Насустрач кожнаму дзіцяці: праекты сярэдняй школы № 2 Клічава

- 14:24Пресс-тур «Настаўніцкай»

Сярэдняя школа № 2 імя Героя Савецкага Саюза Ф.І.Кавалёва Клічава сустрэла танцамі. Тут штотыдзень праходзіць “Танцавальная пятніца”. І гэта толькі адзін са шматлікіх праектаў, якія рэалізуе навучальная ўстанова, далучаючы да актыўнай дзейнасці кожнага вучня. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дырэктар школы Т.В.Белабародая

“Наша школа як вулей. Нездарма сваім сімвалам мы выбралі пчалу. У нас вучаць і вучацца творчыя, таленавітыя, працавітыя педагогі і дзеці. Мы заўсёды адкрытыя да новага і не стамляемся знаходзіць падыход да кожнага, і гэта апраўдана. Усе нашы дзеці пры справе, а спраў у нас вельмі шмат”, — адзначыла дырэктар навучальнай установы Таццяна Белабародая.

Прычым усе праекты ў школе  не проста практыка-арыентаваныя, а сацыяльна значныя, бо дапамагаюць дзецям адаптавацца ў грамадстве, на­быць уменні і навыкі, неабходныя ў штодзённым жыцці.

Пасля прэзентацыі праекта “Танцавальная пятніца”, які, дарэчы, быў прыдуманы, каб адарваць дзяцей ад гаджэтаў (да таго ж на перапынках вучням прапаноўваюць заняцца фігурным кіраваннем радыётанкаў, пагуляць у дваровыя гульні, шашкі і шахматы), нас чакала знаёмства з дзейнасцю клуба “Блакітны рамонак”. Тут разам з настаўніцай працоўнага навучання Святланай Яшчук дзяўчаты ствараюць вельмі прыгожыя і аўтэнтычныя сукенкі (і не толькі) у самых розных тэхніках. Яны вучацца рабіць эскізы, кроіць, шыць, вышываць, вязаць — усяму таму, што спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Акрамя таго, яны знаёмяцца з асаблівасцямі беларускага нацыянальнага касцюма, вышыўкі, ткацтва, што натхняе на стварэнне новых рэчаў — традыцыйных, але адаптаваных пад сучасныя трэнды. Менавіта такая калекцыя была прадстаўлена нам падчас наведвання школы.

А школьны праект “Татава майстэрня” выйграў грант конкурсу, які арганізоўваўся РГА “Белая Русь”. Атрыманыя грошы, зразумела, патрацілі на новыя інструменты і расходныя матэрыялы. Як заўважыў настаўнік працоўнага навучання Юрый Храпко, праект арыентаваны на хлопцаў, чые таты шмат працуюць і не могуць удзяліць дастаткова ўвагі сынам, а таксама на тых, хто выхоўваецца ў няпоўных сем’ях. Асноўная мэта хлопцаў — навучыцца працаваць з інструментамі, майстраваць. Заняткі ў “Татавай майстэрні” право­дзяцца некалькі разоў на ты­дзень, у тым ліку і ў шосты школьны дзень. Наведваць іх могуць нават першакласнікі.

Дзейнасць праекта ўвесь час пашыраецца, і не толькі колькасна, але і якасна. Да яго рэалізацыі далучаюцца бацькі, якія вучаць і вучацца самі. Такое ўзаемадзеянне ўмацоўвае адносіны дзяцей і бацькоў, бацькоў і школы. Палічкі, дэкаратыўныя вырабы, кухонныя прыстасаванні, шпакоўні — далёка не поўны пералік тых прадметаў, якія вучацца рабіць хлопцы. Сучаснае абсталяванне школьнай майстэрні (шматфункцыянальны дрэва­апрацоўчы станок, тарцовачная піла, манаблок, прынтар, лазерны гравёр) адкрывае новыя гарызонты для набыцця запатрабаваных уменняў і навыкаў.

Н.В.Дзяржанская са сваімі вучаніцамі

Плённа рэалізуецца ў школе і ініцыятыва “Вермікантэйнер у кожны дом”. Як заўважыла дырэктар школы, дзейнасць па вывучэнні вермікультуры ў навучальнай установе вядзецца некалькі гадоў. Навучэнцы праводзілі тэарэтычныя даследаванні, рабілі эксперыменты па развядзенні чырвоных каліфарнійскіх чарвякоў, атрыманні біягумусу і пісалі даследчыя работы, за якія атрымлівалі дыпломы. Цяпер гэтая дзейнасць пашырылася і ў большасці сваёй мае экалагічную накіраванасць, але вучнёўскія даследаванні не страцілі сваёй актуальнасці. Настасся Дзяржанская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, якая развівае гэты напрамак, адзначыла, што яны сталі больш разнастайнымі. Напрыклад, летам навучэнцы ра­зам з педагогам вывучалі загойваючыя ўласцівасці лекавых раслін.

У працяг развіцця тэмы экалогіі хочацца адзначыць, што дзякуючы актыўным навучэнцам і педагогам 2-й школы Клічава па выніках дзейнасці мясцовай ініцыятывы “Павышэнне бяспекі і мабільнасці насельніцтва Клічаўскага раёна для забеспячэння якасных умоў пражывання” школа бясплатна атрымала веласіпеды. Цяпер дзеці не толькі актыўна адпачываюць, але і падарожнічаюць па родным краі на экалагічным транспарце, тым самым дэманструючы і папулярызуючы беражлівае стаўленне да прыроды.

Некалькі гадоў у клічаўскай школе № 2 развіваюць інфармацыйна-камунікацыйныя кампетэнцыі сваіх выхаванцаў у клубе “ІТ-школа”. Яго ўдзельнікі разам з настаўніцай інфарматыкі і матэматыкі Ірынай Радзюкевіч расказалі, чаму там вучацца: асвойваюць базавыя навыкі праграмавання для стварэння гульняў і анімацыі, вучацца працаваць з выявамі, сучаснымі тэхнікамі і прыёмамі дызайну, падбіраць правільныя колеры для сваіх сайтаў, распрацоўваць вэб-дадаткі. І, зразумела, робяць поспехі, атрымліваючы дыпломы і сертыфікаты.

“Школьнае тэлебачанне — гэта магчымасць максімальнага раскрыцця творчага патэнцыялу школьнікаў. Работа над стварэннем тэлевізійных праграм дазваляе навучэнцам праявіць сябе, паспрабаваць свае сілы ў самым шырокім спектры чалавечай дзейнасці — ад гуманітарнай да тэхнічнай, публічна прадэманстраваць вынікі сваёй работы”, — адзначыла кіраўнік праекта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Навумовіч.

Праекту “Школьнае тэлебачанне 2TV” таксама некалькі гадоў, і яго папулярнасць не згасае. Клічаўскія школьнікі здымаюць сацыяльныя ролікі, перадачы пра сучасных і гістарычных герояў, робяць рэпартажы з цікавых мерапрыемстваў. Безумоўна, уся гэтая дзейнасць носіць і прафарыентацыйны характар: многія мараць стаць тэлежурналістамі. Вядома, набытыя навыкі публічнага выступлення, аратарскага майстэрства, пошуку і адбору інфармацыі дакладна спатрэбяцца і ў іншых прафесіях.

Відовішчным атрымалася знаёмства з прадстаўнікамі школьнага клуба “ЮнПатрыёт”. Уразіла іх яркая форма, зладжаныя дзеянні, дэманстрацыя навыкаў сілавой падрыхтоўкі. Кіраўніком клуба з’яўляецца Арцём Анісімаў. Як заўважыла дырэктар, гэта чалавек, адданы сваёй справе. Прэзентуючы дзейнасць клуба, яго ўдзельнікі адзначылі, што яна найперш накіравана на выхаванне ў навучэнцаў дабрыні, спагады, сумленнасці, годнасці, любові да сваёй Радзімы. Вялікая ўвага ў клубе ўдзяляецца фарміраванню паважлівага стаўлення да інстытута сям’і, памяці продкаў.

Школьны перапынак

Адметная рыса кожнага юнпатрыёта — добрая фізічная пад­рыхтоўка і здаровы лад жыцця. Заняткі спортам выдатна кампенсуюць шматгадзіннае знаходжанне за школьнай партай і камп’ютарам. Сярод членаў клуба ёсць пераможцы раённых, абласных спаборніцтваў па розных відах спорту.

Знаёмства з сярэдняй школай № 2 імя Героя Савецкага Саюза Ф.І.Кавалёва Клічава было кароткім, але вельмі яркім. Тут сапраўды робяць усё для таго, каб кожны вучань стаў паспяховым. Рэалізацыя пералічаных праектаў стала магчымай дзякуючы зладжанай рабоце педагагічнага калектыву, амаль палова якога — выпускнікі школы. Тут працуюць самабытныя і ініцыятыўныя настаўнікі. Тон іх дзейнасці задае дырэктар Таццяна Белабародая. У працоўнай кніжцы Таццяны Вікенцьеўны значыцца толькі адно месца працы — школа № 2 Клічава. Яна жыве школай і за гады работы так і не змагла перайсці на больш энергазберагальны рэжым жыцця і дзейнасці. Якое там, калі вакол столькі цікаўных дзіцячых вачэй!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА