Наталля Грэсь: “Расту разам з вучнямі”

- 12:10Адукацыйная прастора

На работу ў школу № 12 Ліды выпускніца філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Наталля Грэсь прыйшла два гады назад. За гэты нядоўгі час яна паспела стаць пераможцай Рэспубліканскага конкурсу эсэ “Дасведчаныя педагогі вырастаюць з маладых”, выдатна паказала сябе ў раённым конкурсе “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. Таксама маладая лідчанка атрымала перамогу ў саюзным конкурсе “#Сілы_слова”, які праводзіўся сярод маладых настаўнікаў Расіі і Беларусі на лепшы ўрок літаратуры. Імя Наталлі занесена ў віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці.

Пра выбар прафесіі

У педагогіку Наталля прыйшла па парадзе бабулі, нягледзячы на тое, што спачатку планавала звязаць будучыню з іншай прафесіяй.

“У дзяцінстве зусім не планавала станавіцца настаўніцай. Прыйшоў час паступаць, і ў планах аказалася псіхалогія. Але пасля доўгіх разважанняў гэтую навуку прыйшлося пакінуць за бортам. У той жа час бабуля заўсёды марыла, каб я стала педагогам, і матуля падтрымлівала любое маё рашэнне. На выбар паўплывала і мая любімая настаўніца — класны кіраўнік лідскай школы № 8 Марына Аляксандраўна Стралюк”.

Забягаючы наперад, адзначу, што пасля таго, як дзяўчына скончыла філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы і была накіравана ў родны горад на першае працоўнае месца, ёй не хапала вопыту і парад больш дасведчаных калег. Менавіта любімая настаўніца Марына Аляксандраўна кансультавала дзяўчыну па методыцы выкладання, арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу.

Работа ў родным горадзе — істотны плюс для Наталлі. Не трэба арандаваць жыллё, ёсць магчымасць дапамагаць у вучобе малодшаму брату.

Пра розніцу паміж тэорыяй і практыкай

“Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы дае класічную адукацыю, гэта не педагагічная УВА, якая рыхтуе непасрэдна педагогаў-прадметнікаў. Існуе вялікая розніца паміж тым, што вывучаеш у тэорыі і што бачыш пасля на першым працоўным месцы. Але да таго, што прыйдзецца карпатліва працаваць менавіта над методыкай выкладання, я была гатова, дзякуючы практыцы ў студэнцкія гады. І калі як настаўнік-прадметнік я была падрыхтавана, то як малады спецыяліст і класны кіраўнік адчувала сябе няўпэўнена. Памятаю, што, толькі прыйшоўшы працаваць, не ведала, як пісаць для кожнага прадмета і класа план урокаў, дамашнія заданні, расстаўляць кантрольныя ў пэўным парадку, каб яны не праходзілі ў панядзелак і пятніцу, не стаялі першымі і апошнімі ў раскладзе, не супадалі з кантрольнымі іншых настаўнікаў. Першыя тыдні спала па 4 гадзіны, таму што ўпарта складала каляндарна-тэматычнае планаванне, не надта разумеючы, што ад мяне наогул патрабуецца. Ускладнялася ўсё тым, што па характары я такі чалавек, які стараецца лішні раз не турбаваць калег пытаннямі. Разумею, што ва ўсіх хапае прафесійных і асабістых хваляванняў і мае ніхто вырашаць не павінен. Таму па кансультацыі і парады звярталася ў асноўным і да сваёй настаўніцы, якая выкладае ў іншай школе горада, а часам і да намеснікаў дырэктара сваёй школы”.

Мінулым летам Наталля Грэсь перамагла ў конкурсе Саюзнай дзяржавы “#Сіла_слова”. Сярод сотні маладых настаўнікаў з Беларусі і Расіі яна падрыхтавала лепшы ўрок па літаратуры, хоць на той час працавала ў школе толькі год. Дзяўчына прызнаецца, што неперагружанасць методыкай выкладання і адсутнасць трывалага практычнага вопыту ёй хутчэй дапамаглі, чым перашкодзілі скласці цікавы ўрок.

Пра класнае кіраўніцтва

Адразу пасля прыходу на работу Наталлі далі класнае кіраўніцтва — шосты клас. Клас аказаўся зборным, дзеці былі з розных школ горада.

