Маладая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 5 Навагрудка Настасся Слобыш вучыць дзяцей любові да Радзімы, асэнсаванню сваёй нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— З дзяцінства мяне вабіла ўсё, што звязана з гісторыяй, археалогіяй, бо ведала: хачу гэтым займацца, — гаворыць выкладчыца. — Памятаю, як зачытвалася дзіцячым часопісам “Спазнай гісторыю”, як любіла наведваць музейны пакой у нашай школе, прысвечаны вызваленню Баранавіч (вучылася я ў баранавіцкай сярэдняй школе № 18, хаця нарадзілася ў Навагрудку). З часам нават стала школьным экскурсаводам. У старшых класах займалася ў гістарычным гуртку. Спадзяюся, мой запал, цікавасць да прадмета перададуцца і маім вучням. Хвалююся, вядома, але ў мяне ўжо ёсць напрацоўкі, займальныя праекты, якія хачу рэалізаваць разам з імі. Ёсць усе ўмовы, каб сканцэнтравацца на рабоце. А работа чакае вялікая.
Па-першае, адзначае суразмоўніца, маладому педагогу трэба падрабязна азнаёміцца, якія метады выкарыстоўвалі папярэднія настаўнікі, да чаго дзеці прывыклі, якія асаблівасці ёсць у гэтым школьным калектыве. Па-другое, неабходна ўдзяляць шмат увагі нагляднаму матэрыялу, бо сучасныя навучэнцы лепш успрымаюць інфармацыю менавіта візуальна. Варта ўлічваць усе патрабаванні часу. Таксама ў найбліжэйшых планах — развіваць музейныя пакоі, якіх у школе некалькі.
Анжаліка Рэдзька, дырэктар сярэдняй школы № 5 Навагрудка:
— У гэтым годзе нашай школе спаўняецца 45 гадоў. За апошні час мы цалкам яе мадэрнізавалі — адрамантавалі вучэбныя памяшканні, замянілі інжынерныя камунікацыі. Шмат чаго рабілі і ўласнымі намаганнямі. Стараліся, каб усё выглядала па-сучаснаму. Школьную прастору падзялілі на тэматычныя зоны: прыродазнаўчую, патрыятычную і гэтак далей — кожны паверх, хол, калідор нясуць сваю інфармацыю. Але галоўнае — стаўка на добрых спецыялістаў: кадры вырашаюць усё. Вельмі рады, што ў гэтым годзе да нас на работу прыйшлі 6 маладых педагогаў.
Абапіраючыся на свой невялікі працоўны вопыт, Настасся Слобыш ужо можа даць некаторыя парады педагогам, якія толькі прыйшлі ў прафесію.
- Не саромецца пра ўсё пытацца ў старэйшых калег — актыўна цікавіцца, чым зараз жыве школа і чым можа ганарыцца.
- Вучыць дзяцей самастойна шукаць інфармацыю і правяраць яе — гэта асабліва важна для такога прадмета, як гісторыя.
- Складаць цікавыя тэсты — дзеці любяць з імі працаваць.
- Рабіць стаўку на візуальную інфармацыю — прэзентацыі, постары.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара