Настаўнік назаўжды. Тамара Кандрацьева — філолаг, даследчык, краязнаўца

- 17:22Образование

Чым карысная для школьнікаў даследчая дзейнасць і музейная работа? Что трэба, каб быць выдатным экскурсаводам? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” знайшла ў невялічкай сельскай школе.

Да слёз марыла быць настаўніцай

У Міхалёўскай сярэдняй школе Бабруйскага раёна Тамара Васільеўна Кандрацьева працуе 15 гадоў: выкладае беларускую мову і літаратуру, кіруе школьным музеем, вядзе з вучнямі пошукавую і даследчую дзейнасць, прывівае ім любоў да краязнаўства і фальклору, выкладае факультатыў “Шчаслівы беларусам звацца”. Усяго за плячыма педагога больш за паўстагоддзя стажу. Нарадзіўшыся на Шклоўшчыне, скончыўшы сённяшні МДУ імя А.А.Куляшова, яна па размеркаванні трапіла на гераічную Быхаўшчыну. Потым працавала ў азёрным Новалукомскім краі. А затым вярнулася на родную Магілёўшчыну і асела на Бабруйшчыне, дзе 42 гады настаўнічала ў трох установах адукацыі.

— У дзяцінстве я да слёз марыла быць настаўніцай. Узорам для мяне была настаўніца беларускай мовы Кацярына Іванаўна Харытанькова. Дзякуючы ёй я палюбіла родную мову і выбрала прафесію, якую таксама вельмі люблю. Але ж паступіла я не з першага разу, хоць і добра вучылася. У той час трэба было па ўсіх экзаменах атрымаць найвышэйшы бал — “пяць”, інакш было не паступіць. Зараз шлях у настаўніцтва значна лягчэйшы, — расказвае Тамара Кандрацьева.

Апынуўшыся на Бабруйшчыне, настаўніца ўладкавалася ў Сычкаўскую сярэднюю школу. Дарэчы, па дарозе ў Бабруйск яна, разглядваючы праз акно аўтобуса мемарыяльны комплекс у вёсцы Сычкава, падумала: “Добра было б працаваць у такім месцы”. Апынуўшыся ў раённым аддзеле адукацыі, яна даведалася, што якраз там патрэбен педагог яе профілю.

Менавіта ў Сычкаве, у мясцінах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, распачалася актыўная краязнаўчая дзейнасць педагога, якая вабіла яе на працягу ўсяго прафесійнага шляху. Разам з дзецьмі яны шмат узаемадзейнічалі з мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеем, распрацоўвалі экскурсіі па мемарыяльным комплексе, дзе пахаваны беларускія салдаты і партызаны, што абаранялі родную вёску ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Паступова Тамара Васільеўна з уважлівых слухачоў, зацікаўленых хлопцаў і дзяўчат адбірала тых, хто ў хуткім часе выказваў жаданне прымераць на сябе ролю экскурсавода, і рыхтавала іх да самастойных выступленняў. Па ўспамінах суразмоўніцы, усім наведвальнікам мемарыяла было прыемна слухаць юных экскурсаводаў, якія цудоўна валодалі мовай і гістарычным матэрыялам:

— Калі школа ў Сычкаве закрылася, я выйшла на пенсію, але доўга сядзець без работы не змагла і ўладкавалася ў школу ў вёсцы Плёсы — малой радзіме паэта і пісьменніка Міколы Аўрамчыка, а пасля яе закрыцця перайшла ў Міхалёўскую.

Прыцягальныя грані краязнаўства

У кожнай установе адукацыі вопытны беларусазнавец ладзіла для дзяцей падарожжы па найбліжэйшых мястэчках з наведваннем музеяў, памятных мясцін, значных прадпрыемстваў, з сустрэчамі з цікавымі людзьмі і ветэранамі. Педагог складала маршрут так, каб дзецям было цікава даведацца і пра гісторыю, і пра сучаснае жыццё вёскі ці гарадка. А яшчэ яна заўсёды займалася музейнай справай — вяла школьны музейны куток. З прыходам у Міхалёўскую сярэднюю школу настаўніца атрымала ў спадчыну музей, які быў арганізаваны яшчэ ў 1975-м былым настаўнікам гісторыі Міхаілам Салдацёнкам. Яго дзецішча — гэта і невялічкі клуб “Пошук”, якім сёння таксама кіруе Тамара Васільеўна і дзе займаюцца 8 хлопчыкаў і дзяўчынак з 5 па 9 клас.

— Калі я прыйшла працаваць у школу, музей выглядаў інакш, мне трэба было яго крыху рэфармаваць. Таму замест часткі старых экспанатаў з’явілася новая экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Тут размешчаны абноўленыя факты і лічбы, якія па крупінках збіраліся апошнія гады, у тым ліку ўспаміны ветэранаў, удзельнікаў вайны, былых малалетніх вязняў і іншыя звесткі. Міхаіл Аляксандравіч і сёння прыходзіць у школу на сустрэчы з вучнямі, дзеліцца сваімі ўспамінамі як вязень Крычаўскага лагера. Дарэчы, яго аповеды ляглі ў аснову даследчай работы пра настаўнікаў — удзельнікаў вайны, якую я рыхтавала са свамі вучнямі, — адзначае Тамара Кандрацьева. — А яшчэ паважаны госць з’яўляецца прыкладам для юных экскурсаводаў, бо ён як гісторык ведае шмат цікавага і натхнёна расказвае пра тутэйшыя мясціны, цяжкія ваенныя гады.

Даследчая дзейнасць, заснаваная на вывучэнні архіўных і музейных звестак, — гэта яшчэ адзін важны напрамак работы педагога, якім яна захапілася каля 15 гадоў назад і да якога актыўна далучае сваіх падапечных.

Апошнія 7—8 гадоў вучні Тамары Кандрацьевай — пастаянныя ўдзельнікі раёнага конкурсу даследчых работ. Здараецца, падчас работы над чарговым праектам нараджаецца тэма будучага даследавання.

Пошук і даследванне

Па словах педагога, так было, калі, напрыклад, пісалася работа, прысвечаная Герою Савецкага Саюза ўдзельніку вайны Уладзіміру Парахневічу. Ён быў партызанам-дыверсантам, кіраўніком падрыўной групы. Карысныя звесткі для работы знайшліся ў лісточку з газеты “Бобруйский партизан”. Шукаючы матэрыял аб падпольнай і партызанскай барацьбе на Бабруйшчыне ў музеях Бабруйска і Магілёва, настаўніца зацікавілася і газетай, дзе, акрамя фактаў рабавання, забойства мірнага насельніцтва на Бабруйшчыне, друкаваліся артыкулы, што выкрывалі падрыўную і дэзынфармацыйную дзейнасць немцаў, якія праводзілі вялікую прапагандысцкую работу на акупіраванай тэрыторыі. Яны выпускалі 22 газеты з дэзынфармацыяй, каб падарваць баявы дух насельніцтва, запалохаць і пераманіць на свой бок. Тыя кароценькія артыкулы з баявога лістка падштурхнулі настаўніка-краязнаўца да падрыхтоўкі наступнага даследавання — пра інфармацыйную вайну. Гэтая тэма не страціла актуальнасці і сёння. Так пад кіраўніцтвам Тамары Васільеўны з’явілася адно з апошніх сумесных даследаванняў — работа выпускніцы школы Марыі Насуха “Баявым пяром” (“Газета “Бобруйский партизан” як сродак выкрыцця лжывай палітыкі і прапаганды”).

— Мы пачалі параўноваць падачу адной і той жа падзеі на старонках палярных выданняў. З аднаго боку, было некалькі фашысцкіх газет, такіх як “Речь”, “На страже”, “Новый путь”, а з другога — “Бобруйский партизан”, якія я знайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Мы параўналі некалькі эпізодаў вайны, якія апісваліся дыяметральна супрацьлегла. Сярод іх, напрыклад, Сталінградская бітва. Нямецкія прапагандысты хваліліся, што перамаглі ўжо пад Сталінградам, а беларускія падпольшчыкі апісвалі гітлераўцаў, якія, згорбіўшыся, з адной босай нагой ледзь пляліся ад Сталінграда і так званую “перамогу” наўрад ці забудуць. У поле нашага зроку таксама трапілі дзейнасць “Рускага камітэта” Рускай вызваленчай арміі, рэйкавая вайна, наступленне Чырвонай Арміі, — расказвае Тамара Васільеўна пра работу, якая заняла 1-е месца ў фінале міжнароднага конкурсу даследчых работ.

У школьным музеі тры залы, якія змяшчаюць раздзелы “Наша спадчына”, “Гераічнае мінулае”, “Яны абаранялі Радзіму”, “Генацыд”.

Напрыклад, экспазіцыя “Наша спадчына” знаёміць з промысламі, рамёствамі, прадметамі хатняга ўжытку і беларускай хаты, якімі спрадвеку карысталіся мясцовыя жыхары. Вывучаючы абрады продкаў, дзеці пад кіраўніцтвам педагога ладзяць невялічкія тэатральныя пастаноўкі, у якіх расказваюць і паказваюць, як праходзілі галоўныя падзеі ў жыцці сялян: хрышчэнне, заручыны напярэдадні вяселля, пахаванне.

  Шчаслівы беларусам звацца

— Тамара Васільеўна, якое месца ў выхаваўчай рабоце займае музейная дзейнасць?

— Выхаванне патрыятызму немагчыма без вывучэння культуры, прыроды, гісторыі сваёй краіны. Яно неаддзельна ад ведання мінулага свайго народа. Гісторыя — гэта душа і памяць народа, а музеі — актыўныя захавальнікі гэтай памяці. Падчас знаёмства з экспазіцыямі, якія расказваюць пра традыцыі і звычаі малой радзімы, яе гераічнае мінулае, у душах маленькіх грамадзян зараджаецца пачуццё патрыятызму. Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак работа ў школьным музеі, дзе яны атрымліваюць навыкі экскурсавода ці даследчыка, удзельнічаюць у тэатральных пастаноўках фальклорнай тэматыкі, становіцца школай творчасці і пошуку, грамадскай актыўнасці і грамадзянскасці, прадастаўляе магчымасці для самарэалізацыі.

— Як вы рыхтуеце юных экскурсаводаў? З чаго пачынаецца гэтая работа і чым яна карысная для школьнікаў?

— Экскурсаводам быць нялёгка. Трэба цікавіцца гісторыяй, запамінаць вялікі аб’ём інфармацыі, добра валодаць роднай мовай, бо ўсе экскурсіі праводзяцца па-беларуску. А яшчэ трэба ўпэўнена і годна трымацца на публіцы. Экскурсавод — гэта ў пэўнай ступені артыст. Мала ў каго ўсё гэта добра атрымліваецца адразу, але адпаведныя навыкі можна і трэба развіваць, бо яны спатрэбяцца і ў штодзённым, а таксама прафесійным жыцці.

У гэтым годзе мне спадабалася працаваць з пяцікласнікамі, у якіх я вяла факультатыў “Шчаслівы беларусам звацца”. Тры вучні 5 класа зацікавіліся і праявілі пэўныя здольнасці да музейнай работы. Кожны з іх атрымаў лісты з матэрыялам для вывучэння. Каб добра засвоіць дастаткова аб’ёмны пласт інфармацыі, краязнаўцы-пачаткоўцы паўтараюць гістарычныя факты і звесткі не толькі на факультатыўных занятках, але і на перапынках, часам застаюцца і пасля ўрокаў. На вывучэнне фактуры патрабуецца 2—3 месяцы. Пад канец навучальнага года дзеці ўжо адчувалі сябе ўпэўнена ў новай ролі і цікава расказвалі пра гісторыю школы, асаблівасці роднага краю, гераічнае мінулае старэйшым вучням, хаця спачатку баяліся, што тыя не будуць іх слухаць.

— Даследчая дзейнасць, мабыць, прыносіць не менш карысці?

— Калі дзіця захапляецца пошукава-даследчай краязнаўчай дзейнасцю, гэта яго вельмі ўзбагачае як чалавека. Навучэнец авалодвае сістэмай ведаў пра гістарычнае мінулае сваёй Радзімы, развівае навыкі гістарычнага пазнання, аналізу і супастаўлення крыніц, работы з гістарычнымі дакументамі. Дзіця вучыцца беражліва адносіцца да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй краіны. Таму для мяне важна паспяхова займацца краязнаўствам, весці за сабой школьнікаў, абуджаць у іх цікавасць да сваіх каранёў, гісторыі, культуры роднай зямлі, перадаваць ім свой багаж ведаў.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара