Наталля Шагойка: кожны з нас павінен імкнуцца да дасканаласці, каб з гордасцю сказаць: я — прафесіянал

- 13:02Учитель года

Сярод фіналістаў конкурсу “Настаўнік года — 2023” Наталля Шагойка, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 39 Мінска вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з 15­-гадовым педагагічным стажам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Першыя крокі ў прафесію

Яшчэ ў 4 класе на пытанне “Кім ты сябе бачыш у будучыні?” Наташа ўпэўнена адказвала: “Настаўніцай”. На выбар прафесіі, як гэта часта бывае, паўплываў прыклад педагога пачатковых класаў Жанны Юльянаўны Храян, да якой на ўрокі яна ішла з вялікай цікавасцю. У старшых класах Наталля Шагойка вырашыла, што хоча вучыць дзяцей англійскай мове, якую ў роднай сярэдняй школе № 5 Навагрудка ў эксперыментальным фармаце яна вывучала з першага класа.

— У школе, прызнацца, усе прадметы мне даваліся даволі добра. Пры гэтым настаўніца хіміі бачыла мяне хімікам, настаўніца гісторыі — гісторыкам або археолагам. Пасля 9 класа я паступіла ў адзіны профільны фізіка-матэматычны клас. Аднак праз год зразумела, што бліжэй за ўсё мне англійская мова, — прызнаецца мая суразмоўніца.

Пасля 10 класа дзяўчына адправілася пакараць сталіцу і паступіла ў Лінгвагуманітарны каледж (філіял Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта) на спецыяльнасць “Замежныя мовы”. Скончыўшы яго і ўладкаваўшыся праца­ваць настаўніцай у Нягневіцкую гімназію Навагрудскага раёна, завочна працягнула навучанне на 3 курсе МДЛУ па спецыяльнасці “Замежная мова (англійская мова)”, атрымлівала кваліфікацыю “выкладчык”. Заканч­ваючы ўніверсітэт, маладая настаўніца выйшла замуж і засталася ў сталіцы. Пазней уладкавалася ў сярэднюю шко­лу № 157 імя А.С.Бурдзейнага. А апошнія шэсць гадоў педагог працуе ў гімна­зіі № 39 Мінска, дзе, дарэчы, раней праходзіла практыку, падчас якой і ўпэўнілася ў правільнасці выбранай прафесійнай сцежкі:

— Добра памятаю свае адчуванні на першых занятках з навучэнцамі 3—4 класаў. Мне падабалася працаваць з дзецьмі, рыхтавацца да ўрокаў, прыдумваць цікавыя заданні, маляваць загатоўкі з вучэбным матэрыялам. Тады карткі з заданнямі мы рабілі сваімі рукамі, а не друкавалі з дапамогай камп’ютара. Пра актыўнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій гаворкі тады не ішло.

Без лічбавізацыі адукацыі нікуды

У сталічнай гімназіі № 39 Наталля Шагойка стала весці заняткі ў паралелі з шасці 4-х класаў. Сёння яе вучні — дзевяцікласнікі. На працягу 2019—2022 гадоў педагогі гімназіі актыўна займаліся рэалізацыяй праекта інавацыйнай дзейнасці па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання лічбавых кампетэнцый навучэнцаў у адукацыйным працэсе”. На думку настаўнікаў, не кожны вучань здольны працаваць у прапанаваным тэмпе, што становіцца прычынай яго непаспяховасці ў навучанні. Каб камунікатыўныя кампетэнцыі школьнікаў сфарміраваліся на высокім узроўні, трэба засвоіць вялікі аб’ём інфармацыі. Лічбавыя рэсурсы дапамагаюць аптымізаваць адукацыйны працэс.

— У складзе творчай групы я правяла педагагічнае даследаванне, якое дазволіла вызначыць, што выкарыстанне сучасных лічбавых рэсурсаў — ­адзін з асноўных спосабаў аптымізацыі працэсу навучання па маім прадмеце, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — Папоўніла педагагічны багаж ведаў у МГІРА, дзе вывучала, як выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для стварэння адукацыйнага праекта, як яны дапамагаюць актывізаваць пазнавальную цікавасць навучэнцаў, кантраляваць дзейнасць кожнага, значна павялічыць тэмп і эфектыўнасць работы. Прымяненне ІКТ вырашае адразу некалькі задач: дапамагае вывучыць і замацаваць вучэбны матэрыял, паглыбіць веды вучняў, правесці кантроль праз розныя віды практыкаванняў, накіраваных на развіццё ўсіх відаў маўленчай дзейнасці. Пры гэтым улічваюцца асобасныя патрэбы і інтарэсы навучэнцаў, падбіраецца неабходнае забеспячэнне і будуецца індывідуальная адукацыйная траекторыя.

 Бліцапытанне

— Ці ёсць універсальны рэцэпт, дзякуючы якому можна дасканала вывучыць англійскую мову?

— Універсальнага рэцэпта няма. Мова жывая, яна ўвесь час папаўняецца новымі словамі і выразамі, таму пазнанне яе бязмежнае.

— Якая ваша любімая фраза або прымаўка на англійскай мове?

— Never give up, go ahead, што значыць “ніколі не здавайся, ідзі наперад”. Гэтая цытата — матыватар і для мяне, і для маіх навучэнцаў. Кожны з нас сутыкаецца з цяжкасцямі і праблемамі, але галоўнае — не зламацца, верыць у сябе і працягваць сваю справу.

Сёння ў сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніца актыўна выкарыстоўвае сучасныя лічбавыя рэсурсы, інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання, распрацоўвае аўтарскія электронныя дыдактычныя матэрыялы (ЭДМ), робячы адукацыйны працэс больш эфектыўным. Дзякуючы гэтаму, гімназісты з цікавасцю і захапленнем спасцігаюць граматыку, развіваюць маўленчыя навыкі, дасягаюць высокіх вынікаў у вучобе. Азнаёміўшыся з велізарнай колькасцю дадаткаў і лічбавых рэсурсаў, якія могуць служыць інструментамі для стварэння ЭДМ, Наталля Шагойка ўзяла на ўзбраенне рэсурс Wordwall, электронны сэр­віс WordArt, графічны рэдактар Canva, а таксама вядзе аўтарскі тэматычны блог у Instagram.

Няма меж для дасканаласці

На думку настаўніцы, сёння працаваць у школе складана, але цікава. Неабходна не толькі вучыць іншых, але і пастаянна вучыцца самому, павышаць сваё прафесійнае майстэрства:

— Майстэрства — гэта рамяство з пячаткай “дасканаласць”. Кожны з нас павінен імкнуцца да дасканаласці, каб з гордасцю сказаць пра сябе: я — прафесіянал, я — майстар! І ­ўдзел у конкурсе “Настаўнік года — 2023” я ўспрымаю як чарговую прыступку на шляху свайго прафесійнага росту, як магчымасць самой сабе даказаць, што я не стаю на месцы, а развіваюся. Бо калі бярэшся ў чымсьці ўдзель­нічаць, трэба нацэльвацца на перамогу. У гэтым мяне падтрымліваюць і калегі, і мае вучні. Дарэчы, калі я стала прахо­дзіць з этапу ў этап, паспяхова пераадольваючы конкурсныя іспыты, жаданне перамагчы, дайсці да вяршыні толькі ўзмацнялася.

Рыхтавацца да найважнейшага ў кар’еры настаўніка конкурсу фіналістцы з Мінска дапамагала каманда калег на чале з дырэктарам гімназіі Ірынай Місявец. Яны разам прыдумвалі цікавыя прыёмы і педагагічныя фішкі з элементамі цудаў. Гэтая работа кіпіць і сёння: пакуль у многіх іншых педагогаў адпачынак, канкурсантка са сваёй камандай думае, чым здзівіць вучняў і журы, дэманструючы сваё прафесійнае майстэрства, у фінале.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара