Насустрач запытам бацькоў

- 10:55Дашкольная адукацыя, Рознае
“Праблему недахопу дзіцячых дашкольных устаноў вырашыць не так лёгка. Існуе яна не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах, у тым ліку ў Гомелі, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Вольга Уладзіміраўна Борсук. — Мы імкнёмся ахапіць як мага большую колькасць дзяцей адукацыйнымі паслугамі, таму вядзём актыўную работу па развіцці новых форм дашкольнай адукацыі. Рухаемся насустрач патрэбам дашкольнікаў і іх бацькоў”.

У Гомелі сёння функцыянуе 123 установы дашкольнай адукацыі, якія наведваюць 21 202 дзіцяці. Для больш поўнага задавальнення патрэбы гараджан у месцах у дашкольных установах у 2013 годзе ў садах пасля рэканструкцыі памяшканняў, якія раней выкарыстоўваліся для іншых мэт, было адкрыта 11 груп для дашкольнікаў. Такім чынам, створана каля 300 месцаў для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў. Рашэннем гарвыканкама арганізаваны падвоз малышоў з мікрараёнаў-новабудоўляў.
“Кожнае дзіця павінна мець роўныя стартавыя магчымасці пры паступленні ў школу, — падкрэслівае Вольга Уладзіміраўна. — Наша мэта — стварыць умовы для атрымання дашкольнай адукацыі ўсім дзецям дашкольнага ўзросту. Развіццё новых форм дашкольнай адукацыі, стварэнне дадатковых паслуг дае магчымасць арганізоўваць гібкі рэжым работы ва ўстановах, задавальняць адмысловыя адукацыйныя патрэбы бацькоў і дзяцей, укараняць новыя адукацыйныя тэхналогіі і часткова вырашаць праблему ўладкавання дзяцей у саму дашкольную ўстанову. Калі, напрыклад, у бацькоў з’яўляецца запыт на групы выхаднога дня — мы ствараем іх, узнікне патрэба ў гувернёрскіх паслугах — аказваем іх”.
У пачатку 2014 года новымі формамі дашкольнай адукацыі ў Гомелі было ахоплена каля паўтары тысячы дзяцей (у “Мацярынскіх школах” — 428, у адаптацыйных групах — 496, у групах выхаднога дня — 245, у групах кароткачасовага знаходжання — 394, гувернёрскія паслугі аказваліся 15 дзецям). Вельмі запатрабаванымі сёння з’яўляюцца “Мацярынскія школы”, у якіх бацькі атрымліваюць інфармацыю аб узроставых асаблівасцях сваіх дзяцей, аб эфектыўных метадах і прыёмах арганізацыі іх дзейнасці. Сумесна са спецыялістамі ўстаноў адукацыі (педагогам-псіхолагам, настаўнікам-дэфектолагам, музычным кіраўніком, кіраўніком фізічнага выхавання, выхавальнікам, медыцынскай сястрой) бацькі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, дапамагаюць малышам у актыўным спасціжэнні свету, радуюцца іх поспехам. Некаторыя бацькі аддаюць перавагу індывідуальным заняткам з дзецьмі дома, у знаёмай для іх атмасферы. Установы дашкольнай адукацыі ў такім выпадку аказваюць ім гувернёрскія паслугі. Станоўчы вопыт арганізацыі такіх форм работы з дзецьмі ёсць у гомельскіх дашкольных устаноў № 8, 18, 26, 64, 70, 82, 83, 96, 165. Дэфіцыт месцаў у садах вымушае арганізоўваць групы выхаднога дня. Гэта дазваляе рэалізоўваць вучэбную праграму дашкольнай адукацыі тых дзяцей, якія не наведваюць дзіцячыя сады.
Ва ўмовах рэалізацыі новай вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі змяніліся ўмовы аказання платных адукацыйных паслуг установамі дашкольнай адукацыі Гомеля. Творчая група з удзелам педагогаў-дашкольнікаў горада, метадыстаў гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета, спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама распрацоўвае зараз метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг. У пачатку лютага прайшлі майстар-класы для педагогаў дашкольных устаноў, якія працуюць або плануюць працаваць у групах выхаднога дня, групах кароткачасовага знаходжання дзяцей, групах на гаспадарча-разліковай аснове. Сваім вопытам у гэтым кірунку падзяліліся з калегамі педагогі дашкольных устаноў № 8, 11, 94, 40.
Перад педагогамі Гомеля пастаўлена задача: максімальна прыцягнуць дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі, у групы выхаднога дня, групы кароткачасовага знаходжання, каб даць ім магчымасць атрымліваць базавую дашкольную адукацыю. Няпростая сітуацыя, якая склалася з недахопам месцаў у дашкольных установах горада, настойліва нагадвае аб неабходнасці ўзаемадзеяння з прыватнымі арганізацыямі з мэтай стварэння з іх удзелам дадатковых месцаў для атрымання дзецьмі дашкольнай адукацыі. Спецыялістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама ўжо дасягнута дамоўленасць па гэтым пытанні з некаторымі прыватнымі асобамі. Так, у цяперашні час прадпрымальнік В.У.Калеснікава вядзе набор дашкольнікаў у прыватную групу кароткачасовага знаходжання. Ёю ўжо створаны ўмовы для навучання 20 дзяцей.
У далейшым будуць распаўсюджвацца самыя розныя формы дашкольнай адукацыі, якія дадуць магчымасць ахопу ёю максімальнай колькасці дзяцей.

Адраджаем традыцыі гувернёрства

У яслях-садзе № 8 Гомеля ў бацькоў ёсць магчымасць выбару спецыяліста для заняткаў са сваім дзіцем. Не толькі выхавальніка, але і любога іншага педагога. Ва ўстанове аказваюць самыя разнастайныя паслугі сем’ям выхаванцаў, у тым ліку і даволі рэдкую для нашай краіны — гувернёрскую паслугу. Падрабязней аб гэтым гаворыць намеснік загадчыка сада Соф’я Міхайлаўна Вараб’ёва.
“Наш сад быў пабудаваны пяць гадоў назад у раёне-новабудоўлі Мельнікаў Луг. Ён разлічаны на 232 малышоў, але навучаецца іх тут амаль 400, — гаворыць Соф’я Міхайлаўна. — Побач з нашым быў пабудаваны яшчэ адзін сад, але і ён таксама перапоўнены. Раён густанаселены, і ўсе маладыя сем’і, якія ў ім жывуць, імкнуцца ўладкаваць дзяцей у дашкольныя ўстановы па месцы жыхарства. Вялікі акцэнт наша ўстанова робіць на стварэнне новых форм дашкольнай адукацыі, якія арганізоўваюцца для дзяцей, што не наведваюць сад. Многія сем’і мараць менавіта аб нашым садзе, таму запісваюць сваіх малышоў з ранняга ўзросту на самыя розныя адукацыйныя паслугі на платнай аснове”.
Самая запатрабаваная ва ўстанове “Мацярынская школа”, якая паспяхова працуе ўжо чацвёрты год. Сёння існуюць дзве такія групы, заняткі ў кожнай з іх два разы на тыдзень, з 10.00 да 12.00, на працягу навучальнага года. Наведваюць іх дзеці ад года да трох гадоў. Асноўныя задачы такой школы — адаптацыя дзяцей ранняга ўзросту да калектыву аднагодкаў, да ўмоў дзіцячага сада. Клопат педагогаў — наладжваць добразычлівыя адносіны паміж малышамі, узбагачаць новымі ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі, выпрацоўваць у дзяцей адэкватны стыль паводзін. У “Мацярынскай школе” створаны ўмовы для паступовага “адрыву” дзіцяці ад бацькоў, для развіцця яго камунікатыўных здольнасцей. Бацькі толькі спачатку знаходзяцца ў групе побач з дзіцем, назіраюць за яго ўваходжаннем у калектыў незнаёмых яму людзей. Але паступова “адпускаюць” малыша ад сябе. Работа групы плануецца па наступных кірунках: “Псіхалагічнае суправаджэнне”, “Сэнсарнае развіццё”, “Маўленчае развіццё”, “Малышы і музыка”, “Расці здаровым, малыш!”. Другое адгалінаванне дзейнасці — адукацыйны блок для бацькоў “Вучымся разам”. Пакуль малышы займаюцца з педагогамі, бацькі паспяхова асвойваюць псіхолага-педагагічны матэрыял, набываюць неабходныя ўменні па навучанні і выхаванні дзяцей у сям’і, атрымліваюць кансультацыі па пытаннях аздараўлення. Да іх увагі — кансультацыі педагога-псіхолага, кіраўніка фізічнага выхавання, музычнага кіраўніка, а таксама старшай медсястры. Попыт на “Мацярынскую школу” з кожным годам узрастае настолькі, што кіраўніцтва ўстановы падумвае аб адкрыцці яшчэ адной групы, магчыма гэта будзе вячэрняя група па будніх днях — свабодныя памяшканні ў садзе ёсць.
Каб установа працавала на поўную моц, кіраўніцтва вырашыла таксама стварыць групу выхаднога дня для дзяцей ранняга ўзросту, якія не наведваюць дзіцячы сад. Графік работы групы па суботах з 10.00 да 12.00. У ёй займаюцца дзеці ад 1,5 да 2 гадоў. Заняткі праводзіць адзін з педагогаў: або выхавальнік, або псіхолаг ці музычны кіраўнік, а таксама кіраўнік фізвыхавання — усе яны ў поўнай меры валодаюць методыкамі дашкольнага выхавання, могуць арганізоўваць і гульнявую, і выяўленчую дзейнасць, прыдумваць цікавыя заданні.
Супрацоўнікі ўстановы аказваюць таксама гувернёрскія паслугі двум дзецям, якія пражываюць паблізу. Звычайна спектр такіх паслуг дастаткова разнастайны: гэта розныя адукацыйныя і развіццёвыя заняткі і гульні з выхаванцам дома, у тым ліку і заняткі з вузкімі спецыялістамі — псіхолагам, настаўнікам-дэфектолагам, спецыялістам па музыцы, па выяўленчым мастацтве. Сюды ўключаецца і догляд за дзіцем на працягу дня (а таксама ў вячэрні час, ноччу, у выхадныя і святочныя дні). “Гувернёр” можа суправаджаць дзіця па ўказаным бацькамі адрасе (да навучальнай установы і дадому, у басейн, у мастацкую і музычную школу, у паліклініку і г.д.). Ён можа стаць і “сямейным доктарам” — прадугледжаны паслугі медыцынскіх работнікаў, якія працуюць ва ўстанове дашкольнай адукацыі, — штомесячны прафілактычны агляд дзіцяці або лячэнне і агляд пасля хваробы, масаж, лячэбная фізкультура, кансультаванне бацькоў па пытаннях здароўя малыша. Гувернёрства падразумявае і правядзенне дзіцячых свят дома і на базе ўстановы дашкольнай адукацыі, у тым ліку заказ казачных персанажаў для віншавання дзіцяці, дапамогу бацькам у складанні сцэнарыя дзіцячага свята, пракат касцюмаў і г. д.
“З усяго названага спектра паслуг мы рэалізуем толькі асобныя, — гаворыць Соф’я Міхайлаўна. — Напрыклад, па запытах адных бацькоў з дзіцем да 3 гадоў дома працуе педагог-псіхолаг нашага сада, у другую сям’ю для дзіцяці садавага ўзросту запрошаны выхавальнік. Кошт такой паслугі складае на сёння каля 350 тысяч рублёў у месяц пры рабоце 2 разы ў тыдзень па 1 гадзіне, ці адзін раз у тыдзень па 2 гадзіны ў залежнасці ад запытаў. Кошт, зразумела, вагаецца ў залежнасці ад кваліфікацыі педагога, які прадастаўляе паслугу: ад яго пасады, адукацыі, педагагічнага стажу. Пры неабходнасці для кожнай сям’і падбіраюцца адпаведныя спецыялісты. Ёсць сем’і, якія жадаюць развіць у дзяцей спартыўныя якасці, іншыя — музычныя або выяўленчыя. Па магчымасці ўсе просьбы бацькоў улічваюцца”.
Акрамя згаданых адукацыйных паслуг, ва ўстанове дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах — дзеці на платнай аснове наведваюць заняткі лагапеда і харэаграфічныя заняткі. Плануецца ў найбліжэйшы час арганізаваць навучанне англійскай мове і ткацтву.

Надзея ЦЕРАХАВА.