Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, у мінулым дырэктар школы Міхаіл Ратомскі з аграгарадка Копці Віцебскага раёна нядаўна адзначыў 100-гадовы юбілей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юнацтва пад пагрозай расстрэлу
— Міхаіл Уладзіміравіч, вы родам з тутэйшых мясцін?
— Пасля вайны наш адміністрацыйны цэнтр быў у Копцях (цяпер тэрыторыя Акцябрскага сельсавета. — Заўвага аўтара.), а да вайны — у невялікай суседняй вёсцы Маклакі. Я мясцовы жыхар. Тут нарадзіўся, тут вучыўся, тут і прыгадзіўся. У сваіх родных Маклаках 10 гадоў працаваў дырэктарам школы. Амаль усё маё прафесійнае жыццё звязана з выхаваннем дзяцей. Школа ў Маклаках, калі я вучыўся, была сямігадовай. Найбліжэйшая сярэдняя знаходзілася ў Крынках. Хто хацеў і чыя сям’я магла сабе гэта дазволіць, дабіраліся туды чыгункай. Станцыя ў Копцях да вайны стаяла там, дзе і зараз, аднак гэта быў проста вялікі дом, у якім начальнік станцыі і жыў, і працаваў.
— Вы таксама ў Крынкі ездзілі?
— Не, я паступіў у педагагічны тэхнікум, што быў у мястэчку Высачаны. Наша моладзь пасля сямігодкі пераважна ў яго ішла, асабліва хлопцы. Потым, як надыходзіў час служыць Радзіме, многіх з тых хлопцаў накіроўвалі ў афіцэрскія школы. Ведаю, што больш за палову з іх прайшлі ўсю вайну і вярнуліся дадому. Беларусы, як і ўвесь савецкі народ, былі мірнымі людзьмі. Ніхто з нас не хацеў вайны. Перад вайной я паспеў скончыць толькі першы курс, мне было 15 гадоў. Нядаўна, 15 лістапада, пачаўся мой 101-ы год. У раёне я адзіны застаўся з педагогаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ двое з нашых, хто працаваў у адукацыі раёна, жывуць у Віцебску.
— Як вы трапілі да партызан?
— Майго бацьку ў вайну немцы расстралялі. У маці засталося чацвёра дзяцей — столькі і ў мірны час адной гадаваць нялёгка. Першыя два ваенныя гады нам усім пад акупацыяй жылося вельмі цяжка, а як турнулі ворагаў з-пад Масквы, то яны зусім пашалелі. Зрывалі злосць на людзях, нізашто забівалі. Дамы і цэлыя вёскі палілі, моладзь гналі ў Германію. Мяне неаднойчы маглі расстраляць: часам цуд або выпадковасць ратавалі. Што ж, у кожнага свой лёс. Мы са старэйшым братам былі ў партызанах. Хаця з мяне які быў баец! Сказаў бы: як з сённяшняга васьмікласніка, аднак няправільна раўняць сучаснага падлетка з даваенным вясковым. Мы не ведалі нават, што такое электрычная лямпачка. І фізічнае развіццё ў сённяшніх дзяцей зусім іншае. А з партызанамі мяне спачатку пазнаёміла сяброўка Каця, якая была сувязной. Я папрасіўся ў атрад. Не ўзялі, сказалі: “Рана табе яшчэ ваяваць, дапамагай Каці”. Толькі вайна ёсць вайна. У пэўны момант дома стала нельга заставацца. Прынялі мяне ў партызаны. Хадзіў у разведку, а яшчэ разам з вопытнымі байцамі мы дастаўлялі прадукты з вёсак у лес. Мой брат камандаваў у атрадзе ўзводам разведкі. Вайна раскідала нас па свеце. Брата пасля сур’ёзнага ранення самалётам пераправілі за лінію фронту ў Калінін. У складзе партызанскага атрада я ўдзельнічаў у вызваленні Сенненскага раёна. Потым мяне прызвалі ў армію, накіравалі ў 82-і гвардзейскі стралковы полк на 3-і Беларускі фронт.
— Дзе сустрэлі Перамогу?
— Да Германіі наш фронт не дайшоў. Мы вызвалялі Усходнюю Прусію, я прымаў удзел у асадзе і ўзяцці Кёнігсберга — гітлераўскага гнязда. Далей было раненне, тры месяцы шпіталя. Перамогу сустрэў на Балтыйскім моры ў баявой ахове, мы прыкрывалі бераг ад налётаў нямецкіх баявых катараў. На фронце я быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы.
Міхаіл Ратомскі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, нагрудным знакам “Партызан Беларусі”, памятнымі і юбілейнымі медалямі.
Пасляваенныя ростані
— Чаму вы засталіся ў арміі пасля вайны?
— Таму што паступіў новы загад. Наш фронт накіравалі ў Маньчжурыю, дзе ішла вайна з нямецкім саюзнікам Японіяй. Дарога на Далёкі Усход была доўгая. Каб перакінуць цэлы фронт, патрабавалася многа чыгуначнага транспарту. Я служыў у артылерыі. Тэхніку нашу адпраўлялі цягнікамі, а мы — следам, на чым давядзецца: то чыгункай, то на машынах, то конна. Тая вайна страшна скончылася, калі амерыканцы скінулі ядзерныя бомбы на Хірасіму і Нагасакі. Мы ў жніўні 1945 года да Маньчжурыі не паспелі даехаць. Вось здараюцца супадзенні: выгрузілі нас з вагонаў якраз у Калініне, дзе пасля ранення лячыўся ў шпіталі мой брат. Зараз гэта расійскі горад Цвер. Там я застаўся і праслужыў некаторы час, дэмабілізаваўся ў 1949 годзе.
— Пакуль служылі, падтрымлівалі сувязь з малой радзімай?
— Нават прыязджаў у 1946 годзе ў водпуск. У Маклаках з дамоў адзіная школа ацалела, і тое без даху: немцы ў час акупацыі размясцілі там канюшню і кузню, падкоўвалі коней. Школьны будынак пасля вызвалення падрамантавалі і наладзілі вучэбны працэс. А настаўніцкая размяшчалася побач у зямлянцы. Я ў водпуску заходзіў туды, размаўляў з настаўнікамі, дырэктарам. Якія гэта былі людзі! Франтавікі ў вёску вярнуліся вучыць дзяцей. Пасля Перамогі ў першую чаргу з арміі дэмабілізавалі настаўнікаў. Дырэктар Павел Пракопаў быў актывістам і камуністам, разумным матэматыкам і кіраўніком. Людзі вылучылі яго з дырэктара на пасаду старшыні калгаса. Ён, ведаю, не ўзрадаваўся. Аднак партыйная дысцыпліна была тады моцная, таму пагадзіўся. Нашу школу ўзначаліў Генадзь Левін. Але гэта ўжо было ў 60-я, калі я вярнуўся ў адукацыю. Дакладней, мяне вярнула будучая жонка.
— Як так?
— Пасля дэмабілізацыі я працаваў у міліцыі. Быў участковым інспектарам у Віцебску. На тэрыторыі даверанага мне ўчастка знаходзіўся інтэрнат педтэхнікума. Зразумела, перыядычна я туды па службе наведваўся. Там сустрэў сваё каханне на ўсё жыццё.
Будучая жонка вучылася ў тэхнікуме і жыла ў інтэрнаце. Характар у дзяўчыны выявіўся той яшчэ — настаўніцкі! Паставіла мне ўмову: будзем разам, калі атрымаю педагагічную прафесію. Што зробіш, давялося паслухацца!
Я так крыху жартую, бо на справе тады і сам задумваўся над тым, каб працягнуць вучобу. Паступіў, стаў зноў вучыцца. Спачатку два гады на настаўніка біялогіі і геаграфіі. Мой першы дыплом даваў права працаваць у школе да 7 класа ўключна. Не спыніўся на тым, вывучыўся на настаўніка біялогіі і хіміі — гэта ўжо была паўнавартасная вышэйшая адукацыя. Па спецыяльнасці працаваў у Віцебску, аднак нядоўга, таму што мяне прызначылі дырэктарам дзіцячага дома ў Езярышчы Гарадоцкага раёна. Накіраваліся туды сям’ёй. Жонка Валянціна Андрэеўна па адукацыі была настаўніцай пачатковых класаў. У дзіцячы дом яна ўладкавалася выхавальніцай, і ў далейшым мы заўсёды поруч працавалі.
Кіраўніцкія падыходы
— Якія самыя яркія ўспаміны з таго перыяду дырэктарства?
— У нас было 102 дзіцяці, большасць з іх — круглыя сіроты. У некаторых і бацькі ў вайну загінулі, і бабулі, дзядулі — нікога з родных не засталося. Пасля таго як дзецям спаўнялася 14 гадоў, было распараджэнне накіроўваць іх у прафесійныя вучылішчы. Успомніў гісторыю дзвюх дзяўчынак, якія вельмі добра вучыліся. Мне ўдалося дабіцца таго, каб іх затрымаць у дзіцячым доме, даць ім магчымасць скончыць 10 класаў для паступлення ў інстытут. Праз тры гады колькасць дзяцей у разы скарацілася, бо выхаванцы з ліку дзяцей вайны павырасталі. Неўзабаве мяне перавялі ў Лепельскі раён — таксама дырэктарам, толькі ў школу. У вёсцы Турасполле я працаваў амаль 10 гадоў. Новую школу пабудаваў. А пераязджаў з сям’ёй ужо не з Лепельскага, а з Ушацкага раёна: межы раёнаў змяніліся.
