Настаўнік назаўжды: Мікалай Голуб вучыў сваіх выхаванцаў дабру, справядлівасці і адказнасці за свае ўчынкі

- 16:00Образование

Вайна…  Тысячы загінуўшых салдат, мноства сірот і сем’яў без бацькоў, жудасныя ўспаміны людзей. Ужо 80 гадоў над нашай краінай мірнае неба. І гэта не падарунак лёсу, а вынік упартага змагання нашых людзей. Менавіта яны, ветэраны, сваім жыццём, сваім подзвігам здабылі перамогу.

Шмат гадоў працаваў настаўнікам у Бародзіцкай школе Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Фаміч Голуб. Была наладжана сустрэча членаў савета школьнага музея “Спадчына” з дачкой ветэрана Ліліяй Мікалаеў­най Качук і яго жонкай Яўгеніяй Міхайлаўнай Голуб (якая, на жаль, ужо пайшла з жыцця), запісаны ўспаміны пра жыццёвы шлях героя.

— Ён быў вельмі добры чалавек, — першае, пра што ўзгад­вала жонка Мікалая Фаміча. — Але жыццё яго было цяжкім. Нара­дзіўся Мікалай Фаміч у сям’і пуцейнага рабочага, скончыў Зэльвенскую сямігадовую шко­лу. З дзіцячых гадоў хлопцу прыходзілася многа працаваць, дапамагаючы баць­кам па гаспадарцы. Коля марыў вучыцца далей, але такой магчымасці ў яго не было, таму пайшоў працаваць на чыгунку, як і бацька. Але, як расказваў мне Мікалай, ён кожны дзень думаў аб тым, як будзе вучыцца і дзяліцца сваімі ведамі з іншымі. І мара збылася: у пачатку 40-х гадоў Мікалай Фаміч паступіў на настаўніцкія курсы ў Ваўкавыск і з поспехам іх скончыў.

Як маладога спецыяліста яго накіравалі на работу ў вёску Крушына Беластоцкай вобласці, адкуль прызвалі ў дзеючую армію. Не прайшло і года, як пачалася вайна. І накіравалі Мікалая ў 194-ы полк 1-га супрацьпаветранага корпуса Ленінграда. Вораг жорстка і бязлітасна разбураў усё на сваім шляху, толькі б уварвацца ў горад. Здаецца, не было таго дня, казаў Мікалай, каб не грымелі гарматы, не ўздрыгвала пад нагамі зямля. Але мужнасць і самаадданасць байцоў і жыхароў горада не дапусцілі ворага ў Ленінград.

Пачалася блакада горада… Мікалай Фаміч не мог без слёз на вачах узгадваць тыя дні, перажытае назаўсёды пакінула ў сэрцы незабыўныя ўспаміны. Вораг знішчаў усё на сваім шляху. Людзі паміралі ад холаду і голаду. Страшны час. У час блакады Мікалай Фаміч цяжка захварэў. “Ведаеш, Жэня, — казаў ён мне, — у час хваробы наступалі імгненні адчаю, здавалася, што ўжо не патрэбен ні людзям, ні сабе”. Але сіла волі і прага да жыцця перамаглі, і хвароба адступіла. Уявіце сабе, пасля хваробы важыў 36 кг! — выціраючы слёзы, працягвала Яўгенія Міхайлаўна. — Таму, калі блакада была прарвана, ён трапіў у горад Кунгур, дзе прабыў на лячэнні 5 месяцаў.

А пасля зноў фронт, бая­выя паходы. Пасля лячэння ў 1943 годзе ён быў накіраваны на 1-ы Прыбалтыйскі фронт, служыў у складзе 64-й брыгады. Удзель­нічаў у баях пад Смаленскам, вызваляў Віцебск, Рыгу, іншыя гарады, ­удзель­нічаў у штурме Кёнігсберга. А закончыў вайну ў Літве.

Радзіма высока ацаніла подзвігі Мікалая Фаміча — ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”, якія беражліва захоўваюць дачка і ўнукі.

Дэмабілізаваўся Мікалай Фаміч у 1946 годзе. Вярнуўся нарэшце ў родную вёску.

— Ведалі мы адно аднаго яшчэ з дзяцінства, але пасля вайны гэта быў ужо іншы Мікалай — дарослы, адказны, прыгожы юнак, — расказвала Яўгенія Міхайлаўна. — Дзякуй богу, мірнае жыццё прыйшло. Трэба было аднаўляць разбуранае, ствараць новае. Мы не проста працавалі — на крылах лёталі, нібы тыя птушкі пад мірным небам.

Мікалай Фаміч стаў настаўнікам пачатковых класаў Бародзіцкай школы. Завочна, ужо працуючы ў школе, скончыў педагагічнае вучылішча ў Навагрудку. Больш за 30 гадоў працаваў настаўнікам пачатковых класаў у роднай вёсцы Бародзічы і ў 1976 го­дзе пайшоў на заслужаны адпачынак.

Галоўнай мэты свайго жыцця — несці святло ведаў — Мікалай Голуб дасягнуў, нягледзячы ні на якія цяжкасці і выпрабаванні. Ён вучыў сваіх выхаванцаў толькі дабру, справядлівасці і адказнасці за свае ўчынкі.За добрасумленную працу настаўнік узнагароджаны нагрудным значком “Выдатнік народнай асветы”, шматлікімі ганаровымі граматамі, медалём “Ветэран працы”. Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ўзна­гароджаны медалём “В память 300-летия Санкт-Петербурга”.

…У вольныя хвіліны Мікалай Фаміч займаўся разьбой по дрэве. Яўгенія Міхайлаўна і Лілія Мікалаеўна пасля такой цікавай змястоўнай гутаркі падарылі музею нашай установы шкатулку і пано, зробленыя рукамі Мікалая Фаміча, — яны займаюць ганаровае месца сярод экспанатаў.

Кажуць, што чалавек памірае двойчы — калі перастае біцца яго сэрца і калі пра яго забываюць. Светлая памяць пра Мікалая Фаміча назаўжды застанецца з намі.

 Галіна САЎКО,
кіраўнік гісторыка-этнаграфічнага музея “Спадчына”

Бародзіцкай пачатковай школы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці