Настаўнікі з Навагрудка: праца ў лагеры – ідэальны варыянт для развіцця арганізатарскіх здольнасцей

- 10:40Первое рабочее место

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя з Навагрудка Яна Юр’еўна Варанко і Раман Сяргеевіч Янковіч летам працуюць у якасці выхавальнікаў у аздараўленчым лагеры “Свіцязь”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Выбраў Навагрудчыну

Для маладых педагогаў гэта цудоўная магчымасць атрымаць вопыт выхавання і выбудоўвання ўзаемаадносін з дзецьмі рознага ўзросту, ідэальнае месца для развіцця сваіх арганізатарскіх здольнасцей.

Раман Сяргеевіч упершыню трапіў у аздараўленчы лагер “Свіцязь” у 2015 годзе ў якасці выхавальніка, будучы на той момант навучэнцам Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа. Да таго ж гэта было яго першае знаёмства з Навагрудчынай. Атрыманыя ў лагеры эмоцыі, прыемныя знаёмс­твы, ды і ўвогуле прыгожы край з ветлівымі людзьмі, цудоўнае возера Свіцязь — усё гэта прадвызначыла выбар месца работы. Ужо праз год малады спецыяліст, сам родам з Брэстчыны, выказаў жаданне адправіцца па размеркаванні менавіта ў Навагрудскі раён. З таго часу, працуючы настаўнікам у школе, Раман Янковіч летам заўсёды стараецца трапіць у ДАЛ “Свіцязь”.

Раман Янковіч родам з Івацэвіцкага раёна. Ужо з 6 класа актыўна займаўся лёгкай атлетыкай, таму і вырашыў стаць настаўнікам фізкультуры. Працуючы ў школе, завочна скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Атрымаў спецыяльнасць настаўніка фізічнай культуры і інструктара-метадыста па лячэбнай фізкультуры. Такая спецыялізацыя дазваляе маладому спецыялісту прафесійна падыходзіць да работы з дзецьмі, якія наведва­юць спецыяльную групу.

— У сярэдняй школе № 4 Навагрудка мяне сустрэлі вельмі добра, тут цудоўны калектыў, заўсёды ідзе насустрач адміністрацыя ўстановы адукацыі, — расказ­вае Раман Сяргеевіч. — Акрамя ўрокаў фізкультуры, я таксама вяду секцыю валейбола. Мае выхаванцы занялі 1-е месца ў раённых, а затым у складзе зборнай каманды Навагрудчыны ў абласных спаборніцтвах. Сваё захапленне валейболам стараюся перадаць і вучням. Фізкультурна-спартыўны клуб на базе школы, дзе я трэнірую дзяцей, наведваюць навучэнцы і іншых устаноў адукацыі Навагрудка і нават выпускнікі — прыхільнікі гэтага віду спорту. Часта ездзім гуляць у валейбол у Нягневіцкую, Пятрэвіцкую і іншыя сельскія школы раёна. Школьнікі актыўна займаюцца і іншымі відамі спорту, таксама прымаюць удзел у спаборніцтвах. Два гады запар каманда сярэдняй школы № 4 Навагрудка займае 1-е месца ў штогадовай спартакіядзе сярод школ раёна. Стараюся адказна падыхо­дзіць да кожных стартаў, адбіраць удзель­нікаў, трэніруемся нават вечарамі. На базе школы таксама займаюцца біятланісты.

У камунікацыі з дзецьмі і бацькамі

Два гады працуе ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка і Яна Юр’еўна Варанко. Са спортам ураджэнка Дзятлава пасябравала яшчэ ў дзіцячым садку, а любоў да заняткаў прывілі бацькі. Нядзіўна, што ў школе фізкультура стала яе самым любімым прадметам. Там яе заўважыў трэнер Віталь Віталь­евіч Жук і прапанаваў займацца лёгкай атлетыкай.

— Пачала займацца з 6 класа, — расказала Яна Варанко. — Мне гэта вельмі падабалася. Я ез­дзіла на спаборніцтвы ў Слонім, Гродна, Мінск, займала прызавыя месцы. Калі прыйшоў час выбі­раць прафесію, вырашыла пасту­паць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт фізічнай культуры, прыслухалася і да парад трэнера — выпускніка гэтай УВА. Вельмі цёплыя ўспаміны засталіся пра гады, праведзеныя ва ўніверсітэце. Калі бываю на курсах у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, заўсёды адпраўляюся на любімы факультэт, сустракаюся са сваімі былымі выкладчыкамі, якія ўкладваюць душу ў студэнтаў. Яны выхавалі мяне як педагога і як чалавека.

