Натхненне без межаў

На мінулым тыдні ў Баранавічах адбыўся рэспубліканскі семінар па абмене вопытам для педагогаў устаноў адукацыі, якія прымаюць удзел у праграме “Песталоцы”. Мерапрыемства праводзілася сумесна з Беларускім педагагічным таварыствам і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама, а яго рабочымі пляцоўкамі сталі гімназіі №№ 1 і 4 Баранавіч.

Галоўнай адметнасцю семінара стаў інтэрактыў. Усе яго этапы насілі трэнінгавы характар. Магчыма, гаспадары гімназій першапачаткова і не імкнуліся менавіта да трэнінгавай формы, але ў выніку аказалася, што гэта не толькі відовішчна, а вельмі эфектыўна, бо ўдзельнікі семінара не проста запісвалі нейкія ідэі ў свае нататнікі, а актыўна ўдзельнічалі ў працэсе, які, прызнацца, быў паглынальным.
Адразу хочацца адзначыць, што семінар не быў абмежаваны толькі “Песталоцы” і праектамі гэтай праграмы. Калі гаварыць зусім проста, то настаўнікі, намеснікі дырэктараў і дырэктары навучальных устаноў з’ехаліся для таго, каб паглядзець, што і як робяць іх баранавіцкія калегі, каб не згасала цікавасць да працэсу навучання ні ў дзяцей, ні ў педагогаў, каб заахвоціць да гэтага працэсу і бацькоў. Цяпер вельмі многа гавораць пра інавацыйныя падыходы ў адукацыі, якія, маўляў, спрыяюць павышэнню якасці адукацыі.
Насамрэч усё значна прасцей. Ёсць добры настаўнік — ёсць прага да навучання. Канечне, паняцце “добры” вельмі агульнае, і сёння ў яго змест укладваецца вельмі многа якасцей: і высокая эрудыцыя, і ініцыятыўнасць, і мабільнасць, пастаяннае і шырокае супрацоўніцтва з калегамі, і, зразумела, запал на работу з дзецьмі. Безумоўна, усё гэта патрабуе сіл і энергіі, але калі працаваць у камандзе (ды пад кіраўніцтвам, а іншым разам пад апекай прасунутага дырэктара), то зладжанасць у дзеяннях і вынік будуць гарантаваны. Усё гэта яшчэ раз пацвердзілася ў Баранавічах.

Прыпынак першы

Трэба адзначыць, што першым прыпынкам удзельнікаў семінара ў Баранавічах стала гімназія № 4 (мне ж давялося пабываць толькі на другім семінарскім дні ў першай гімназіі Баранавіч), дзе Алена Салавей, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама, пазнаёміла з сістэмай адукацыі Баранавіч, а затым адбылося больш цеснае знаёмства непасрэдна з навучальнай установай, якое распачаў дырэктар Вадзім Шчарбакоў. Тут працуюць у межах інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. З мадэллю фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый пазнаёміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аліна Марчук.
Затым педагогі чацвёртай гімназіі наглядна прадэманстравалі, як гэтая мадэль працуе. Настаўніца беларускай мовы Яніна Ракашэвіч правяла гасцёўню “Радзімай сваёй ганаруся!”, у віртуальнае падарожжа “Беларусь сінявокая” (на англійскай мове) запрасілі Вольга Абібак і Вольга Булах. Урок гісторыі ў 9 класе быў прысвечаны ўмовам і асаблівасцям фарміравання беларускай нацыі. Яго праводзіла Таццяна Воўк. Акрамя таго, ўдзельнікі семінара разам з васьмікласнікамі маглі паўдзельнічаць у дзелавой гульні “Прававы калейдаскоп”, якую арганізавала і правяла Юльяна Вольф.
Пра еўрапейскія семінары праграмы “Песталоцы” расказала Алена Дударэнкава, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 4 Баранавіч, а педагог-псіхолаг гімназіі Вольга Тукай правяла інтэрактыўную лекцыю па арганізацыі і правядзенні “Дыпламатычнай школы”.
У семінары прынялі ўдзел метадыст вышэйшай катэгорыі Цэнтра развіццёвых тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна Дабрынеўская і метадыст вышэйшай катэгорыі Цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых АПА магістр гуманітарных навук Ірына Лапіцкая.

Педагагічныя ініцыятывы

Дырэктар гімназіі № 1 Баранавіч Мікалай Шырко — кіраўнік вопытны. Разам з традыцыямі вітае навацыі, даючы тым самым сваім настаўнікам развівацца і рухацца наперад. У навучальнай установе ўжо шмат гадоў рэалізуюцца цікавыя праекты, але для натхнёнага педагагічнага калектыву, як высветлілася падчас семінара, межаў не існуе.
Намеснік дырэктара Ларыса Тарасюк расказала пра вопыт удзелу ў ІV летняй акадэміі “Дэмакратычнае кіраванне і самакіраванне ў школе”, якая праходзіла ў Польшы ў 2013 годзе. У гімназіі дзейнічае вучнёўскі парламент, і Ларыса Іосіфаўна яшчэ раз падкрэсліла, наколькі важна развіваць прафесійную мабільнасць, бо менавіта яна сёння з’яўляецца асноўным інструментам развіцця сучаснай установы адукацыі.
З 2013 года ў гімназіі таксама рэалізуецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Асноўная ідэя праекта — рэалізацыя новых падыходаў да арганізацыі і правядзення ўрокаў і факультатыўных заняткаў, трансляцыі перадавога вопыту па фарміраванні граматных паводзін грамадзяніна ў розных палітычных, прававых, грамадскіх сітуацыях шляхам ўкаранення мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз рэалізацыю сацыяльна-педагагічных ініцыятыў.
Ключавым момантам ў рабоце над гэтым праектам з’яўляюцца якраз педагагічныя ініцыятывы, якіх у першай гімназіі дастаткова. Некаторыя з іх былі сфарміраваны адразу. Навучальная ўстанова была адной з першых, дзе пачала рэалізоўвацца тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, таму ўрокі крытычнага мыслення, накіраваныя на развіццё грамадзянскіх кампетэнцый, тут з’явіліся адразу.
Падчас семінара мне давялося папрысутнічаць на адным з такіх заняткаў. Гэта быў урок пазакласнага чытання ў 4 класе па казцы Л.Мілеевай “Сіняя казка”. Майстар-клас давала Святлана Лютыч, намеснік дырэктара гімназіі.
Прызнацца, апошнім часам даводзілася чуць толькі пра праблемы, звязаныя з нежаданнем цяперашніх дзяцей чытаць. А тут вучні 4 класа не проста чыталі казку па частках. Яны разбіралі характары герояў, сітуацыі, знаходзілі паралелі, разглядалі эвалюцыю пачуццяў. Была бачна грунтоўная падрыхтоўка дзяцей. Яны дэманстравалі багаты слоўнікавы запас, апелюючы вельмі сур’ёзнымі паняццямі.
Святлана Лявонцьеўна падзяліла клас на чатыры групы. За адным сталом сядзелі “літаратары”, за другім — “навукоўцы”, за трэцім — “аналітыкі”, а за чацвёртым — “даследчыкі”. Было шмат нагляднага матэрыялу. Напрыклад, на дошцы настаўніца прымацавала колеравую табліцу пачуццяў, якая дапамагла дзецям вызначыць пачуцці галоўных герояў (Мураша, Дзьмухаўца, Незабудкі).
Заняткі былі прымеркаваны да сусветнага дня Зямлі, таму ў канцы Святлана Лявонцьеўна павярнула ход дзіцячай думкі да такога грамадска-значнага пытання, як значэнне раслін у жыцці чалавека. Вучні нават звярнуліся да Канстытуцыі, каб удакладніць свае правы і абавязкі ў адносінах да прыроды. Заняткі пакінулі вельмі моцныя ўражанні.
Як пасля адзначалі іншыя ўдзельнікі семінара, гэтак жа зладжана і эмацыянальна прайшлі ўрокі Людмілы Туцінай “Беражыце сваіх матуль” (па апавяданні К.Паўстоўскага ў 7 класе) і Жанны Цямновай па літаратурным чытанні ў 3 класе (па апавяданні М.Носава “Жывы капялюш”).

