Настаўнікі гімназіі Пружан актыўна інфармуюць сваіх выхаванцаў аб небяспеках і пагрозах інтэрнэту

- 10:08Новости

Што можа расказаць аватар пра чалавека? Як у віртуальных “сябрах” распазнаць ворагаў? Настаўнікі гімназіі Пружан актыўна інфармуюць сваіх выхаванцаў аб небяспеках і пагрозах інтэрнэту. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Другі год тут рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі бяспечных паводзін у сетцы інтэрнэт суб’ектаў адукацыйнага працэсу”. Спачатку ўдзельнікамі праекта былі навучэнцы 2-х, 5-х, 7-х і 10-х класаў, у гэтым навучальным годзе далучыліся яшчэ чатыры паралелі, а ў наступным годзе падключацца ўсе астатнія гімназісты.

— Улічваючы, што інфармацыйная бяспека — найважнейшы складнік нацыянальнай бяс­пекі, педагогам важна навучыць бацькоў і дзяцей правілам паво­дзін у інтэрнэце, перасцерагчы іх ад магчымых небяспек, навучыць карыстацца ўсімі выгодамі шматграннага свету інфармацыі, — упэўнена кіраўнік інавацыйнага праекта дырэктар гімназіі Ала Сомава.

Пра тое, як пазбегнуць небяспек, якія ўтойвае інтэрнэт, навучэнцам расказваюць класныя кіраўнікі. Кожны месяц яны праводзяць тэматычныя класныя га­дзіны і пазакласныя мерапрыемствы. У залежнасці ад узросту дзяцей, звяртаючыся да розных форм і метадаў работы, педагогі арганізоўваюць больш за дзясятак мерапрыемстваў у год, навучаючы сваіх падапечных здабываць з інтэрнэт-рэсурсаў толькі карысную і бяспечную інфармацыю.

— На першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў прыярытэце гульні і казкі. Працуючы з дзецьмі сярэдняга школьнага ўзросту, педагогі выкарыстоўваюць такія формы работы, як га­дзіны зносін, гутаркі, практыкумы, трэнінгі, ролевыя гульні, дыспуты, праекты. Навучэнцы ствараюць прэзентацыі, удзельнічаюць у акцыях, конкурсах. Мэта праекта — выха­ваць адукаваных карыстальнікаў інтэрнэту, самастойных і адказных спажыўцоў інфармацыі, якім не ўласцівы трывожнасць, неадэкватная самаацэнка, якія ведаюць, што рабіць, калі нешта ці хтосьці пагражае ім у віртуальнай рэальнасці, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ірына Хатомчанкава. — Акрамя таго, штогод праводзіцца традыцыйны тыдзень бяспекі ў сетцы інтэрнэт, які ўключае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на навучанне педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў асновам інтэрнэт-бяс­пекі.

На занятках у рамках праектнай дзейнасці навучэнцы пачатковых класаў вывучаюць правілы бяспечнага карыстання рознымі сайтамі і сацсеткамі з мабільных тэлефонаў, планшэтаў і камп’ютараў. У прыватнасці, яны даведваюцца, якія пагрозы могуць несці СМС з невядомых нумароў, фэй­кавыя пасланні і зманлівыя просьбы ад тэлефонных зламыснікаў.

Сваім малодшым выхаванцам настаўнікі расказваюць і паказваюць, як прыдумаць пароль і лагін для абароны свайго дэвайса і электроннай пошты, як вы­браць аватар для сацыяльных сетак. Выдатная дапамога ў гэтай дзейнасці — падборка тэматычных мультфільмаў і відэаролікаў. Яшчэ малодшыя школьнікі даведваюцца, як шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, як карыстацца сайтамі для вучобы, заняткаў творчасцю, чытання кніг, баўлення вольнага часу, віртуальных падарожжаў і, што асабліва важна, як распазнаць у віртуальных “сябрах” ворагаў.

Вучні 5—6 класаў, разважаю­чы аб інфармацыйным грамадстве, даведваюцца пра гісторыю стварэння сусветнай павуціны, разбіраюцца ў пытаннях інфармацыйнай бяспекі і кібератакі, вывучаюць законы аб абароне асабістых даных у інтэрнэце, атрымліваюць інфармацыю пра сеткавы этыкет. Сярод іншага педагогі знаёмяць сваіх выхаванцаў з правіламі работы ў сацыяльных сетках, з відэасэрвісамі, пошукавікамі, з правіламі абароны ад вірусаў, спама, негатыўных паведамленняў. А таксама інфармуюць аб адказнасці за распаўсюджванне лжывай і негатыўнай інфармацыі пра людзей.

У 7—9 класах падрабязна разбіраюцца тры модулі: кіберпрастора, кіберкультура, кіберпагрозы. Старшакласнікі даследуюць прававыя асновы інфармацыйнай бяспекі і юрыдычныя наступствы ў выпадку іх парушэння.

— Летась для правядзення заняткаў у 7 “Б” класе я падрыхтавала прэзентацыі па тэмах “Кіберпрастора”, “Кіберсветы”, “Кіберфізічныя сістэмы”, прадста­віўшы складаную інфармацыю з дапамогай розных схем і сродкаў нагляднасці, — расказвае настаўніца нямецкай мовы Ірына Калач. — Інтэрактыўныя заданні былі распрацаваны на платформе LearningApps. А праверыць за­сваенне матэрыялу дапамаглі тэсты, распрацаваныя аўтарамі праекта. Для пераходу да тэстаў хлопцам і дзяўчатам былі прапанаваны спасылкі, а таксама QR-коды, якія можна адсканіраваць з дапамогай тэлефона. Так, у ходзе заняткаў сямікласнікі азнаёміліся з кібермедыцынай, кіберофісам, кіберадукацыяй, кібермас­тацтвам, убачылі, як моцна гэтыя тэхналогіі змянілі грамадства за апошнія гады. А яшчэ яны самі падрыхтавалі паведамленні на тэму “Разумныя сістэмы”. Вучні дзяліліся адно з адным інфармацыяй пра такія “разумныя” гарады, як Сінгапур і Масдар, расказвалі, як функцыянуюць сістэмы “Разумны дом” і “Разумнае прадпрыемства”.

Разбіраючы тэму “Кіберзносіны”, сямікласнікі разгледзелі самыя папулярныя і адносна бяспечныя на сённяшні дзень са­цыяльныя сеткі (Instagram, TikTok, “УКантакце”), атрымалі інфармацыю аб спам-рассылках, навучы­ліся вызначаць спам-паведамленні і даведаліся, як абмежаваць атрыманне падобных паштовак.

Перайшоўшы ў гэтым навучальным годзе ў 8 клас, падапечныя Ірыны Анатольеўны пагрузіліся ў вывучэнне кіберкультуры: даведаліся пра паходжанне тэрміна, характарыстыкі і сродкі выкарыстання, абмеркавалі ў групах станоўчыя і адмоўныя бакі гэтай з’явы. У якасці прыкладу прагле­дзелі відэа “Інтэрактыўны музей у Токіа” і падзяліліся сваімі ўражаннямі.

— Вельмі атмасферна, пазнавальна і цікава, — адзначае навучэнец 8 “Б” класа Арцём Банюшка. — Мы жывём у інфармацыйным грамадстве, і праект дае нам магчымасць больш даведвацца пра тое, як карыстацца інфармацыяй, як абараніць свае даныя, як не стаць ахвярай кібермахляроў.

Блок модуляў, якія вывуча­юць старшакласнікі, ахоплівае пытан­ні грамадзянска-прававой і кры­мінальнай адказнасці ў сферы інфармацыйнай бяспекі, прафілактыку правапарушэнняў. Так, у 10 класе хлопцы і дзяўчаты абмяркоўваюць, як не стаць ахвярамі інтэрнэт-ашуканцаў, як пазбегнуць булінгу, грумінгу, вішынгу. Дзесяцікласнікі, выказваючы свой пункт гледжан­ня, прадстаўляюць міні-праекты, дзе разбіраюць прыклады і дзеляцца практычнымі парадамі. Вучні 11 класа даведваюцца, якімі прававымі актамі рэгулюецца інфармацыйная бяспека ў нашай краіне, разглядаюць асноўныя палажэнні Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай 18 сакавіка 2019 года. Працуючы ў групах, навучэнцы сістэматызуюць тэарэтычны матэрыял па названай тэме, глядзяць і абмяркоўваюць відэаматэрыялы. На практычнай частцы заняткаў, замацоўваючы веды па вывучанай тэме, вопытныя карыстальнікі смартфонаў выкон­ваюць інтэрактыўныя заданні, тэсты, віктарыны.

Гаворачы аб прамежкавых выніках праекта, Ірына Хатомчанкава падкрэслівае: “Навучэнцы актыўна выкарыстоўваюць сродкі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вырашэнні кагнітыўных, камунікатыўных і арганізацыйных задач, развіва­юць лічбавыя кампетэнцыі. Яны з задавальненнем працуюць у камандзе, вучацца арыентавацца ў сучасным інфармацыйным асяроддзі, развіваюць свае здольнасці крытычна ацэньваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, якую яны штодня атрымліваюць з розных крыніц”.

— Дзякуючы праекту, мы даведваемся, як карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі, якая небяспека можа падсцерагаць пры неабачлівым выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў і шкадлівых сайтаў, праграм. Кожнаму было цікава даведацца аб прававым рэгуляванні інфармацыйнай бяспекі ў нашай краіне і аб адказнасці за няправільныя паводзіны ў сетцы. Я чарговы раз пераканалася ў актуальнасці выказ­вання “Папярэджаны — значыць узброены”, — адзначае вучаніца 11 “Б” класа Настасся Новік.

Марына КУНЯЎСКАЯ