Вярнуўшыся ў Навагрудак дыпламаваным спецыялістам, Яна Юр’еўна вырашыла пайсці працаваць не ў родную школу, а ў іншую, такім чынам пачаўшы новую старонку ў жыцці. І, як яна прызнаецца, не прагадала з выбарам школы. Сустрэлі вельмі добра і, што самае прыемнае, сталі падтрымліваць усе пачынанні, новыя ідэі маладога педагога. Так адбываецца і ў лагеры “Свіцязь”. Дырэктар лагера Ірына Мікалаеўна Жагат падтрымлівае і дапамагае ва ўсім.

— Гэта вельмі цудоўна, калі не абломваюць крылы і ты можаш усю сваю душу ўкласці ў работу, — пераканана малады педагог. — Першы год быў дастаткова цяжкім, паступова шукала падыход да навучэнцаў, і, лічу, мне гэта ўдалося. Вельмі падкупляе, калі бачыш, як хлопчыкі і дзяўчынкі з такім задавальненнем рвуцца на ўрокі фізкультуры. Тады разумееш, што ёсць для каго працаваць, што робіш гэта недарэмна. Часам стамляюся, бо шмат сіл аддаю рабоце, але, мне здаецца, гэта акупляецца, эмацыянальна дык дакладна. Яшчэ я працую з камандай па міні-футболе з Карэліч і навагрудскай футбольнай камандай “Факел Навагрудак”, не трэнірую, а вяду іх сацыяльныя сеткі.

Спорт усё ж застаўся ў жыцці Яны Варанко. Яна не толькі працуе настаўнікам у школе, але і трэнерам па лёгкай атлетыцы ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Лідар”, дзе займаецца з навучэнцамі іншых школ раённага цэнтра.

— Працаваць летам у лагеры мне падабаецца, хоць тут і сабраліся вельмі розныя дзеці, а ў школе я займаюся з пачатковымі класамі, — расказвае Яна Юр’еўна. — У мінулым годзе дырэктар школы прапанавала мне па­ехаць у лагер. Спачатку сумнявалася, бо ні разу не адпачывала ў лагеры, не была і ў якасці важатай. Дзякуючы Надзеі Вайцехаўне Аўсянай і Вікторыі Юр’еўне Іскандэравай, адаптавалася, падтрымала мяне і начальнік лагера. Я ўбачыла, што тут класны калектыў, кожны са сваёй іскрынкай, з ідэямі, якія яны прыўносяць у жыццё дзяцей і самі атрымліва­юць ад гэтага задавальненне. Я вельмі рада, што яшчэ раз прыехала ў аздараўленчы лагер.

Падчас урокаў у школе Яна Юр’еўна знайшла падыход да непаслухмяных дзяцей. Дапамагае гэта і падчас работы выхавальнікам у лагеры. Педагог заўважыла, што такім дзецям трэба ўдзя­ляць крыху больш увагі, часам даваць адказныя даручэнні, тады яны становяцца больш спакойнымі і разумеюць, што ім даверылі нейкую справу і нельга падвесці настаўніка. І дзеці цягнуцца да яе. Як расказала настаўніца, з чацвёртымі класамі ў мінулым годзе было крыху складана, бо раней у іх кожны год мяняліся педагогі. Але з часам зблізіліся, і дзеці ўжо былі гатовы дапама­гаць настаўніку на ўроку.

— Мая задача — камунікаваць з дзецьмі, каб было не так, што я сказала, а яны зрабілі. Не, кажу я ім, давайце вы таксама будзеце прапаноўваць нейкія ідэі, — дзеліцца настаўніца. — Я адкрытая, гатовая да нечага новага. Таксама хацела б больш прыцягваць бацькоў да заняткаў з дзецьмі. Мы запрашалі бацькоў на спартыўныя спаборніцтвы, і я бачыла аддачу. Гэта вельмі важная камунікацыя: настаўнік, навучэнцы і іх бацькі.

Яна Варанко прызналася:

— Я рада, што стала педагогам. Мама кожны раз, калі я расказваю пра сваю работу, заўважае, што ў мяне гарыць агеньчык у вачах.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара