіч, якой сёлета споўніўся 81 год, у сваім паважаным узросце знаходзіць час і сілы на рэалізацыю справы свайго жыцця.

Яна ніколі не баялася і не баіцца спрабаваць штосьці новае і незвычайнае, у тым ліку мяняць месца жыхарства і далучацца да творчых актыўнасцей, а таксама кіраваць фальклорным ансамблем “Лучына”.
Кацярына Максімаўна нарадзілася 5 мая 1942 года ў вёсцы Малыя Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З дзяцінства вельмі любіла чытаць і, калі надышоў час выбіраць прафесію, вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, таму накіравалася ў Пінскае педагагічнае вучылішча.
Як успамінае ветэран педагагічнай працы, у Столінскім раённым аддзеле адукацыі падчас размеркавання на працу яе спыталі, які школьны прадмет у яе самы любімы, бо ў тыя часы вельмі не хапала настаўнікаў, асабліва ў вясковых школах, і можна было выкладаць любыя дысцыпліны школьнай праграмы. Кацярына Максімаўна адказала, што хоча працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Так яна апынулася ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ёй даверылі 6-я і 7-я класы.
Потым у жыцці нашай гераіні былі і іншыя вёскі і гарады Брэсцкай вобласці, бо яна ніколі не баялася шукаць і знаходзіць штосьці новае ў сваім жыцці.
Кацярына Максімаўна расказвае, што на працягу 40 гадоў работы ў якасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры і настаўніцы пачатковых класаў ёй вельмі падабалася ладзіць з вучнямі канцэрты, асабліва на бацькоўскіх сходах. Настаўніца заўсёды імкнулася заўважыць у вучнях іх таленты. Аднойчы ёй удалося такім чынам арганізаваць выхаваўчую работу з вучнямі пачатковых класаў, што дзесяць чалавек з класа паступілі ў музычную школу.
З выпускнікамі таго часу Кацярына Максімаўна падтрымлівае сувязь і зараз. Многія з іх ужо сталі бабулямі і дзядулямі, выйшлі на пенсію, але памятаюць сваю першую настаўніцу, прыязджаюць на сустрэчы выпускнікоў у родную школу.
З мужам Кацярына Максімаўна выгадавала траіх дзяцей: сына і дзвюх дачок. На жаль, ён рана памёр, таму апошнія гады перад пенсіяй педагог жыла ўжо адна, працуючы ў Астрамечаве Брэсцкага раёна. А потым у жыцці нашай гераіні з’явіўся Брэст. Горад ёй вельмі спадабаўся, і яна не толькі вырашыла пераехаць сюды сама, але і зацікавіла сваіх дзяцей, якія на той час жылі ў розных кутках Беларусі.
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, у 2008 годзе ветэран педагагічнай працы стварыла фальклорны ансамбль пад назвай “Чапурушачкі” (на мясцовым дыялекце гэтае слова азначае дзяўчат, якія не хочуць працаваць, а хвалююцца толькі пра сваю прыгажосць. — Заўвага аўтара.), які складаўся толькі з чатырох чалавек. Паступова ў ансамблі сталі з’яўляцца новыя ўдзельнікі (зараз іх 10 чалавек), і ён атрымаў назву “Лучына”. Менавіта сваё творчае аб’яднанне наша гераіня лічыць справай усяго жыцця.
Яго ўдзельнікі выконваюць старадаўнія народныя і аўтарскія песні на рускай, беларускай, польскай і ўкраінскай мовах, ладзяць інсцэніроўкі народных беларускіх свят, удзельнічаюць у тэматычных канцэртах, перш за ўсё ў Брэсце і Брэсцкай вобласці. Рэпетыцыі ансамбля праходзяць як у Доме культуры, што знаходзіцца ў Паўднёвым гарадку Брэста, так і дома ў Кацярыны Максімаўны.

Яна карпатліва збірала аўтэнтычныя народныя касцюмы для свайго ансамбля ў Маларыцкім, Кобрынскім і Драгічынскім раёнах Брэсцкай вобласці. А яшчэ збірае старадаўнія прадметы народнага побыту. У калекцыі нашай гераіні — друкавальная машынка, прас, калыска, калаўротак, лапці, ручнікі і іншыя рэчы, некаторым з якіх каля ста гадоў. Яе калекцыю неаднаразова бачылі вучні брэсцкіх школ. Гэтыя прадметы выкарыстоўваюцца і на выступленнях ансамбля “Лучына”.
Кацярына Максімаўна лічыць, што вельмі важна трансліраваць веды пра народную культуру падрастаючаму пакаленню. Таму яна спадзяецца, што творчасць ансамбля “Лучына” і калекцыя прадметаў даўніны дапамогуць сучасным дзецям не забыць мінулае свайго народа. Ветэран педагагічнай працы наведвае фальклорныя аб’яднанні пры Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці, дзе вучыць дзяцей прасці кудзелю, як гэта рабілі ў даўнія часы ў яе сям’і, расказвае пра народныя традыцыі.

К. М. Ляшкевіч з В.І. Кашалюк з БДАЦМТ у Пінску, май 2022 год
Дарэчы, у маі 2022 года Кацярына Максімаўна сумесна з выхаванцамі фальклорна-этнаграфічнага гуртка БДАЦМТ удзельнічала ў рэгіянальным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”, які праходзіў у Пінску, і такім чынам вярнулася ў сваё юнацтва, бо ў Пінску яна вучылася ў педагагічным вучылішчы. Ветэран педагагічнай працы сумесна з дзецьмі і кіраўніком гуртка Валянцінай Іванаўнай Кашалюк рыхтавала абрад гукання вясны, вучыла дзяцей аўтэнтычный манеры спеваў і ваджэнню вясновых карагодаў, прала з малымі кудзелю, а таксама перадала юным фалькларыстам вялікую этнаграфічную калекцыю.
Таксама “Лучына” пачала супрацоўніцтва з маладзёжнымі самадзейнымі ансамблямі, якія паважаюць народныя традыцыі і выконваюць народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы. “Лучына” выступае на канцэртах маладых прыхільнікаў культурных традыцый нашага народа, а яны ў сваю чаргу прадстаўляюць свае нумары на яе выступленнях. Такім чынам адбываецца культурны абмен паміж рознымі музычнымі фальклорнымі калектывамі.
Сустрэча з педагогам атрымалася вельмі шчырай і цёплай. Кацярына Максімаўна не толькі цікава расказала пра сябе, але і паказала сваю каштоўную калекцыю і праспявала некалькі народных песень. У ветэрана педагагічнай працы можна павучыцца жыццёваму аптымізму і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Кацярына Максімаўна Ляшкевіч была ўзнагароджана Ганаровай граматай Столінскага раённага аддзела адукацыі.
Кацярына Максімаўна Ляшкевіч карпатліва збірала аўтэнтычныя народныя касцюмы для свайго ансамбля ў Маларыцкім, Кобрынскім і Драгічынскім раёнах Брэсцкай вобласці. А яшчэ збірае старадаўнія прадметы народнага побыту. У калекцыі нашай гераіні — друкавальная машынка, прас, калыска, калаўротак, лапці, ручнікі і іншыя рэчы, некаторым з якіх каля ста гадоў. Яе калекцыю неаднаразова бачылі вучні брэсцкіх школ. Гэтыя прадметы выкарыстоўваюцца і на выступленнях ансамбля “Лучына”.
Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы
сярэдняй школы № 10 Брэста
Фота з архіва К.М.Ляшкевіч





