Быць у педагогіцы больш за 30 гадоў і заставацца сучаснай і цікавай сённяшнім дзецям. У тым, што гэта цалкам магчыма, настаўніца інфарматыкі і матэматыкі сярэдняй школы № 12 Оршы Наталля Снытко пераконвае штодня. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Стаць настаўнікам з дзяцінства я не марыла, але так склалася, што пачала працаваць піянерважатай пасля заканчэння школы. І гэтая дзейнасць так захапіла мяне, што ў педагагічны інстытут я паступала з вялікім жаданнем. У выніку стала настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі і ўжо 30 гадоў працую ў сярэдняй школе № 12 Оршы”, — адзначыла Наталля Рыгораўна.
Такі салідны педагагічны стаж дазваляе меркаваць, што педагагічная дзейнасць увесь час натхняе. На думку гераіні, у сучаснай школе настаўнік інфарматыкі — адна з самых складаных прафесій. І гэта сапраўды так, бо хуткасць развіцця інфармацыйных тэхналогій іншым разам здаецца недасягальнай. Таму змяненні ў вучэбны матэрыял трэба ўносіць рэгулярна, каб быць у курсе ўсіх навінак тэхнікі і праграмнага забеспячэння.
“Настаўніку інфарматыкі неабходна ісці ў нагу з часам і пастаянна займацца самаадукацыяй, таму я не магу дазволіць сабе “завіснуць” — трымаю на кантролі навінкі інфармацыйных тэхналогій, новыя падыходы і метады навучання. Удзельнічала ў рэспубліканскіх конкурсах для педагогаў “Scratch-майстар” Парка высокіх тэхналогій у рамках праекта “Праграмаванне — другая адукаванасць” (станавілася пераможцай і прызёрам). Была членам журы Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу па праграмаванні ў асяроддзі Scratch, абласных конкурсаў “Настаўнік года”, “Ідэя” (конкурс метадычных распрацовак педагогаў), — працягнула свой аповед настаўніца.
Наталля Рыгораўна мае вялікі спіс метадычных публікацый і перамог у конкурсах прафесійнага майстэрства, з’яўляецца лектарам на курсах павышэння кваліфікацыі, семінарах-практыкумах, праводзіць майстар-класы для маладых настаўнікаў Віцебскай вобласці. Акрамя таго, яна пастаянна займаецца прафесійным навучаннем, развівае сваю тэму педагагічнага вопыту па выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў як сродку развіцця алгарытмічнага мыслення вучняў.
Наталля Рыгораўна мае вялікі спіс метадычных публікацый і перамог у конкурсах прафесійнага майстэрства, з’яўляецца лектарам на курсах павышэння кваліфікацыі, семінарах-практыкумах, праводзіць майстар-класы для маладых настаўнікаў Віцебскай вобласці. Акрамя таго, яна пастаянна займаецца прафесійным навучаннем, развівае сваю тэму педагагічнага вопыту па выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў як сродку развіцця алгарытмічнага мыслення вучняў.
“Мы жывём у свеце тэхналогій і праграмуемых прыстасаванняў, і ў гэтым свеце вырасла новае пакаленне. Інфарматыка — гэта не толькі і не столькі націсканне кнопак на камп’ютары і пстрыканне мышкай па піктаграме, і нават не “навука аб камп’ютарах”, як многія лічаць. Гэта складаная, шматгранная, шматпрофільная галіна ведаў, якая інтэгруе многія навукі. Менавіта такое ўспрыманне інфарматыкі я фармірую ў дзяцей. Школа не рыхтуе спецыялістаў у якой-небудзь галіне (праграмістаў у маім выпадку), школа рыхтуе дзяцей да жыцця ў сучасным грамадстве. А ў цяперашні час на рынку працы запатрабаваны спецыялісты, якія здольны аналізаваць, складаць алгарытм дзейнасці і ўмеюць працаваць у камандзе”, — зазначыла педагог.
Алгарытмічнае мысленне развіваецца праз праграмаванне, якое дапамагае навучэнцам развіваць навыкі рашэння задач, сумеснай працы, творчае мысленне, сеткавыя ўзаемаадносіны. Нягледзячы на разнастайнасць і разнапланавасць задач, як вучэбных, так і жыццёвых, многія дзеянні можна змадэляваць.
“Мне падабаецца праграмаваць, і я імкнуся перадаць сваё захапленне дзецям. Цяпер павышаць матывацыю да спасціжэння гэтага працэсу дапамагае Scratch. Яшчэ ў 2016 годзе наша школа стала ўдзельніцай інавацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій “Праграмаванне — другая адукаванасць”. Сваё знаёмства са Scratch не магу назваць яркім. Маё суб’ектыўнае ўражанне ніякіх надзей на масавае захапленне праграмаваннем не пакідала, тым не менш я пачала вывучэнне. Спачатку знаёмілася са Scratch нібыта між іншым, як з новай цацкай, але паступова прыходзіла разуменне сур’ёзнасці і патрэбнасці гэтай мовы візуальнага праграмавання”, — заўважыла настаўніца.
У праграмаванні на мове Scratch ёсць магчымасці для рознабаковага развіцця дзіцяці: логікі мыслення, творчага патэнцыялу, крэатыўнасці, камунікабельнасці. На працягу дзевяці гадоў у школе для навучэнцаў арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць на мове праграмавання Scratch” (2—4 класы) і “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове праграмавання Scratch”. Дзеці з задавальненнем ствараюць мультфільмы і гульні, штогод прадстаўляюць свае работы на адпаведных конкурсах як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню, дзе атрымліваюць дыпломы пераможцаў.
“Практыка паказала, што навучэнцы, якія атрымалі веды на факультатыўных занятках па Scratch-праграмаванні, адчуваюць менш цяжкасцей пры вывучэнні алгарытмізацыі і праграмавання на ўроках інфарматыкі”, — падзялілася Наталля Рыгораўна.
Школа працягвае супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій і прымае ўдзел у такіх эксперыментальных праектах, як “Scratch+micro:bit” (5—6 класы), “Інфарматыка без разеткі” (1—2 класы), “Лабараторыя адкрыццяў” (1—2 класы).
“Выкарыстанне робататэхнічных прыстасаванняў дазваляе вучыць дзяцей прымяняць дасягненні навукі, тэхнікі, выкарыстоўваць законы прыроды і рэсурсы для вырашэння канкрэтных праблем і задач, якія стаяць перад чалавекам, развіваць метапрадметныя кампетэнцыі, закладваць асновы інжынернага мыслення”, — рэзюмавала суразмоўніца.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА