Настаўніца біялогіі Наталля Мацкевіч: «Да людзей, як да кветак, трэба адносіцца з клопатам»

- 13:23Профсоюзный лидер

“Да людзей, як да кветак, трэба адносіцца з клопатам”. Гэты жыццёвы прынцып дапамагае настаўніцы біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 1 Белаазёрска імя І.В.Свідзінскага Наталлі Мацкевіч быць сапраўдным прафсаюзным лідарам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Па матчыных слядах

Пярвічную прафсаюзную арганізацыю роднай школы Наталля Даніілаўна ўзначальвае пяты год. Яна прызнаецца, што, калі калегі падчас прафсаюзнага сходу выбралі яе старшынёй, былі сумненні, ці атрымаецца належным чынам выконваць новыя для сябе абавязкі. Час паказаў, што ў сваіх сілах яна сумнявалася дарэмна.

Ды і як магло быць інакш, калі яна — адна з дастойных прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі?! Школьнае жыццё роднае і зразумелае для яе з самага дзяцінства. Маці Марыя Іванаўна Юрэня больш за 20 гадоў працавала ў сярэдняй школе № 1 Белаазёрска настаўніцай біялогіі, была выдатным педагогам. Яе вучні займалі прызавыя месцы на раённых і абласных алімпіядах па біялогіі, у конкурсах на экалагічную тэматыку, з задавальненнем наведвалі гурткі “зялёнага” кірунку. У іх ліку была і дачка Наталля, якая вучы­лася ­ў гэтай жа школе і скончыла яе з залатым медалём. На жаль, Марыя Іванаўна рана, усяго ў 52 гады, пайшла з жыцця. Але яна паспела парадавацца таму, што дачка таксама выбрала прафесію педагога.

Наталля Даніілаўна скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Біялогія і хімія” і вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці настаўніцы. Яе муж Вячаслаў Станіслававіч таксама педагог, працуе ў сярэдняй школе № 3 Белаазёрска настаўнікам фізічнай культуры. Ён воін-інтэрнацыяналіст, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане. У іх трое дзяцей і пяцёра ўнукаў. Дачка Вікторыя скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры па спецыяльнасці “Псіхолаг, настаўнік фізічнай культуры і здароўя”, засталася праца­ваць ва ўніверсітэцкай лабараторыі. Нявестка Вікторыя — настаўніца фізічнай культуры і здароўя ў гімназіі № 16 Мінска.

Адчувальны клопат

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы № 1 Белаазёрска аб’ядноўвае 90 чалавек. Сярод іх — 63 работнікі школы, з якіх 37 педагогаў, і 27 ветэранаў працы.

Ахоп калектыву прафсаюзным членствам — 100%. І гэта не дзіўна. Работнікі добра ведаюць, што арганізацыя існуе не дзеля раздачы пад Новы год цукерак, на яе рахунку — шмат разнастайных спраў.

У калектыўным дагаворы прапісаны шэраг актуальных мер сацыяльнай падтрымкі, якія з’яўляюцца прыемным дапаўненнем да замацаваных заканадаўствам агульных норм. Прычым тычацца яны самых розных катэгорый работнікаў.

Так, для маладых спецыялістаў устаноўлена максімальна дазволеная надбаўка за работу па кантракце — 50% ад акладу. Прычым, калі чалавек вырашае застацца пасля абавязковай адпрацоўкі, яна захоўваецца. Часткова кампенсуюцца затраты на наём жылых памяшканняў — у памеры дзвюх базавых велічынь (на сёння гэта 74 рублі) у месяц. Прадугледжана матэрыяльная дапамога хлопцам, якія пасля службы ў войску вяртаюцца на работу ў школу, а таксама іншыя бонусы.

Для вопытных педагогаў калектыўным дагаворам прадугле­джаны надбаўкі за настаўніцтва і высокія дасягненні ў працы. Калі педагог падрыхтаваў пераможцу рэспубліканскай алімпіяды, яму на працягу двух гадоў штомесяц выплачваецца заахвочванне ў памеры базавай стаўкі (на сёння гэта 235 рублёў), абласной — 60% базавай стаўкі.

Адчуваюць падтрымку прафсаюза і работнікі, якія маюць дзяцей. Да цёплых слоў віншавання з нагоды нараджэння дзіцяці дабаўляецца матэрыяльная дапамога. Калектыўным дагаворам прадугледжаны выхадныя 1 верасня і ў дзень апошняга званка для мам і татаў першакласнікаў і выпускнікоў школы. Мнага­дзетным баць­кам прафсаюз дапамагае падрыхтаваць дзяцей да новага навучальнага года, выдзяляючы на кожнага школьніка па адной базавай велічыні (на сёння гэта 37 рублёў). Сёлета такім чынам дапамаглі сабрацца ў школу пяці дзецям з трох сем’яў.

Па словах Наталлі Мацкевіч, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы прафсаюза, санаторна-курортнае аздараўленне запатрабавана. Толькі гэтым летам такой магчымасцю скарысталіся тры работнікі.

Калі чалавек едзе ў прафсаюзныя здраўніцы, яму кампенсуецца да 75—80% кошту пуцёўкі. Прадугледжана падтрымка і ў тым выпадку, калі чалавек выбірае санаторыі не па лініі прафсаюза. Ён можа разлічваць на 10-працэнтную кампенсацыю.

 — Калектыўны дагавор мы заключылі ў мінулым годзе, ён бу­дзе дзейнічаць да 2025 года. Жыццё не стаіць на месцы, некаторыя нормы пасля абмеркавання з калектывам змянілі, дапоўнілі. Напрыклад, унеслі пункт у інтарэсах нізкааплатных, у параўнанні з іншымі, катэгорый работнікаў — педагогаў сацыяльных, педагогаў-псіхолагаў, педагогаў-арганізатараў, бібліятэкараў, гарантаваўшы ім надбаўку ў памеры 50% ад акладу, — расказ­вае Наталля Даніілаўна.

На высокім узроўні наладжана інфармацыйная работа і работа па ахове працы. У 2022 годзе пярвічная прафсаюзная арганізацыя школы заняла 1-е месца ў раённым і 3-е месца ў абласным конкурсе прафсаюзных куткоў сярод устаноў адукацыі. Па выніках 2022 года на раённым конкурсе па ахове працы пярвічка заняла 1-е месца ў намінацыі “Лепшая пярвічная прафсаюзная арганізацыя па ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы” і атрымала падзяку за ўдзел у абласным этапе гэтага конкурсу.

Стварыць настрой

Дзверы прафсаюзнага лідара і яе надзейных паплечнікаў з ліку прафактыву заўсёды адчынены для людзей.

— Часцей за ўсё прыхо­дзяць атрымаць кансультацыю, удакладніць тыя ці іншыя моманты па атрыманні сацыяльнай падтрымкі. А ўвогуле, пытанні бываюць самыя розныя. Уважліва вы­слухоўваю і імкнуся дапамагчы як словам, так і справай. Лю­дзі — яны ж як кветкі, якія я вельмі люблю і ўсё жыццё вырошчваю і дома, і ў школе. Трэба ставіцца да іх беражліва, з клопатам. Калі чалавек задаволены, адчувае, што яго цэняць, дапамагаюць, гэта найлепшым чынам адбіваецца на яго працы, на мікраклімаце ў калектыве, — адзначае мая суразмоўніца.

Яна падкрэслівае, што добрых вынікаў у рабоце праф­саюза ўдаецца дасягнуць дзякуючы на­дзейна выбудаванаму сацыяльнаму партнёрству з кіраўніцтвам школы. Дырэктар установы адукацыі Генадзь Мікалаевіч Карпук заўсёды нацэлены на канструктыўны дыялог. Прадстаўнікі прафсаюзнага камітэта ёсць ва ўсіх камісіях — па працоўных спрэчках, па размеркаванні стымулюючых надбавак, па харчаванні і інш.

Дапамагаюць Наталлі Да­ніілаўне і калегі па прафсаюзнай дзейнасці. Новы ўчастак работы асвоіла дзякуючы слушным парадам сваёй папярэдніцы на гэтай грамадскай пасадзе настаўніцы пачатковых класаў Ірыне Ула­дзіміраўне Місоўскай. Кампетэнтны адказ на любое пытанне заўсёды атрымлівае ад старшыні Бярозаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Якімаўны Фамюк. Па меры неабходнасці звязваецца са старшынямі прафсаюзных пярвічак іншых устаноў адукацыі Белаазёрска і Бярозы. Яны дзеляцца вопытам, раяцца, натхняюць адно аднаго на новыя ідэі.

— Каб узначальваць праф­саюз, трэба быць камунікабельным, мець падыход і да таго, хто можа ўскіпець, і да таго, каго трэба разварушыць. Трэба быць аўтарытэтным, умець павесці за сабой калектыў. І вельмі важна мець каманду адна­думцаў, якія гатовы працаваць ра­зам з табой. Мне пашанцавала: наш прафкам — гэта менавіта такая каманда. І ўвогуле калектыў у нас выдатны, у ім шмат актыўных, крэатыўных работнікаў, — адзначае Наталля Мацкевіч.

З усмешкай яна расказвае аб традыцыі ладзіць да розных свят тэатральныя пастаноўкі, на якіх заўсёды шмат гумару і нечаканых пераўвасабленняў. Асабіста яна пабывала і ёлкай, і кухаркай, і яшчэ шмат кім. Такія мерапрыемствы збліжаюць калектыў, дазваляюць па-іншаму паглядзець адно на аднаго.

Члены прафсаюза актыўна ўдзель­нічаюць у спартыўных спаборніцтвах, турзлётах, паходах выхаднога дня, выязджаюць на экскурсіі. У ліку апошніх — паездкі ў былы канцлагер Бяроза-Картузская, музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”.

Асаблівае месца ў рабоце прафсаюза адведзена былым супрацоўнікам, якія выйшлі на пенсію. Дарэчы, самай старэйшай з іх, Любові Сцяпанаўне Яцкевіч, ужо 91 год. Іх запрашаюць у школу на святы, мерапрыемствы, абавязкова віншуюць з днём нараджэння.

Ёсць такая традыцыя: пасля апошняга званка выпускнікоў да помніка савецкім лётчыкам і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, суправаджае ветэран працы. Такая шчырая ўвага для пажылых людзей прыемная, а для тых педагогаў, якія яшчэ працуюць, яна служыць напамінам: адданасць школе і прыкла­дзеныя намаганні не забудуцца і праз гады.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з асабістага архіва Н.Д.Мацкевіч