“Усё склалася сімвалічна: вучні, у якіх з’яўляюся класным кіраўніком, прыйшлі ў школу адначасова са мной: я — працаваць, яны — вучыцца. Паступова і расту разам з вучнямі: я — як педагог, яны — як клас, каманда. Напачатку перада мной стаяла дзве задачы: пасябраваць з дзецьмі і згуртаваць іх. Зараз мы ўжо ў 8 класе. Ці цяжка было знайсці паразуменне? Так атрымалася, што клас не надта моцны, што тычыцца паспяховасці, але ў дзяцей хапае іншых здольнасцей. Амаль усе хлопчыкі займаюцца спортам, яны ўпартыя, кожны са сваім “я”, усе — за справядлівасць. Спачатку ў міжасобасных адносінах хапала ўсяго: і біліся, і высвятлялі, хто ёсць хто ў іерархіі класа. Першыя некалькі тыдняў, калі толькі заходзіла ў школу і чула, што настаўнікі абмяркоўваюць нейкае здарэнне, ужо ведала, што гэта пра маіх навучэнцаў. Але напрыканцы першага года вучобы нашы адносіны наладзіліся”.

Наталля згадвае пераломны момант у сваіх узаемаадносінах з дзецьмі. Падчас пазакласнага мерапрыемства, якое яна старанна рыхтавала, хлопцы не паладзілі і пачалі бойку. Гэта настолькі абразіла маладога настаўніка, што яна не стрымала эмоцый і расплакалася. Пасля слёз класнага кіраўніка мужчынская палова класа паабяцала больш не засмучаць яе, і, трэба сказаць, сваё слова яны трымаюць да гэтай пары.

“Першапачаткова я, як любая маладая нявопытная настаўніца, старалася пасябраваць з дзецьмі, спадабацца ім, але яны хутка сталі правяраць мяне на трываласць і выходзіць за рамкі дазволенага. Таму я ўпэўнілася, што больш перспектыўна прымяняць метад бізуна і перніка. Такім чынам прайшоў наш першы год. Але зараз магу з упэўненасцю сказаць, што я ім больш сябар, чым строгі настаўнік. У маім класе многія вучні з’яўляюцца старэйшымі дзецьмі ў шматдзетных сем’ях. Гэта таксама мае свае асаблівасці: магчыма, з прычыны майго ўзросту некаторыя з іх давяраюць мне часам больш, чым бацькам”.

Пра ўзрост

На думку настаўніцы, малады ўзрост напачатку педагагічнай дзейнасці толькі ўскладняе адносіны з вучнямі.

“У школьнікаў склаўся стэрэатып: малады настаўнік не будзе нічога патрабаваць, адзнакі будзе завышаць і г.д. Адным словам, на ўроках маладога спецыяліста можна не вучыцца, а адпачываць. Ды і бацькі з “новенькімі” педагогамі паводзяць сябе па-рознаму: адны радуюцца, што прыйшла маладая і энергічная, іншыя не задаволены, таму што нявопытная. А калі мамы і таты не ўспрымаюць цябе як настаўніка і дзеці чуюць падобныя абмеркаванні дома, то і паводзяць яны сябе на занятках непаважліва”.

Таму першы час даказваць сваю каштоўнасць як педагога і класнага кіраўніка Наталлі Грэсь даводзілася не толькі перад дзецьмі, але і перад бацькамі.

Пра ўрокі

“Урокі мовы і літаратуры стараюся будаваць па класічнай схеме, але матэрыял падбіраю з розных крыніц: і з дадатковай літаратуры, і з інтэрнэту. 5—8-класнікам, у якіх я выкладаю, даспадобы ўрокі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Напрыклад, на ўроках мовы ў ход ідуць разнастайныя праграмы з практыкаваннямі, на літаратуры — стварэнне літаратурных вандровак з дапамогай Google Maps. Дзякуючы такім вандроўкам, мы прапрацоўваем біяграфіі аўтараў, а таксама складаем карты літаратурных твораў. Гэта цікава школьнікам. Што тычыцца ацэньвання вучняў, то магу сказаць, што па рускай мове я настаўнік аб’ектыўны, а вось па рускай літаратуры — хутчэй шчодры на адзнакі. Для таго каб у літаратуры прысутнічала аб’ектыўнасць і ў той жа час у дзяцей была ахвота вучыцца, я звычайна не толькі праводжу дыскусіі і гутаркі, але і даю тэст на веданне тэксту. Гэта не толькі аб’ектыўная ацэнка падрыхтоўкі вучняў, але і магчымасць для іх павысіць свой рэйтынг за кошт умення ўдзельнічаць у дыскусіі, выказваць сваё меркаванне. Для мяне як настаўніка вельмі каштоўна, што дзеці не баяцца дзяліцца са мной эмоцыямі і пачуццямі ад прачытанага”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Паўла ЧУЙКО, “СБ”.