Ператварыць лічбы, формулы і ўраўненні ў інструмент для разумення навакольнага свету імкнецца на сваіх уроках настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Сняжана Старадубава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На педагагічны шлях Сняжана Аляксандраўна ступіла чатыры гады назад. Настаўнічаць вырашыла свядома, бо перад вачыма заўсёды былі натхняльныя прыклады:
— Мая старэйшая сястра таксама педагог. Яе прафесійны выбар шмат у чым на мяне паўплываў. Спачатку я з захапленнем слухала аповеды пра студэнцтва, пасля — пра школьныя працоўныя будні. Узор сапраўднага педагога бачыла і ў сваім класным кіраўніку Наталлі Аляксандраўне Шарыхінай. Матэматыку яна выкладала неверагодна цікава. Гледзячы на яе, я хацела стаць такім жа настаўнікам.
Юнацкую мару Сняжана Аляксандраўна здзейсніла ў МДУ імя А.А.Куляшова. Там скончыла факультэт матэматыкі і прыродазнаўства, а пасля маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму.
— Вучылася па мэтавым накіраванні, бо жыць і працаваць хацела менавіта дома. Па размеркаванні трапіла не ў родную школу, але і тут, у Верамейках, адчуваю сябе камфортна, паступова рэалізуюся ў прафесіі, — паведаміла Сняжана Старадубава.
Сёння Сняжана Аляксандраўна ўжо адбылася як настаўнік. Аднак першыя крокі ў педагогіцы яна памятае да дробязей: было і хваляванне, і перажыванні, і няўпэўненасць:
— Страхі развеяліся, як толькі ўпершыню ўвайшла ў клас і ўбачыла зацікаўленыя вочы вучняў. Тады зразумела, што я на сваім месцы і ўсё ў мяне атрымаецца. Вядома, цяжкасцей спачатку хапала, але ўдалося іх пераадолець. У гэтым мне вельмі дапамаглі калегі і кіраўніцтва школы.
За даволі кароткі час педагагічнай дзейнасці Сняжана Аляксандраўна атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю і выпрацавала ўласныя алгарытмы паспяховага навучання. Яна пераканана: калі абудзіць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, матэматыка будзе для іх простай і даступнай для ўспрымання.
— На ўроках заўсёды паказваю дзецям, што матэматыка паўсюль вакол нас. Часта прымяняю практыка-арыентаваныя заданні, звязваю іх змест з рэчаіснасцю. У маім арсенале — прыёмы праблемнага навучання, інфармацыйна-камунікацыйныя і гульнявыя тэхналогіі, метад праектаў, — адзначыла настаўніца.
Важным Сняжана Старадубава лічыць далучанасць дзяцей да вучэбнага працэсу. Заняткі яна праводзіць у фармаце дыялогу, дзе вучні — не пасіўныя слухачы, а актыўныя ўдзельнікі. Школьнікі на ўроках разважаюць, дыскутуюць, аналізуюць, робяць высновы.
— Яшчэ адзін фактар эфектыўнага навучання — дыферэнцыяцыя. Аднолькавых дзяцей не бывае, кожнае — унікальнае. Камусьці для разумення тэмы дастаткова некалькіх хвілін, а іншым не хопіць цэлых заняткаў. Па гэтай прычыне распрацоўваю рознаўзроўневыя заданні. Для слабаматываваных вучняў складаю падрабязныя інструкцыі па рашэнні, а моцным прапаную задачы з адкрытым канцом. Такі падыход дае магчымасць усім навучэнцам апынуцца ў сітуацыі поспеху, адчуць матывацыю да далейшага атрымання ведаў, — растлумачыла Сняжана Аляксандраўна.
Яна надае вялікае значэнне ўстанаўленню кантакту і ўзаемаразумення з навучэнцамі. Часта сустракаецца з дзецьмі ў пазаўрочны час, арганізуе для іх матэматычныя гурткі і выхаваўчыя мерапрыемствы.
— Стараюся быць для вучняў не проста выкладчыкам, але і блізкім чалавекам, які выслухае, падтрымае, накіруе. Мне неабыякава, якімі вырастуць мае хлопчыкі і дзяўчынкі, таму ўдзяляю вялікую ўвагу станаўленню асобы дзяцей, укладваю ў іх душы правільныя жыццёвыя арыенціры, — расказала Сняжана Аляксандраўна.
Сярод прафесійных прыярытэтаў Сняжаны Старадубавай — усебаковае раскрыццё здольнасцей навучэнцаў. Яна вынікова рыхтуе дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху, даследчых і інтэлектуальных конкурсах. У вучняў ёсць шэраг перамог на раённым і абласным узроўнях.
— Планую і далей весці школьнікаў да заваявання вучэбных вышынь. Бо любыя, нават самыя маленькія, дасягненні дзяцей з’яўляюцца для мяне стымулам да прафесійнага росту, — падкрэсліла Сняжана Аляксандраўна. — Зараз мэтанакіравана асвойваю новыя адукацыйныя методыкі, каб далучаць навучэнцаў да свету матэматыкі яшчэ больш творча і займальна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