— Будынак, які пад вашым кіраўніцтвам узводзіўся, доўга праслужыў школьнікам. Літаральна да мінулага года там яшчэ быў дзіцячы аздараўленчы лагер…
— Пра гэта ведаю, мой сын туды ездзіў, паказваў фота. Радуе, што так. Калі я прыехаў у Турасполле, мяне ўразілі маляўнічыя мясціны. Школа стаяла на беразе прыгожага возера. Побач — унікальная рэчка Дзіва, якая не замярзае зімой нават у моцныя маразы. Будынак жа школьны — сум гаротны, напалову глінабітка. Але дзякуй і за тое, што змаглі пасля вайны хуценька ўзвесці. Загадчык райаддзела народнай адукацыі аднойчы прыехаў, прыгледзеўся і схапіўся за галаву: небяспечна, усё можа абрушыцца ў момант! Загадаў неадкладна пераводзіць школу ў прыватныя дамы. Перавялі. А я праявіў ініцыятыву і вырашыў пастарацца, каб пабудаваць новую школу. Мяне падтрымалі, адкрылі рахунак у банку, куды пералічвалі дзяржаўныя грошы на будоўлю. Я сам шукаў машыны і іншую тэхніку ў Полацку, рабочых і спецыялістаў, кантраляваў работу. Разам мы пабудавалі школу-васьмігодку. Усё там ішло нармальна — і раптам адбыўся дэмаграфічны абрыў. Школа стала толькі пачатковай.
— Чаму так здарылася?
— Пачалі будаваць Наваполацк і нафтаперапрацоўчы завод. Справа была надзвычай патрэбная краіне. Аднак наша моладзь літаральна хлынула туды, бо там было больш перспектыў: давалі работу і кватэры. І мала засталося ў вясковых ваколіцах дзяцей. Адток людзей з вёскі ў гарады не сёння пачаўся. Гэта вялікая дзяржаўная праблема. Пры любых умовах трэба захоўваць баланс. Невыпадкова сёння наш Прэзідэнт гаворыць, што неабходна як хочаш старацца, але ўтрымліваць насельніцтва ў сельскай мясцовасці, на зямлі. Без вёскі не будзе Беларусі.
На малой радзіме
— Вас на радзіме памятаюць як дырэктара школы ў Маклаках. Якім чынам вы там апынуліся?
— Пазваў старэйшы брат. Ён у лісце паведаміў, што нашай школе патрабуецца дырэктар. Я правёў разведку ў Віцебскім райаддзеле народнай адукацыі. Яго тады ўзначальвала Вера Герашчанка, якая пагадзілася мяне ўзяць на пасаду кіраўніка маёй роднай школы. Мы з жонкай параіліся і вырашылі пераязджаць. Валянціна Андрэеўна была добрай настаўніцай пачатковых класаў. Хвалю не таму, што жонка. Колькі ні прыязджала строгіх інспектараў, усе яе хвалілі і ставілі ў прыклад як педагога. Неяк жонцы нават прапаноўвалі пайсці ў Шапуры дырэктарам — адмовілася. Кіраўніцкая пасада была не па ёй. Спасылалася на тое, што адукацыя не дазваляе: тэхнікум, а дырэктару трэба мець за плячыма інстытут. І ўсё ж так склалася, што жонцы год давялося выконваць дырэктарскія абавязкі — перад тым, як школу перавялі з Маклакоў у Копці.
— Колькі гадоў вы кіравалі роднай школай?
— Амаль дзесяць. Потым яшчэ доўга працаваў настаўнікам, на пенсіі не пакідаў работу. На заслужаным адпачынку я з 1986 года, але са школай (зараз гэта Капцянская базавая школа імя Г.С.Грыгор’ева. — Заўвага аўтара.) дагэтуль трымаю кантакт. І мяне, дзякуй, у калектыве не забываюць. Пакуль дазваляла здароўе, актыўна ўдзельнічаў у школьных мерапрыемствах, а таксама ў раённых, абласных. Разумею, наколькі гэта важна для выхавання моладзі. Галоўнае, пра што прашу сучаснікаў, — усімі сіламі берагчы мір.
— Словы ветэрана насамрэч на вагу золата. А ці ёсць яшчэ ў вашай сям’і настаўнікі?
— Мы з Валянцінай Андрэеўнай далі пачатак педагагічнай дынастыі. Ёсць педагогі і будучыя педагогі сярод унукаў, праўнукаў. Малодшыя вучацца яшчэ — будуць у нас настаўнік фізічнай культуры і здароўя і педагог дадатковай адукацыі. Дзіўнае супадзенне: школа № 22 Віцебска, дзе працуе мая ўнучка Аксана, знаходзіцца ў добра знаёмым мне мікрараёне, бо менавіта там я калісьці працаваў участковым. Больш за тое, наша Аксана Алегаўна — дырэктар школы, так што і кіраўніцкая дынастыя можа скласціся з часам.
Таццяна Бондарава
Фота аўтара





