Настаўніца Наталля Баброва: краязнаўства лепш за ўсё падыходзіць для патрыятычнага выхавання вучняў

- 12:05Образование

Настаўніца пачатковых класаў Наталля Баброва з сярэдняй школы № 1 Жабінкі лічыць, што краязнаўства лепш за ўсё падыходзіць для патрыятычнага выхавання вучняў, бо ў яго аснове — любоў да роднага краю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— А пачынаецца вывучэнне малой радзімы з 1 класа — з экскурсій і тэматычных прагулак у парк для назіранняў за зменамі ў прыродзе, — гаворыць педагог. — Паступова змест краязнаўчага матэ­рыялу, які добра ажыўляе ўрокі, пазакласныя заняткі і мерапрыемствы, дапаўняецца, паглыбляецца і ўскладняецца. 

Метадычны апарат вучэбнага дапаможніка “Чалавек і свет” для 4 класа, у прыватнасці раздзел “Мая Радзіма — Беларусь”, арыентуе настаўніцу і дзяцей да пошуку інфармацыі пра свой населены пункт. Але дзе яе ўзяць? Найчасцей педагогі звяртаюцца да экскурсій, паходаў па родным горадзе, наведвання музеяў і памятных мясцін.

— У маёй рабоце добра за­рэкамендавалі сябе экспедыцыі, — працягвае Наталля Баброва. — Так, падчас экспедыцыі “Наш край — Жабінкаўшчына” чацвёртакласнікі наведалі 4 памятныя аб’екты, сабралі гістарычныя даведкі пра іх, зрабілі шмат фота­здымкаў. Вынікам захапляльнага падарожжа стаў аднайменны маляўнічы альбом з вершамі, выстаўлены ў кабінеце, які матывуе школьнікаў да далейшых пошукаў. Вельмі эфектыўна размяшчаць сабраныя матэрыялы ў сацыяльных сетках, напрыклад, у Instagram.

А вось тэма “Мой родны горад. Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”, рэалізаваная ў межах інавацыйнага праекта, дазволіла ажыццявіць яшчэ 4. Сярод іх — “Святло чалавечай душы. Жыццё і подзвіг Міхаіла Мікітавіча Чарнака”. Важна, што тэму праекта падказалі самі вучні, а штуршком да яго паслужыла прозвішча аднакласніцы.

— Плануючы работу, звярнула ўвагу на найбліжэйшыя да школы вуліцы, названыя ў гонар землякоў — герояў Вялікай Айчыннай вайны: Дзмітрука, Філіпука і Базанавай, — расказвае Наталля Баб­рова. — Па гэтых вуліцах адбылася азнаямленчая прагулка. Затым вучні пачалі збіраць матэрыял пра Міхаіла Чарнака ў грамадскіх і ўласных бібліятэках, а таксама ў музеі сярэдняй школы № 1, дзе яму прысвечана спецыяльная экспазіцыя. Акрамя таго, дзеці наведалі малую радзіму легендарнага земляка (вёску Старое сяло) і сквер, названы ў яго гонар. Вельмі спадабалася школьнікам тэматычнае маляванне “Подзвіг Міхаіла Чарнака”. Дзіцячыя малюнкі былі аб’яднаны ў выставу і сталі выдатным ілюстрацыйным матэрыялам для выступленняў лектарскай групы.

Па словах педагога, каштоў­насць сабранага матэрыялу ў тым, што, нягледзячы на яго “дарос­ласць”, ён у даступнай для малодшых школьнікаў форме раскрывае такія складаныя гістарычныя факты, як Заходняя Беларусь у складзе буржуазна-памешчыцкай Польшчы 1930-х гадоў, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, ба­рацьба беларускага народа суп­раць ня­мецка-фашысцкіх захопнікаў, партызанскі рух і інш. Магутным выхаваўчым патэнцыялам валодае юнацкая клятва Міхаіла Чарнака, якую ён разам з сястрой Дар’яй даў пад векавым дубам і якой трымаўся ўсё жыццё: змагацца за лепшую долю для простых лю­дзей.

— Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, — адзначае Наталля Баброва. — Праўда, улічваючы малодшы школьны ўзрост, бывае няпроста вызначыцца з арыгінальнай і актуальнай тэмай для даследаванняў. На дапамогу зноў прыходзіць краязнаўства. На рахунку маіх выхаванцаў — 10 даследчых работ. Сярод іх — праект, прысвечаны паходжанню назвы Жабінка. Даследаванне аказалася вельмі захапляльным, а арыгінальная падача ўнікальнага матэрыялу прынесла перамогу ў конкурсе.

Адзін з праектаў быў звязаны з распрацоўкай неіснуючага аб’екта. Такое незвычайнае даследаванне цікавае не толькі ў плане развіцця ўяўлення, але і ў плане набыцця новых ведаў.

— У 2014 годзе Жабінка стала горадам-спадарожнікам Брэста, — тлумачыць настаўніца. — Да сённяшняга часу ідзе актыўнае абмеркаванне яго забудовы і перспектыў развіцця. Я прапанавала дзецям унесці свае прапановы ў сацыяльна значны праект. У выніку з’явілася работа “Будучыня майго горада”, напісаная Даніілам Данілюком з дапамогай яго мамы. Яны вывучылі перспектывы развіцця Жабінкі да 2025 года і распрацавалі праект будынка аквапарку, які можа стаць візітоўкай горада.

Трэба адзначыць, што края­знаўства запатрабавана ў рабоце не толькі з адоранымі, але і з асаблівымі вучнямі. Галоўнае — правільна падабраць формы дзейнасці, каб кожны з іх мог сябе паказаць.

Дзякуючы супрацоўніцтву з Жабінкаўскім ЦКРНіР, выхаванцы з АПФР удзельнічаюць у розных творчых конкурсах. Адзін з іх прысвячаўся Жабінцы. Дзеці вырабілі аб’ёмныя паштоўкі ў тэхніцы аплікацыі, дзе адлюстраваліся сімволіка горада, легенда пра жабу-заступніцу, ідэя пра сучасны населены пункт і яго сувязь з ракой. А контур Беларусі падкрэсліў, што Жабінка з’яўляецца часткай вялікай прыгожай краіны. 

— Калі даследчыя работы носяць пераважна індывідуальны характар, то гульнявая дзей­насць дазваляе ахапіць шмат вучняў. Так, гульня “Па старонках гісторыі роднага горада” разлічана на паралелі 4-х класаў. Пытанні і заданні закранаюць розныя галіны ведаў і ўменняў малодшых школьнікаў: гістарычныя, лагічныя, матэматычныя, лінгвістычныя, картаграфічныя, мастацкія і інш. Спаборніцтвы праходзяць весела і цікава, — падагульняе Наталля Баброва.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