Настаўнікі Віцебшчыны – аб сакрэтах падрыхтоўкі пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах

- 15:28Образование

Як падрыхтаваць пераможцу Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах? Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» спытала ў педагогаў.

Алена Чакмарова, сярэдняя школа № 16 Полацка:

— Поспех эквівалентны таму часу і душэўным сілам, якія ты прысвячаеш вучню. Гэта заўсёды работа ў тандэме, прычым настаўніку трэба быць у пастаянным пошуку, увесь час знаходзіць нешта новае, што дапаможа дзіцяці ўзняцца на яшчэ большую вышыню. Варта адзначыць, мы забяспечаны падручнікамі ­добрага ўзроўню, плюс вялікую дапамогу аказвае інтэрнэт. У плане арганізацыі заняткаў, матывацыі і заахвочвання навучэнцаў вельмі дапамагаюць адміністрацыя школы, упраўленне па адукацыі райвыканкама. Моцны рэсурс — падтрымка калег і метадыстаў. І, відаць, мне проста шанцуе, бо ёсць таленавітыя дзеці, з якімі мы можам працаваць на вынік.

Па нашым прадмеце ўсе віды маўленчай дзейнасці дастаткова складаныя. Так, за лексіка-граматычны тэст на алімпіядзе ўдзельнік атрымлівае найбольшую коль­касць балаў — тут свая спецыфіка падрыхтоўкі. Многае залежыць і ад аўдзіравання. Уласна кажучы, гэта спаборніцтва не толькі па разуменні маўлення на слых. Недастаткова дакладна зразумець тэкст: алімпіядніку трэба натрэніраваць канцэнтрацыю і па­мяць. Што тычыцца гаварэння, то мы звычайна па кожнай сітуацыі з кожным вучнем займаемся індывідуальна. Напрыклад, не бяром гатовыя тэмы ў інтэрнэце, а разам складаем тэму з улікам асабістых інтарэсаў, пераваг, жыццёвага вопыту вучня. Безумоўна, каб атрымаць высокі бал, неабходна шмат практыкавацца. Нават у выхадныя мы размаўляем з вучнямі на замежнай мове па тэлефоне, скайпе — ніводнага дня прастою.

За апошнія некалькі гадоў тройчы мае алімпіядніцы станавіліся пераможцамі на рэс­публіцы. У мінулым годзе Дар’я Вежнавец не ўвайшла ў лік пераможцаў заключнага этапу алімпіяды па нямецкай мове, але набыла каштоўны вопыт. Цяпер у яе дыплом ІІІ ступені: гэта вельмі важнае дасягненне з улікам таго, што дзяўчына ў 11 класе. Што тычыцца далейшых яе планаў, думаю, вялікага сакрэту не раскрыю: збіраецца паступаць у БДУ на профільную спецыяль­насць. Дарэчы, там вучыцца наша выпускніца і ў мінулым паспяховая алімпіядніца Марыя Малахоўская. Яе прыклад стаў арыенцірам, і цяпер Дар’я нацэлена пайсці праверанай дарогай.

Ганна Міненка, гімназія № 2 Віцебска:

— Складнікаў паспяховасці на алімпіядзе велізарная колькасць. Аднак галоўным я лічу зладжаную камандную работу, нацэленую на вынік. Прычым у адзінай камандзе поруч са мной і вучнямі іх бацькі, класныя кіраўнікі, адміністрацыя гімназіі і, канечне ж, мае калегі-настаўнікі. У нашай установе выбудавана эфектыўная сістэма работы з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі, гэта вельмі дапамагае. Акрамя таго, плённа супрацоўнічаем з абласным інстытутам развіцця адукацыі, універсітэтамі. На ўроках і дадатковых занятках павышаем узровень валодання замежнай мовай за кошт выкарыстання аўтэнтычных сродкаў навучання, многа слухаем. Актыўна задзейнічана і гейміфікацыя, якая стымулюе цікавасць навучэнцаў да моў. У прыватнасці, мы ўвялі такую тэхналогію, як сусветнае кафэ, каб павысіць у вучняў узровень вуснага маўлення. Ім вельмі спадабалася. Калі гаварыць непасрэдна пра ўзаема­дзеянне з адоранымі навучэнцамі, то важна пастаянна падсілкоўваць іх асабістую матывацыю і ў патрэбны момант заахвочваць, стымуляваць да работы.

Соф’я Мурашкіна — не першы падрыхтаваны мной пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Гісторыя даволі тыповая. Вучаніца трэці год удзельнічае ў алімпіядзе. На старце не прайшла далей вобласці, летась узяла дыплом ІІ ступені на заключным этапе, цяпер, у 11 класе, узнялася на прыступку вышэй. Соф’я падумвае над паступленнем у МДЛУ ці БДУ. Як яна сама гаворыць, дзякуючы алімпіядзе яна пазнаёмілася з вялікай колькасцю добрых людзей, і гэта важней за выдатны вынік. Пры гэтым дасягненні ў яе ёсць не толькі ў алімпіядным руху: напрыклад, дзяўчына цікавіцца навукай, сёлета адзначана дыпломам ІІ ступені ў фінале рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) — зноў жа па англійскай мове. Прычым, калі ўвагу гэтай вучаніцы прыцягвае нешта з навуковай сферы, то гугліць яна пачынае па-англійску. Ведаю, што нават у яе хобі — ад фільмаў і кніг у арыгінале да камп’ютарных гульняў — прысутнічае англійская мова. На першы погляд, Соф’і лёгка даецца прадмет і проста пашанцавала са здольнасцямі. Аднак яна той яшчэ працаголік, таму поспех цалкам заканамерны.

Іна Балтунова, сярэдняя школа № 45 Віцебска імя В.П.Маргелава:

— У аснове любой паспяховай алімпіяднай гісторыі — прафесіяналізм педагога, матывацыя і што­дзённая карпатлівая праца. Плюс узаемнае імкненне настаўніка і вучняў павышаць вынікі. Асабіста мяне ў настаўніцтве найбольш прываблівае практыка. Прыходжу ў клас, размаўляю, даю заданні, назіраю, як дзеці пачынаюць думаць і адказваць. Спачатку важна настроіць вучняў на пазітыўны лад, каб яны не баяліся выказ­ваць уласныя меркаванні, стараліся гава­рыць не па падручніку. Сачу, як імі засвойваецца тэма. Нярэдка імправізую, у межах праграмы крыху перабудоўваю вучэбны матэрыял. Сваіх будучых алімпіяднікаў бачу ўжо ў 5—6 класах. І цяпер такія вучні ў мяне на прыкмеце, пачала з імі працаваць.

Мы неаднаразова перамагалі на абласным этапе алімпіяды, але на рэспубліцы не ўдавалася трапіць у лік лепшых — найбольшым дасягненнем быў пахвальны водгук. Затое паступова набіраліся вопыту, раіліся з калегамі і метадыстамі, аналізавалі, дзе сканцэнтравацца, што ў падрыхтоўцы скарэкціраваць, дапоўніць, удасканаліць. Сёлета ў фінале алімпіяды Віцебшчыну прадстаўлялі мае вучаніцы Яна Гаўрылава і Дар’я Ескіна. У Яны — дыплом ІІ ступені, гэта наш пераможны дэбют! Дар’я таксама выступіла годна: зусім крыху не хапіла да дыплома ІІІ ступені, у яе пахвальны водгук. Нашы алімпіядніцы вучацца ў 11 класе. Куды будуць паступаць далей, пакуль канчаткова не вызначыліся, бо ёсць некалькі прывабных варыянтаў. Яна пасля алімпіяды сказала: “Цяпер на сямейным савеце будзем вырашаць”.

Аксана Лісоўская, сярэдняя школа № 12 Наваполацка:

Першапачаткова ўзровень валодання замежнай мовай не вырашальны для будучага ўдзельніка алімпіяды. Ёсць жаданне — паспрабуем: каб паглядзець, колькі прыцягальнага і прыгожага тоіць у сабе марская глыбіня, трэба адважыцца ныр­нуць. Настаўніку вельмі важна знайсці падыход да дзіцяці, захапіць сваім прадметам, агульнымі мэтамі. Каб стаць лепшым з лепшых, акрамя здольнасцей патрабуюцца велізарнае натхненне, жаданне, гатоўнасць працаваць у пары з педагогам, вобразна кажучы, па 25 гадзін у суткі. Прычым гэтая работа павінна прыносіць вучню задавальненне! Рэспубліканская алімпіяда — кот у мяшку. Ты прыкладна ведаеш, якія могуць быць віды заданняў, але пра іх напаўненне не ведае ніхто. Таму абапірацца пры падрыхтоўцы на нейкі канкрэтны вучэбны дапаможнік не вельмі добрая ідэя. Мы вывучаем, камбінуем і выкарыстоўваем усе даступныя крыніцы інфармацыі. Далёкаму ад алімпіяднага руху чалавеку можа здацца, нібыта мы спрабуем абняць неабдымнае. Але пры сістэмным падыходзе гэта эфектыўна працуе на вынік.

Пра складнікі поспеху шчыра скажу: тут яшчэ здаровыя амбіцыі павінны быць, прычым як у настаўніка, так і ў вучня. І псіхалагічны настрой таксама. Напрыклад, у 8 класе мая вучаніца Ганна Кунцэвіч прайшла на заключны этап алімпіяды па англійскай мове. Дыплом не атрымала, але мы сабраліся з сіламі, займаліся літаральна днямі і начамі — і ў мінулым годзе дзевяцікласніца стала абсалютнай пераможцай. Разумееце, у такія моманты пачуцці нельга перадаць словамі: адчуванне абсалютнага шчасця, узнагарода за ўсе нашы старанні і працу! Як бы банальна ні гучала, любая перамога грунтуецца на індывідуальнай рабоце: у кожнага вучня свае цяжкасці ў авалоданні прадметам. Напрыклад, Ганна — сціплы і даволі закрыты чалавек, ёй некамфортна выказваць свае меркаванні перад незнаёмымі людзьмі, даводзіцца штораз пераадольваць сябе. Таму гаварэнне для нас — самы крытычны тур алімпіяды. Тым не менш наш прагрэс у названым напрамку відавочны: сёлета ў вучаніцы быў самы высокі сярод удзельнікаў бал па вусным маўленні. Разам з тым, хоць у Ганны зноў дыплом І ступені, але мы крыху саступілі лідарства. Успрымаем гэта як выклік, настроены на наступнай алімпіядзе даказаць, што мы лепшыя.  

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара