Настаўнік назаўжды: Уладзімір Камароў з Пірэвіцкай сярэдняй школы

- 17:40Образование

Сярод высокаадукаваных і надзвычай тактоўных настаўнікаў Пірэвіцкай сярэдняй школы Жлобінскага раёна, якую я скончыў у далёкім 1956 годзе, вылучаўся Уладзімір Васільевіч Камароў.

Прыгожы як чалавек, спартыўны, з пачуццём гумару, з павагай да вучняў і добрым веданнем свайго прадмета. А выкладаў ён беларускую мову і літаратуру. Мы ведалі, што Уладзімір Васільевіч 1923 года нараджэння, што ён родам з нашай вёскі, скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ор­дэнамі і медалямі. Як калісьці пелася ў песні: “Нет секретов в деревне у нас”. Але мы не ведалі аднаго, што наш настаўнік выцягнуў “шчаслівы білет”: толькі трое са ста чырвонаармейцаў 1923 года нараджэння засталіся жывымі.

Уладзімір Васільевіч паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педінстытута. Настаўнікам, якія вучыліся завочна, давалі меншую вучэбную нагрузку. Больш за тое, у час сесіі, а яна была два разы на год, праца аплачвалася.

Трэба адзначыць, што ў савецкім грамадстве настаўнік стаяў на такой вышыні, што быў “недасяжным”, як для вучняў, так і бацькоў. Не буду ўтойваць: у мяне былі невялікія праблемы з дысцыплінай. І калі быў бацькоўскі сход, маёй маці прыходзілася чырванець за маё свавольства. Бацькі не было, бо ён загінуў пры абароне Масквы ў 1941 годзе. Калі б тата вярнуўся з вайны жывым, то было б так, як пісаў Якуб Колас: “Калі ідзе навука туга, паможа бацькава папруга”. Пасля сходу да маёй матулі падыходзіў Уладзімір Васільевіч і гаварыў: “Фёкла Мітрафанаўна! Не перажывайце, з вашага сына бу­дзе толк”.

У юнацтве, пасля заканчэння прафвучылішча, я працаваў токарам на заводзе “Гомсельмаш”. І мяне як ударніка камсамольскай працы сфатаграфавалі ў газету “Гомельская праўда”. Уладзімір Васільевіч, а жыў ён недалёка ад нас, прынёс газету маці. Тая, вядома, была вельмі рада за сына.

Пасля службы ў арміі я паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Пасля была вучоба ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана дзейнасці камсамола Балгарыі. Быў дацэнтам, потым прафесарам. Займаў высокія адміністрацыйныя пасады. Уладзімір Васільевіч быў рады за мяне…

Ён працаваў у школе з 1945 па 2007 год, калі не памыляюся. Вучыў дзяцей шанаваць і любіць Беларусь, яе культуру і, вядома, беларускую мову. Дарэчы, мае аднавяскоўцы і зараз не цураюцца роднай мовы.

…Пайшоў з жыцця адзін з апошніх настаўнікаў нашай краіны, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Пахаваны ў Пірэвічах, як і мае быць. Пражыў Уладзімір Васільевіч Камароў 99 гадоў. Светлая яму памяць!

Аляксандр ПЯТРУННІКАЎ
Фота з архіва Пірэвіцкай сярэдняй школы Жлобінскага раёна