Супрацоўніцтва ў тандэме…

З гэтага вучэбнага года ў першай гімназіі Баранавіч пачаў рэалізоўвацца новы праект. У навучальнай устнове наладзілі тандэм-партнёрства з сярэдняй школай № 23 Мелітопаля (Украіна). Як адзначыла намеснік дырэктара Святлана Лімошкіна, такая форма міжнароднага супрацоўніцтва дапамагае наладзіць кантакт не толькі паміж навучальнымі установамі, але і паміж настаўнікамі.
Прапанова аб супрацоўніцтве c Мелітопальскай спецыялізаванай школай І—ІІІ ступеней № 23 і метадычным кабінетам упраўлення адукацыі Мелітопальскага гарадскога савета Запарожскай вобласці стала вынікам удзелу каманды гімназіі № 1 Баранавіч у летняй акадэміі “Школа дэмакратыі”. Праграма супрацоўніцтва разлічана на 3 гады і ўключае розныя анлайн-праекты, правядзенне сумесных конкурсаў, перапіску навучэнцаў, метадычнае супрацоўніцтва настаўнікаў і іншыя сумесныя мерапрыемствы.
За гэты вучэбны год баранавіцкія і мелітопальскія педагогі ўжо здолелі здейсніць шэраг сумесных канферэнцый, правесці агульныя пазакласныя мерапрыемствы, класныя гадзіны і ўрокі. Па словах Святланы Пятроўны, у іх утварылася 19 сумесных пар. Праводзіліся тандэм-урокі па самых розных прадметах. Вядзецца нават сумесная навукова-даследчая работа. Пра свой вопыт арганізацыі і правядзення тандэм-урока расказала настаўніца англійскай мовы гімназіі Лілія Верамяйчук, якая заўважыла, што такія ўрокі спрыяюць развіццю навыкаў полікультурнага мыслення.
Пры арганізацыі ўрокаў сумесная дзейнасць педагогаў пачынаецца са складання плана-канспекта. Зносіны настаўнікаў ажыццяўляюцца з дапамогай электроннай пошты, скайпа. Лілія Вітальеўна працавала ў тандэме з Наталляй Аляксандраўнай Кідалавай, настаўніцай англійскай мовы, метадыстам з Мелітопаля. Яны распрацавалі ўрок для вучняў 10 класа “Сістэма адукацыі Беларусі і Украіны”. І, як адзначала Лілія Вітальеўна, у працэсе супрацоўніцтва настаўнікі паспелі абмеркаваць не адзін варыянт урока, але ў выніку прыйшлі да высновы, што да арганізацыі ўрока эфектыўна будзе далучыць і дзяцей, якія здымалі ролікі пра свае сістэмы адукацыі. Атрымалася цікава, відовішчна і пазнавальна. Сумесна распрацаваны ўрок прайшоў у першай гімназіі Баранавіч і школе № 23 Мелітопаля. І ўкраінскія, і беларускія вучні засталіся задаволенымі.

…і пад знакам π

А пра ўдзел гімназістаў і педагогаў у Міжнародным праекце “Лік π” расказала настаўніца матэматыкі Кацярына Кухарчык. Міжнародны дзень ліку “Пі” (International π Day) адзначаецца 14 сакавіка. Упершыню гэты дзень быў адзначаны ў 1988 годзе ў навукова-папулярным музеі Эксплараторыум у Сан-Францыска (San Francisco Exploratorium). Прыдумаў гэтае неафіцыйнае свята годам раней фізік з Сан-Францыска Лары Шоу, які прыкмеціў, што ў амерыканскай сістэме запісу дат (месяц/лік) дзень 14 сакавіка — 3.14 — супадае з першымі разрадамі колькасці π = 3,14…
Лік π — матэматычная канстанта, якая выражае адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра. У лічбавым выражэнні π пачынаецца як 3,141592… і мае бясконцую матэматычную працягласць. Навукоўцы і аматары матэматыкі вельмі любяць гэтае свята, адзначаючы яго разнастайнымі фізіка-матэматычнымі і кулінарнымі мерапрыемствамі. Кулінарыя тут прыходзіцца якраз вельмі дарэчы: звычайна выпякаюцца вялікія круглыя тарты, і ўся каманда рассаджваецца вакол “магічнага” круга (як правіла, з намаляваным “Пі” ў цэнтры), частуючыся і разважаючы аб адноснасці гэтага незвычайнага ліку.
Гімназісты да святкавання ліку π далучыліся з вялікім задавальненнем. Яны пякуць тарты, ствараюць флэш-мобы, складаюць вершы і актыўна кантактуюць са сваімі аднагодкамі — удзельнікамі міжнароднага праекта. На дадзены момант у праекце задзейнічаны 10 краін. Каардынатарамі праекта з’яўляюцца педагогі з Румыніі і Малдовы. Як адзначыла Кацярына Кухарчык, галоўная мэта праекта — развіваць цікавасць да матэматыкі праз творчыя здольнасці дзяцей.

Замест рэфлексіі

Не менш цікавым стала выступленне Русланы Афанасік, настаўніцы пачатковых класаў. Руслана Андрэеўна расказала пра бацькоўскі савет класа, які ператварыўся ў орган дэмакратычнага кіравання і самакіравання. Па меркаванні настаўніцы, не трэба баяцца аддаваць ініцыятыву правядзення класных гадзін у рукі бацькоў. Гэта не толькі дадае гонару дзіцяці за сваіх тату і маму, але і разумення бацькамі сваіх дзяцей. Прынамсі, у Русланы Андрэеўны бацькоўскія гадзіны праходзяць рэгулярна.
Пра шляхі вырашэння канфліктаў у класе гаварыла Марына Крэйдзіч, таксама настаўніца пачатковых класаў. Марыя Анатольеўна распрацавала цэлую сістэму навучання талерантным паводзінам.
Завяршылі семінар Ларыса Уласевіч, старшыня клуба “Песталоцы”, дырэктар Полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, і Ірына Лапіцкая, намеснік нацыянальнага каардынатара праграмы прафесійных абменаў і павышэння кваліфікацыі “Песталоцы”. І Ларыса Сяргееўна, і Ірына Вячаславаўна адзначылі эфектыўнасць трэнінгавай формы навучання, якая дае магчымасць адразу апрабаваць на сабе тую ці іншую форму ўзаемадзеяння.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *