Настаўніца Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа Ірына Казачэнка – пра асаблівасці лічбавых урокаў

- 13:22Образование, Портфолио, Приложение

Быць сучаснай і цікавай дзецям умее Ірына Казачэнка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, настаўнік­метадыст Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа. Найбольш даспадобы яе вучням так званыя лічбавыя ўрокі, якія праводзіць педагог. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўнікі лельчыцкай школы № 1, дзе я вучылася, навучылі мяне галоўнаму — уменню самастойна здабываць веды, прывілі любоў да роднай мовы і літаратуры, — гаворыць Ірына Рыгораўна. — Пасля выкладчыкі Мазырскага дзяржінстытута імя Н.К.Крупскай абудзілі ціка­васць да педагагічнай прафесіі. І ўжо амаль 30 гадоў з такой місіяй працую і я. Заставацца сучаснай мне дапамагаюць інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт-сэрвісы, якія выкарыстоўваю для таго, каб пада­ваць вучэбны матэрыял захапляльна. Сваімі напрацоўкамі дзялюся і з калегамі падчас лекцый у АПА і абласных ІРА.

Галоўная праблема настаўні­каў-філолагаў — прыцягнуць вучняў да чытання. Прымусіць немагчыма, можна толькі зацікавіць. На погляд Ірыны Рыгораўны, каб адчуць беларускае слова, улюбіцца ў яго, варта азнаёміцца з творчасцю Уладзіміра Караткевіча — шматграннай, пранікнёнай і шчымлівай, дзе пераплятаюцца гісторыя, містыка, каханне.

— Завалодаць увагай вучняў можна праз розныя метадычныя прыёмы, гэтакія кручочкі-зачэпкі, — адзначае педагог. — Звернемся да твора Івана Мележа “Людзі на балоце”. Абмяркоўваем каханне Васіля і Ганны. Усім дзяў­чатам у класе можна за­даць пытанне “А колькі б вы чакалі свайго хлопца на спатканні?”. Адказы гу­чаць розныя: гадзіну, 15 хвілін. А вось Ганна ледзь не да раніцы чакала свайго Васіля. Ці можна такое сёння ўявіць? З гэтага моманту класу ўжо цікава даведацца пад­рабязнасці ўзаемаадносін галоўных герояў твора.

Можна не толькі прыдумаць цікавыя для сучасных школьнікаў пытанні, але і прадэманстраваць буктрэйлер, правесці віктарыну, прымяніць прыём прамоўцы або рэкламшчыка і за адну хвіліну красамоўна пераканаць вучняў, што той ці іншы твор варта прачы­таць. У далейшым вучні самі робяць такую рэкламу творам, ствараюць невялікія відэа, буктрэйлеры, якія агучваюць.

Перспектыўным напрамкам у навучанні Ірына Рыгораўна лі­чыць анімацыю, відэаілюстрацыі да літаратурных твораў, асабліва для дэманстрацыі незразумелых працэсаў ці слоў, што выйшлі са штодзённага ўжытку. Так, пры вывучэнні верша У.Караткевіча “Беларуская песня” ў 8 класе настаўніца дэманструе візуалізаваны твор, што дапамагае ўбачыць названыя ў вершы мясціны Беларусі, растлумачыць сэнс слоў “кажаны”, “знічкі”, “ралля”, уявіць вобразы паэтычнага твора. Відэагісторыя ў ма­люнках дае магчымасць прасачыць за развіццём сюжэта, персанажамі, часам і акалічнасцямі. Калі мастацкі твор невялікага аб’ёму, можна пачынаць адразу з прагляду анімацыйнага сюжэта.

У відэа да ўрока беларускай літаратуры ў 7 класе па тэме “З.Бядуля “Шчасце не ў золаце” даецца тлумачэнне значэння слова “шчасце”. Далей вучні сочаць за аніміраваным сюжэтам абразка. Пасля слоў “Ой, не пайду за цябе замуж…” на экране з’яўляецца пытанне “Чаму адмовіла панічу дзяўчына?” (прагназаванне тэксту). Вучні адказваюць, і сюжэт працягваецца. Падлеткі могуць супаставіць свае адказы са зместам абразка. Пасля слоў “Не трэба багатага молайца” яшчэ пытанне: “У чым бачыла яна сваё шчасце?”. Спачатку адказваюць вучні, потым у кадры з’яўляюцца радкі абразка.

Галоўнае для мяне, каб вучні выходзілі з урока неабыякавымі, ведалі мову, правільна, прыгожа і аргументавана гаварылі на ёй, любілі беларускую класіку, маглі разва­жаць аб творы, выказваць свае думкі.

Анімацыю можна выкарыстаць пры асваенні тэарэтычнага матэрыялу па беларускай мове. Пры тлумачэнні (паўтарэнні, замацаванні) такой фанетычнай з’явы, як падаўжэнне, можна прапанаваць вучням прагледзець кароткі відэаролік. Калі тлумачыцца правіла, настаўнік можа паста­віць відэа на паўзу і прапана­ваць запісаць прыклады з відэа, пры паўтарэнні/замацаванні тэмы — дапоўніць іх уласнымі прыкладамі. На перадапошнім кадры з’яўляецца інтэрактыўнае практыкаванне, створанае на рэсурсе Learningapps. Спасылка на QR-код даецца на экране.

— Інтэрнэт-сэрвісы часцей прымяняю на ўроках літаратуры, бо гэты прадмет відовішчны, творчы, — адзначае Ірына Рыгораўна. — Для мовы шукаю сэрвісы са зваротнай сувяззю, каб можна было адразу атрымаць вынікі, паставіць дзецям пэўны бал за выкананне задання ці тэста. Так, анлайн-гульню “Чорны кот” даю вучням 9 класа для падагульнення і сістэматызацыі ведаў па беларускай літаратуры. Поле пытанняў прадстаўлена ў выглядзе інтэрактыўнага плаката ў сэрвісе Genially. Прадстаўнікі каманд па чарзе кі­даюць ігральны кубік. Рух па полі пытанняў ідзе ад клеткі “Старт” па стрэлцы гадзінніка. Пытанні, на якія дадзены адказ, у наступных кругах не ўлічваюцца. Нумар наступнага пытання адлічваецца ад толькі што разыгранай клеткі. Колькасць кругоў, па якіх ідзе рух, неабмежавана. Гульня размешчана па спасылцы . За кожны правільны адказ даецца адзін бал (падлік балаў вядзецца шляхам запісу на дошцы ці з дапамогай фішак, наклеек, стыкераў). 

У скарбонцы Ірыны Рыгораўны таксама ёсць інтэрактыўныя віктарыны па беларускай літаратуры, лінгвістычныя квесты, інтэрактыўная інфаграфіка, арфаграфічныя “авіярэйсы”, інтэрактыўныя практыкаванні пошукавага характару. І добра знаёмыя ўсім вучэбныя плакаты сталі інтэрактыўнымі.

Так, інтэрактыўны плакат, створаны да ўрока беларускай літаратуры ў 8 класе па вывучэнні п’есы А.Дударава “Вечар” змяшчае партрэт аўтара, фота­здымкі эпізодаў спектакля на фоне вячэрняга пейзажу. Вучні знаёмяцца з асобай аўтара, героямі драматычнага твора. Можна выкары­стаць прыём “Прагназаванне зместу”: паразважаць, чаму твор мае такую назву, пра што ў ім пойдзе гаворка.  

На полі інтэрактыўнага плаката размешчаны значкі (гарачыя кнопкі), праз якія васьмікласнікі знаё­мяцца з вучэбнай інфармацыяй.

1. Тэкст п’есы. Вучні працуюць са зместам у зручны для іх час.

2. Экранізацыя ўрыўка з твора. Можна ўбачыць акцёрскае ўвасабленне зместу драматычнага твора.

3. Інтэрактыўныя практыкаванні (Learningapps):

  • расстаўце падзеі п’есы ў храналагічным парадку (аналаг традыцыйнаму складанню плана мастацкага твора);
  • пазнайце, пра лёс каго з герояў гаворыцца ў цытаце.

4. Інтэрактыўная віктарына “Пазнай персанажа” (Genially): вучням даецца 6 пытанняў, адкрыва­ючы якія яны могуць пазнаць персанажа п’есы.

5. Інтэрактыўная гульня “Па­знай, хто пра каго гаворыць”: за шасцю рознакаляровымі сектарамі размешчаны пытанні. Вучні выбіраюць і адкрываюць любы сектар, па цытаце называюць героя твора.

6. “Збяры пазл”. На этапе рэфлексіі вучні збіраюць пазл — партрэт аўтара твора, адну са сцэн п’есы.

7. Практыкаванне для рэфлек­сіі дадзена ў выглядзе тэксту: “На старонцы рабочага сшытка абвядзіце сваю далонь. На кожным пальцы запішыце абяцанні, якія б вам хацелася даць бацькам, свайму сумленню”.

Гэты рэсурс можна назваць універсальным канструктарам урокаў, інтэрактыўных дыдактычных адзінак.

— Матэрыял да ўрокаў дапамагае аб’яднаць інтэр­актыўная дошка, інтэрнэт-сэрвіс Netboard, — працягвае педагог. — Сэрвіс дазваляе размяшчаць тэкст, выявы, спасылкі на іншыя сэрвісы, відэа, прымацоўваць файлы, аўдыязапісы. Прапаную ўрокі па вывучэнні аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. На галоўнай старонцы размешчаны спасылкі на тэкст аповесці анлайн і аднайменны мастацкі фільм, а таксама музычны трэк да фільма. Злева навігацыя скіроўвае да мэт кожных заняткаў. Старонка змяшчае матэрыял, якім настаўнік можа кіравацца пры вывучэнні аповесці.

“Октопус” — яшчэ адзін цікавы рэсурс, які дазваляе аб’яд­наць пад­рыхтаваны настаўнікам матэрыял па тэме. Наступны метадычны матэрыял можна выкарыстоўваць пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Жураўліны крык” у 8 класе. Сістэма ўрокаў тут прадстаўлена ў выгля­дзе ментальнай карты — гэта аб’ёмная мадэль тэмы, графічнае прадстаўленне інфармацыі. У цэнтры карты знаходзіцца выява аўтара твора. Ад яго адгаліноўваецца пэўны кантэнт: цытаты, паняцці, спасылкі на інтэрактыўныя практыкаванні, табліцы, заданні, выявы, урыўкі з мастацкага фільма.

Рэсурс Сoreapp дае магчы­масць працаваць і ў класе, і дыстанцыйна. Гэты канструктар урока дазваляе размясціць тэксты, медыяфайлы, выявы, прымацаваць дакументы ў розных фарматах, стварыць тэсты, прапанаваць практыкаванні на класіфікацыю, запоўніць пропускі, атрымаць зваротную сувязь. Наступная спасылка для настаўніка на ўрок беларускай літаратуры ў 5 класе па вывучэнні апавядання У.Караткевіча “Былі ў мяне мядзведзі”.

Займальнае гульнявое шоу дазваляе стварыць рэсурс Wordwall. Такую віктарыну Ірына Рыгораўна праводзіла для вучняў 11 класа па рамане У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. На экране размяшчалася цытата ці пытанне і павольна з’яўлялася выява персанажа мастацкага твора. Калі вучань гатовы адказваць, то націскае на кнопку. Адкрываюцца ва­рыянты адказу. Удзельнік гульні выбірае варыянт і адразу ба­чыць, ці правільна адказаў.

Заахвоціць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры дазваляюць інтэрактыўныя кнігі, якія настаўніца стварае ў сэрвісе PubHTML5 і выкарыстоўвае для падрыхтоўкі вучняў да ЦЭ і каб разнастаіць заняткі.

***

Ірына Казачэнка — пераможца абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, двойчы ўзнагароджана на Міжнародным майстар-класе настаўнікаў роднай, у тым ліку і рускай, мовы (Масква) у намінацыях “Настаўнік-метадыст” і “Настаўнік-майстар”. Яе вучні Аляксандр Несцярэня (11 клас) у мінулым годзе, Данііл Каваленка і Уладзіслаў Юркевіч (10 клас) сёлета адзначаны дып­ломамі на рэспубліканскім конкурсе юных журналістаў БДУ “Старт” (намінацыя “Аўдыяпадкасты”). Арцём Фамін, які зараз заканчвае 8 клас, двойчы перамог на рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”. Два гады назад дыплом на абласной канферэнцыі вучэбна-даследчых работ вучняў “Пошук” атрымала дзесяцікласніца Паліна Буцько.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара

Чытайце матэрыялы метадычнага дадатку “Партфоліа” ў нумары “Настаўніцкай газеты” ад 26 мая 2023 года.