Настаўнік назаўжды. Зінаіда Лапала ўсё працоўнае жыццё прысвяціла вучням і любімай рабоце

- 15:28Образование

У кожнага з нас у жыцці ёсць свой Настаўнік — той, хто сваёй мудрасцю, душэўнай шчодрасцю, глыбокімі ведамі дапамог нам спазнаць уласны ўнутраны свет, зрабіў яго багацейшым, навучыў ствараць будучыню.

Залатым фондам Краснадворскай сярэдняй школы Салігорскага раёна з’яўляецца настаўніца матэматыкі Зінаіда Міхайлаўна Лапала, таленавіты педагог, інтэлігентны і эрудзіраваны чалавек, у якім гарманічна спалучаюцца жыццёвая мудрасць, невычэрпная мэтанакіраванасць і прафесійны вопыт.

Падчас сустрэчы з вучнямі на занятках, прысвечаных 80-годдзю трагедыі ў вёсцы Ала

Зінаіда Міхайлаўна нарадзілася ў Любанскім раёне ў сялянскай сям’і. Школу будучы педагог скончыла з сярэбраным медалём з адзінай чацвёркай па рускай літаратуры. Але гэта не перашкодзіла ёй захапіцца творчасцю і пісаць вершы.

Скончыўшы фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, Зінаіда Міхайлаўна вырашыла не спыняцца на дасягнутым і працягнула навучанне на двухгадовых курсах у Маскве, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка нямецкай мовы. З 1973 года свае веды і вопыт яна перадавала дзеткам Краснадворскай школы. Гэта педагог, пра якога гавораць, што чалавек знайшоў сваё прызванне ў жыцці. Адданасць прафесіі ветэран педагагічнай працы даказала шматгадовым служэннем дзецям і школе.

— Я чалавек з матэматычным складам розуму, — адзначыла Зінаіда Міхайлаўна. — Пры выбары прафесіі менавіта матэматыка прыцягвала мяне, хоць заўсёды я захаплялася чытаннем, складала вершы. Мая настаўніца прывіла мне любоў да роднай мовы і літаратуры. Не ўяўляю свайго жыцця без кніг. Цяпер разумею, наколькі мудрымі бываюць парады нашых школьных настаўнікаў і як важна своечасова да іх прыслухацца.

За гады працы Зінаіда Міхайлаўна дасягнула значных вынікаў у педагагічнай дзейнасці, вучні захапляліся яе ўрокамі. Шмат увагі педагог удзяляла ўдасканаленню прафесійнага майстэрства. Жаданне працаваць творча, быць неабходнай роднай школе, рухацца наперад, спасцігаючы новае, — настаўніцкае крэда Зінаіды Міхайлаўны.

На ўроках гэтага цудоўнага педагога заўсёды была ідэальная дысцыпліна. Настаўніца ўмела цалкам завалодаць увагай дзяцей, была для іх сябрам і дарадчыкам.

Зінаіда Міхайлаўна добра ведала характар кожнага з іх, таму паміж настаўніцай і вучнямі панавала поўнае паразуменне.

Нядзіўна, што з нашай школы выйшлі людзі, якія сталі не толькі цудоўнымі спецыялістамі, але і проста добрымі, сумленнымі людзьмі. Галоўнай і самай каштоўнай узнагародай за працу, па словах ветэрана, з’яўляюцца не граматы, а словы падзякі ад вучняў і іх бацькоў.

З асаблівай цеплынёй і шчырай павагай Зінаіду Міхайлаўну ўспамінаюць былыя вучні і калегі. Сярод іх і малады педагог Настасся Кісялёва, былая вучаніца Зінаіды Міхайлаўны, якая звязала свой працоўны шлях з педагогікай. Настасся таксама выбрала матэматыку. Для кагосьці гэта самы складаны прадмет, але для яе — самы цікавы і займальны. Як калісьці і Зінаіда Міхайлаўна, Настасся Кісялёва на сваіх уроках імкнецца задзейнічаць разнастайныя формы пазнавальнай дзейнасці, пры якіх навучэнцы працуюць самастойна.

Калі будзеш любіць дзяцей і даходліва тлумачыць матэрыял, то і прадмет твой стане для іх любімым і зразумелым.

Не сакрэт, што ў тым ліку ад старэйшых калег залежыць, ці адбудзецца малады спецыяліст як педагог, ці застанецца ён у прафесіі. Зінаіда Міхайлаўна лічыць, што не трэба ўмешвацца ў працэс прафесійнага станаўлення і развіццё сваіх пераемнікаў, кожны павінен прайсці свой шлях самастойна. Але пры неабходнасці заўсёды гатова падтрымаць парадай.

— Пераемнасць і традыцыі — аснова ўстойлівага развіцця ўстановы адукацыі. Падтрымка з боку калег і кіраўніцтва, карпаратыўны дух школы — усё гэта дапамагае маладым спецыялістам уліцца ў працоўны калектыў і адчуваць сябе на сваім месцы ў прафесіі, — пераканана дырэктар школы Алена Радкевіч.

Цяпер Зінаіда Міхайлаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ніколі не адмаў­ляецца дапамагчы сваёй школе. Усё працоўнае жыццё яна прысвяціла вучням і любімай рабоце. Школа і цяпер для яе родны дом.

Святлана КЛІШЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Краснадворскай сярэдняй школы Салігорскага раёна
Фота аўтара