Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Навагрудка Ірына Каратай расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» пра сваю работу ў Моладзевым парламенце пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
— Без матывацыі паспяваць усё было б цяжка, бо ў мяне яшчэ і малое дзіця, таксама я кірую школьным музеем ільну і побыту, дзе ў нас захоўваецца ўнікальная калекцыя льняных вырабаў — 185 экспанатаў, — гаворыць настаўніца. — Думаю, што менавіта любоў да роднай культуры і мовы, да свайго краю, а таксама неабыякавасць да людзей і добрае веданне вясковага побыту дапамаглі мне трапіць у маладзёжны парламент. Я ж сама з вёскі, вырасла ў Мастоўскім раёне, вучылася ў Рагозніцкай сярэдняй школе. Маці працуе ў сельскім Доме культуры, бацька — у калгасе. З дзяцінства я ведала праблемы і мары вясковых людзей.
Выкладае Ірына Паўлаўна ў 5—7 класах — а гэта, як яна адзначае, самы адказны ўзрост для падлеткаў, калі важна праводзіць з імі сур’ёзную выхаваўчую работу, не ўпусціць час, быць з імі на адной хвалі. За добрыя вынікі працы дырэктар гімназіі прапанавала яе кандыдатуру ў маладзёжны парламент ад Навагрудскага раёна. Хутка будзе роўна год, як Ірына Каратай прадстаўляе інтарэсы мясцовай моладзі.
— Гэта вялікі давер да мяне ад нашай дзяржавы, але і вялікая адказнасць. Важна зразумець, чаго хоча і што адчувае моладзь. Данесці на ўзроўні раёна і нават рэспублікі іх цікавыя ідэі, — тлумачыць настаўніца. — Я ўваходжу ў камісію па навуцы і адукацыі. Наша галоўная задача — выявіць кірункі, якія будуць садзейнічаць развіццю сістэмы адукацыі. Штомесяц мы праводзім анлайн-пасяджэнні, абмяркоўваем сваю работу, праекты, поспехі і праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца. Кожны трэці чацвер месяца я прымаю ўдзел у адзіным парламенцкім дні — наведваю ўстановы адукацыі Навагрудчыны, праводжу сустрэчы з вучнямі, педагогамі, расказваю аб дзейнасці парламента, цікаўлюся, чым магу быць карыснай. Дарэчы, я стараюся не прапускаць ніводнай прамой тэлефоннай лініі, якія праводзяць з насельніцтвам кіраўнікі раёна. Гэта дазваляе ўбачыць, што турбуе людзей. Адпачываць няма калі. Заставацца ў тонусе, напэўна, дапамагае маё вялікае жаданне зрабіць жыццё нашай моладзі лепшым і цікавейшым.
У маі Навагрудак атрымаў пачэсны статус “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”.
У маладзёжны парламент Навагрудскага раёна ўваходзяць 33 прадстаўнікі ад розных устаноў адукацыі, у асноўным гэта вучні 10—11 класаў. Адзін з іх — адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 1 Навагрудка Мікіта Авечкін — стаў пераможцам конкурсу “Лідар года — 2022”. Ён займаўся распрацоўкай тэмы, прысвечанай Мэтам устойлівага развіцця. Гэта значыць, што школьнікі задумваюцца пра будучыню дзяржавы.
— Задача маладзёжнага парламента — прыцягнуць да працы як мага больш маладых людзей, дапамагчы ім асэнсаваць сябе сапраўднымі грамадзянамі незалежнай Беларусі, не заставацца ўбаку, — разважае Ірына Каратай. — Дзеці Навагрудчыны прымаюць удзел у шматлікіх спартыўных мерапрыемствах, раённых і рэспубліканскіх конкурсах. Наведваем мы і розныя гарады краіны, а таксама прымаем дэлегацыі ў Навагрудку.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Ірыны КАРАТАЙ