Цёплая ўсмешка Наталлі Чайкоўскай робіць яе заняткі яшчэ больш чароўнымі. Яна, нібы музычная фея, раскрывае ў дзецях пеўчыя і танцавальныя здольнасці, дапамагае ім развіць пачуццё рытму. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Да музычнага кіраўніка выхаванцы дзіцячага сада № 41 Ліды бягуць з задавальненнем. Дзе яшчэ можна і на інструменце паіграць, і песеньку новую вывучыць, і новыя танцавальныя рухі запомніць? Тая частка заняткаў, якую мы паспелі паглядзець падчас наведвання сада, стварыла ўражанне сапраўднага музычнага паказу. Своечасовая змена дзейнасці, пераўвасабленне ў герояў песні, акампаніраванне, прымяненне інтэрактыўных тэхналогій — усё адбывалася паслядоўна і зладжана.
Каб правесці такія заняткі, трэба сур’ёзна падрыхтавацца. Кожны практычны крок Наталлі Аляксандраўны падмацоўваецца яе ж тэарэтычнымі напрацоўкамі.
— У сваёй дзейнасці абапіраюся на словы Н.А.Вятлугінай: “Музыка для дзіцяці — свет радасных перажыванняў. Каб адкрыць перад ім дзверы ў гэты свет, трэба развіваць яго здольнасці, перш за ўсё музыкальны слых і эмацыянальную спагадлівасць. Інакш музыка не выканае свае выхаваўчыя функцыі”. Фарміраванне паўнавартаснай, гарманічнай асобы дзіцяці сродкамі музычнага мастацтва — мэта маёй работы, — падзялілася педагог.
Музыкальны слых і эмацыянальную спагадлівасць музычны кіраўнік развівае ў сваіх выхаванцаў у тым ліку з дапамогай вучэбнага дапаможніка “Навучанне спевам дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстанове дашкольнай адукацыі” (у свой час атрымаў рэкамендацыю да выкарыстання Нацыянальнага інстытута адукацыі). Наталля Чайкоўская з’яўляецца суаўтарам гэтага дапаможніка.
— Мне вельмі пашчасціла, бо я сустрэла аднадумца, чалавека, які падтрымаў мяне ў пачынаннях. Гэта Алена Валер’еўна Казаноўская, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. У выніку мы стварылі дапаможнік, які стаў настольнай кнігай для кожнага музычнага кіраўніка нашай краіны. У ім раскрыты тэарэтыка-метадычныя аспекты навучання спевам дзяцей дашкольнага ўзросту. У дадатках прадстаўлены задачы і рэкамендуемы рэпертуар па ўзроставых групах — ад першай малодшай да старшай, — адзначыла Наталля Аляксандраўна.
Педагог актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі на метадычных аб’яднаннях і старонках педагагічных СМІ. Безумоўна, яна не спыняецца на дасягнутым, вывучае спецыяльныя прыёмы ў музычнай дзейнасці для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і якасці засваення дзецьмі песеннага матэрыялу. Сёння музычнага кіраўніка цікавіць стварэнне інтэрактыўных музычна-дыдактычных гульняў.
— У цяперашні час у распрацоўцы буйны праект, які абяцае стаць памочнікам кожнаму музычнаму кіраўніку ў індывідуальнай рабоце з выхаванцамі. У галаве шмат ідэй, якія буду паступова рэалізоўваць. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі — праектная дзейнасць, а таксама работа з бацькамі, — адзначыла педагог.
У мінулым навучальным годзе яна рэалізавала праект “Калыханка маёй мамы”. Гэта быў доўгатэрміновы пазнавальна-творчы праект для выхаванцаў другой малодшай групы (3—4 гады). Яго ўдзельнікамі сталі выхаванцы, бацькі, педагагічныя работнікі. Праект накіраваны на развіццё пазнавальнай цікавасці да калыханак, традыцый іх выкарыстання ў побыце, а таксама на фарміраванне асноў эстэтычнай культуры сродкамі музычнага мастацтва ў дзяцей і іх бацькоў. Рэалізацыя праекта была паспяховай.
— Работа музычнага кіраўніка шматгранная: вучу дзяцей спяваць, танцаваць, іграць на дзіцячых музычных інструментах, слухаць і ўспрымаць музыку, творча пражываць музычныя вобразы. Паслядоўна, ад простага да складанага, знаёмлю выхаванцаў з выдатным светам музычнага мастацтва. Вельмі люблю сваю работу і дзяцей (дарэчы, Наталля Аляксандраўна — мнагадзетная мама). Мне падабаецца, калі дзеткі прыходзяць у музычную залу з усмешкай. Заўсёды імкнуся стварыць добры настрой сабе, выхаванцам і калегам, — падсумавала Наталля Чайкоўская.
— У нашым садзе ў гэтым навучальным годзе функцыянуюць 12 груп (з іх дзве спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення), дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Ёсць басейн, спартыўна-трэнажорная зала, кабінет педагога-псіхолага з сенсорнай зонай, актавая і музычная залы, камп’ютарны клас — умовы для паўнавартаснага развіцця выхаванцаў створаны. Актыўна працуем над фарміраваннем у дзяцей асноў эканамічнай культуры ў розных відах дзейнасці з дапамогай гульні. Да таго ж у прыярытэце — развіццё звязнага маўлення ў спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці з дапамогай тэхналогіі візуалізацыі. У дашкольнай установе працуе высокакваліфікаваны і творчы педагагічны калектыў, — паведаміла загадчыца дзіцячага сада № 41 Ліды Тамара Дрывіцкая.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА