Настаўніца геаграфіі сярэдняй школы аграгарадка Хізаў Кармянскага раёна Таіса Мельнікава вучыць школьнікаў арыентавацца не толькі ў лесе, але і ў інфармацыйнай прасторы, адрозніваць праўду ад фэйкаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Абавязкова вучу крытычнаму стаўленню да крыніц. Бывае, што дзеці наглядзяцца TikTok і прымаюць фэйкі за праўду. Разам шукаем правераныя крыніцы. Наогул я кажу вучням: тлумач, аспрэчвай, даказвай, — выказвае сваё меркаванне педагог.
У прафесіі Таіса Іванаўна 29 гадоў. Яе бацька Іван Максімавіч Выдранкоў у гэтай жа школе працаваў з 1939 года. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, педагог пайшоў на фронт абараняць Радзіму. Служыў у сувязі, быў паранены ў баях за Будапешт. З медалём “За адвагу” і інваліднасцю лейтэнант Іван Выдранкоў вярнуўся з вайны. Пасля яшчэ 34 гады выкладаў нямецкую мову.
— Бацька быў вельмі патрабавальным настаўнікам, — расказвае педагог. — Затое многія з тых, хто ў яго вучыўся, дагэтуль памятаюць вершы на нямецкай мове. Кагосьці з яго вучняў лёс закінуў жыць у Германію. Казалі, што там веданне мовы на ўзроўні разумення было практычна адразу. Такія трывалыя веды мой бацька даваў у сельскай школе. Шкада, мяне ён ужо не вучыў — пайшоў на пенсію.
Таіса Іванаўна — самая малодшая з шасці дачок Івана Максімавіча Выдранкова. Яна і сястра Наталля выбралі ўслед за бацькам педагогіку ў якасці прафесіі. Таіса з залатым медалём скончыла Хізаўскую школу і паступіла на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1989 годзе. Думак застацца ў сталіцы пасля заканчэння УВА не было:
— Адразу хацела вярнуцца на радзіму. Муж Аляксандр у мяне адсюль родам. Цяпер ён працуе загадчыкам гаспадаркі ў нашай школе.
Педагог гаворыць, што за выбар прафесіі ўдзячна бацьку і ўсім сваім школьным настаўнікам:
— Мне пашанцавала — у нас былі выдатныя настаўнікі, і мы лічылі, што павінны працягнуць іх шлях. Тады вельмі прэстыжна было быць педагогам. У нас у класе вучылася 13 чалавек. З іх 6 сталі педагогамі. Мая сястра Наталля Іванаўна Дзергачова свой працоўны шлях пачынала ў нашай школе, але ў 1986 годзе, калі здарылася аварыя на ЧАЭС, лёс закінуў яе на Міншчыну. Зараз яна выдатнік адукацыі, кіруе чысцінскім дзіцячым садам № 2 Маладзечанскага раёна. Яе ўстанова адукацыі ў 2011 годзе была лепшай сярод сельскіх дзіцячых садоў рэспублікі. Пляменніца Дар’я Андрэеўна Юрчанка выкладае англійскую мову. Ёсць яшчэ пляменнік Павел, які ў Краснадары працуе настаўнікам інфарматыкі.
Падчас урока Таіса Іванаўна ўвесь час у руху. Колькі крокаў такім чынам пройдзена, не лічыла. Ёй важна, каб дзеці з ёй цесна супрацоўнічалі. Педагог упэўнена, што прымяненне ведаў на практыцы — жыццёвая неабходнасць:
— Спрабую навучыць школьнікаў вучыцца. Важны не аб’ём інфармацыі, а разуменне каштоўнасці яе самастойнага здабывання. Даволі часта выкарыстоўваю прыём “роўны вучыць роўнага”. Вучні тады вельмі добра слухаюць адзін аднаго. Ёсць у геаграфіі любімая тэма — арыентаванне на мясцовасці. На ўроках мы бяром компасы і ідзём па тэрыторыі школы шукаць, напрыклад, скарб. Адначасова высвятляем, дзе поўнач, дзе поўдзень. Вызначаем бакі свету і па прыродных арыенцірах. Вось так, быццам бы незаўважна, засвойваюцца веды. А потым праз гады вучні дзякуюць. Кажуць: “Пасля вашых урокаў геаграфіі выходзілі з лесу без праблем”.
Што можна адказаць на пасыл некаторых бацькоў “Геаграфія табе не патрэбна. Вучы толькі матэматыку і замежную”? Такое сцвярджэнне Таіса Іванаўна лёгка разбурае, апелюючы тым, што ўсе навукі звязаны паміж сабой і не будзе моцных ведаў пра свет без разумення геаграфіі:
— А яшчэ школьнікам падабаецца, калі кажу прыкладна так: пойдзеш на спатканне з дзяўчынай і зможаш ёй расказаць пра тое, што ўяўляе сабой той ці іншы рэльеф, якія тут лясы і рэкі… Мае выпускнікі дагэтуль успамінаюць, як мы размаўлялі з імі пра сям’ю, узаемаадносіны, а не толькі пра ўрокі. Да таго ж гляджу тыя фільмы, якія мае вучні глядзяць, каб мець магчымасць з імі пагутарыць на розныя хвалюючыя тэмы. Трэба быць на адной хвалі з дзецьмі. Школьнікаў у нас не вельмі шмат, але да кожнага важна знайсці індывідуальны падыход. Часам дзіця прыходзіць на ўрок непадрыхтаваным. Я не стаўлю яму дрэнную адзнаку адразу. Пагаворым, высветлім, у чым прычына, што здарылася ў сям’і. На наступны раз школьнік усё вывучвае. У нас усё навідавоку, і гэта абавязвае да многага. Ды і самому трэба падтрымліваць высокі статус педагога.
Інтэрнэт зраўняў у магчымасцях сельскую і гарадскую школу, адзначае педагог. Тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка і, каб быць на ўзроўні, трэба актыўна супрацоўнічаць і ў гэтым кірунку з дзецьмі:
— Я не саромеюся звяртацца да вучняў па дапамогу. У нашай сельскай школе дзеткі прасунутыя і заўсёды дапамагаюць. Ну і мы ім у сваю чаргу аказваем дапамогу. Усе факультатывы ў нас бясплатныя. Бацькі звяртаюцца, дзеці падыходзяць — заўсёды дапамагаю, у тым ліку пасля ўрокаў. Усё засвоіць у межах 45 мінут складана — практычныя заданні па геаграфіі вельмі няпростыя. Таму запрашаю: дзеці, прыходзьце ў вольны час і разам папрацуем. З тымі, хто прэтэндуе на больш высокі ўзровень ведаў, працуем індывідуальна.
Настаўнік у сельскай школе заўсёды ўніверсал. Таіса Іванаўна не выключэнне. Гадзін геаграфіі нават на палову стаўкі не хапае. Таму глыбокае засваенне іншых прадметаў было неабходнасцю.
— Так, я географ, які вучыць хіміі, біялогіі, грамадазнаўству і гісторыі, — усміхаецца Таіса Іванаўна. — Цяпер добра ведаю і гэтыя дысцыпліны, рыхтую дзяцей, і пасля нашых заняткаў яны паступаюць у медінстытут, на экалагічны ці на юрыдычны факультэт. Вучні мяне не забываюць і дзякуюць за дапамогу.
Зараз у Таісы Мельнікавай новы этап: яна прайшла перападрыхтоўку ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны і стала дыпламаваным настаўнікам-дэфектолагам. Акрамя асноўных прадметаў, займаецца яшчэ і з дзеткамі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.
Таіса Іванаўна ганарыцца сваімі выпускнікамі. Асобна адзначае Вольгу Валер’еўну Мішакову, якая выбрала тую ж спецыяльнасць — стала настаўніцай геаграфіі:
— Дачка нашых настаўнікаў Антаніны Валер’еўны і Валерыя Мікалаевіча Мішаковых стала маёй паслядоўніцай і цяпер працуе ў Каменскай сярэдняй школе Кармянскага раёна. Іншыя мае выпускнікі сталі настаўнікамі пачатковай школы.
А яшчэ Таіса Мельнікава заўсёды ўдзельнічае ва ўсіх школьных мерапрыемствах і разнастайных конкурсах. Прычым робіць гэта не па шаблоне і, вядома, з актыўным удзелам навучэнцаў.
— Мне прыемна, што дзеці падчас вучобы ўцягваюцца ў даследчую дзейнасць — у нас ёсць узнагароды на ўзроўні вобласці і краіны. За распрацоўку настольных гульняў мы атрымалі дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу “Піянерская гульня”, дыплом І ступені — па выніках рэспубліканскага конкурсу “Мы выбіраем ЗЛЖ — шлях да поспеху”. На трэцяй прыступцы нашы школьнікі па выніках абласных конкурсаў “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” і “Хачу быць педагогам”, — расказвае настаўніца.
Аграгарадок Хізаў знаходзіцца ў баку ад вялікіх дарог, за 100 кіламетраў ад абласнога цэнтра і за 20 — ад раённага. Аднак тыя, хто застаецца тут жыць і працаваць, шануюць гэты непаўторны куток Беларусі за яго сціплую прыгажосць і ўнікальныя прыродныя ландшафты, упэўнена настаўніца геаграфіі Таіса Мельнікава:
— Дзяржава дае велізарныя магчымасці для ўсіх тых, хто хоча працаваць на зямлі, пачынаць сваю справу. Сярод нашых выпускнікоў ёсць шмат прадпрымальнікаў. Тыя, хто стварае сваю сям’ю, укараняюцца і застаюцца, ім тут падабаецца. Лепш, чым наш Хізаў, няма месца на Зямлі. Мае сёстры, якія жывуць на Міншчыне і ў Расіі, імкнуцца кожны год прыехаць сюды хоць бы на некалькі дзён. Гэта, як кажуць падлеткі, месца сілы нашага роду.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара