Нацэленасць на поспех дала свой вынік

- 11:44Адукацыйная прастора

Сёння калектыў Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, у якім на 4 аддзяленнях атрымліваюць адукацыю больш за 1900 навучэнцаў па 13 спецыяльнасцях і 31 прафесіі, бачыць сваю задачу ў эфектыўным развіцці ўстановы адукацыі з мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі і фарміравання асобы кваліфікаванага спецыяліста і рабочага заўтрашняга дня. Для нас галоўнае — ісці ў нагу з часам, апярэджваючы яго. Мінулы 2019 год для ўсяго калектыву работнікаў і навучэнцаў каледжа быў паспяховым і выніковым, як і папярэднія пяць.

Рэсурсны цэнтр

Адной з яркіх падзей у жыцці каледжа стала адкрыццё ў снежні 2019 года рэсурснага цэнтра “Будаўнічыя тэхналогіі”. Гэта першы рэсурсны цэнтр будаўнічага профілю ў Віцебскай вобласці, які створаны на базе вучэбна-вытворчых майстэрань 1987 года пабудовы, агульнай плошчай 2500 кв.м. На працягу 1,5 года сіламі навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання архітэктурна-будаўнічага аддзялення, гаспадарчым спосабам, вяліся рамонтна-будаўнічыя работы па аздабленні памяшканняў, майстраванні падлог і столей, замене сантэхнічнага абсталявання.

Аб’ём выкананых работ перавысіў 186 тысяч рублёў. Падраднымі арганізацыямі былі праведзены работы па ўладкаванні новага даху і замене вокнаў з энергазберагальнымі шклопакетамі, па рамонце асфальтавага пакрыцця на агульную суму больш за 330 тысяч рублёў. У выніку мы мелі практычна новы корпус з чыстымі, прасторнымі і светлымі майстэрнямі.

На базе каледжа 17 кастрычніка 2018 года адбылося сумеснае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь па пытаннях кадравага забеспячэння будаўнічага комплексу. У выніку было прынята рашэнне адкрыць рэсурсны цэнтр па будаўнічых тэхналогіях пры падтрымцы (суфінансаванні) Міністэрства адукацыі на базе нашага каледжа.

Для аснашчэння рэсурснага цэнтра ў 2019 го­дзе Міністэрствам адукацыі была праведзена закупка самага сучаснага абсталявання, якое адпавядае найлепшым сусветным узорам, выкарыстоўваецца пры выкананні будаўнічых работ у адпаведнасці з профілем падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, на суму 283 тысячы рублёў. З абласнога бюджэту было накіравана 448 тысяч рублёў, з іх на набыццё абсталявання — 120 тысяч рублёў. А з улікам рамонтна-будаўнічых работ на стварэнне рэсурнага цэнтра ўсяго было зрасходавана больш за 700 тысяч рублёў.

Сёння рэсурсны цэнтр мае 7 вучэбных майстэрань для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных муляраў, тынкоўшчыкаў, аддзелачнікаў, плітачнікаў, цесляроў, спецыялістаў па сухім будаўніцтве і зварачных работах. Усяго на базе гэтых вучэбных майстэрань прадстаўлена каля ста адзінак найноўшага вучэбна-вытворчага і тэхналагічнага абсталявання. Гэта дазваляе нам не толькі весці падрыхтоўку навучэнцаў нашага каледжа, але і арганізаваць праходжанне навучання ўжо ў бягучым годзе больш як 450 навучэнцаў з сямі аднапрофільных устаноў прафесійнай адукацыі Віцебскай вобласці.

Вялікія сродкі, укладзеныя ў рэсурсны цэнтр, працуюць і будуць эфектыўна працаваць, аднак вельмі хацелася б, каб у нас з’явіліся і былі зацверджаны нормы расходаў матэрыялаў пры вывучэнні і адпрацоўцы тэм урокаў вытворчага навучання па рабочых прафесіях. Бо маючы самыя сучасныя трэнажоры па зварцы, мы не абыдземся без электродаў і металу, як не абысціся без пліткі і гіпсакардону аддзелачнікам, а цеслярам і сталярам — без дрэва.

Мы рады дасягненням нашых навучэнцаў і выпускнікоў каледжа. Годна прадстаўляюць каледж навучэнцы ў конкурсах прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. За апошнія тры гады заваявана 20 дыпломаў рознай вартасці. У 2017 годзе ў Краснадары па выніках адкрытага Еўразійскага чэмпіянату ў фінале V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы WorldSkills Russia” навучэнец каледжа Андрэй Пяткоўскі заняў 2-е месца ў кампетэнцыі “Цагляны мур”. Потым ён увайшоў у склад рэспубліканскай каманды і годна выступіў на 44-м Сусветным чэмпіянаце WorldSkills Abu Dhabi 2017.

У склад рэспубліканскай каманды для ўдзелу ў 45-м Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills Kazan 2019 быў уключаны навучэнец кале­джа Канстанцін Беразенка, які паказаў высокія вынікі ў прафесійнай кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”.

У 2019 годзе ўпершыню ў Беларусі ўручылі міжнародную прэмію імя Лазара Хідэкеля (архітэктара-наватара) выпускніцы архітэктурна-будаўнічага аддзялення каледжа Аляксандры Арасланавай за канцэпцыю стварэння архітэктурна-археалагічнага комплексу на плошчы 1000-годдзя ў Віцебску.

Восенню 2019 года ў Мінску былі падведзены вынікі ХІІІ Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь у рамках фестывалю “Архітэктурная Восень — 2019”. У намінацыі “Горадабудаўніцтва” двума дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны Аляксандра Арасланава і Карына Шчарбакова. У намінацыі “Архітэктура” дыплома ІІ ступені ўдастоена Вольга Пакатаева.

Навучэнская моладзь нашага каледжа толькі ў мінулым 2019 годзе была ўзнагароджана 153 дыпломамі і граматамі, за апошнія 2,5 года 6 навучэнцаў былі ўдастоены заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Вялікая работа праводзіцца ў каледжы па ўмацаванні і аснашчэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі ў 2019 годзе за кошт усіх крыніц фінансавання было набыта сучаснае абсталяванне на суму больш за 904 тысячы рублёў, на капітальны рамонт вучэбных карпусоў і будынкаў каледжа асвоена больш за 530 тысяч рублёў. Праведзены бягучы рамонт вучэбных кабінетаў і майстэрань на суму 740 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, гаспадарчым спосабам, сіламі майстроў вытворчага навучання і навучэнцаў архітэктурна-будаўнічага аддзялення, быў выкананы аб’ём рамонтна-будаўнічых работ на суму больш за 690 тысяч рублёў, што на 151% больш, чым у папярэднім 2018 годзе (454 тысячы рублёў).

Аднак мы яшчэ не цалкам рэалізавалі свой патэнцыял. Нашы паказчыкі маглі б быць яшчэ вышэйшымі і лепшымі. Пакуль не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца магчымасці вучэбна-вытворчых майстэрань і існуючага абсталявання. Праблема ў тым, што механізм звароту сродкаў у бюджэт ад атрыманых даходаў па асобных відах пазабюджэтнай дзейнасці робіць яе нерэнтабельнай і часам стратнай.

Сёння, маючы вялікія патэнцыяльныя магчымасці і жаданне развіваць пазабюджэтную дзейнасць (пры гэтым удасканальваючы і адточваючы прафесійныя ўменні і навыкі нашых навучэнцаў, а таксама ўлічваючы вялікае жаданне саміх навучэнцаў падзарабіць у свабодны ад заняткаў час і ў той жа шосты дзень), абсалютна кожнаму кіраўніку прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі хацелася б, каб на ўзроўні рэспублікі быў распрацаваны і прапісаны ў нарматыўна-прававых актах гаспадарчы механізм дзейнасці ўстаноў адукацыі ўсіх тыпаў, вызначаны мэты, задачы і льготы для іх.

Метадычная работа

З мэтай павышэння ўзроўню інфармацыйнага і метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў кале­джы ў мінулым годзе быў створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр, які дазваляе забяспечыць усіх навучэнцаў каледжа і выкладчыкаў неабходнымі метадычнымі дапаможнікамі і літаратурай. Было закуплена ўсё неабходнае абсталяванне для выдавецкай дзейнасці і тыражавання дапаможнікаў для навучэнцаў і выкладчыкаў на папяровых і электронных носьбітах.

За год выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання было падрыхтавана і выдадзена 169 метадычных дапаможнікаў, а агульны тыраж вучэбных дапаможнікаў толькі за 3 апошнія месяцы мінулага года склаў 1953 экзэмпляры. Мы рады таму, што вучэбны дапаможнік выкладчыка А.А.Фралова “Будаўнічыя канструкцыі” зацверджаны і рэкамендаваны да выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У каледжы сваю дзейнасць ажыццяўляюць 152 педагагічныя работнікі. У мінулым годзе 15 педагогаў павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю, 37 чалавек прайшлі стажыроўку, 29 выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін атрымалі другую адукацыю па спецыяльнасці “Прафесійнае навучанне”, 11 працягваюць навучанне. Вялікая работа ў каледжы праводзіцца па падборы майстроў вытворчага навучання (46 чалавек).

Мы рады таму, што ў апошнія гады нам удалося сфарміраваць моцную каманду майстроў вытворчага навучання з ліку былых работнікаў вытворчасці, якія любяць сваю прафесію, з’яўляюцца наватарамі і энтузіястамі, праяўляюць вынаходлівасць і кемлівасць, умеюць даць у рукі маладому чалавеку патрэбную прафесію.

Мы не можам сёння пахваліцца высокімі катэгорыямі нашых майстроў вытворчага навучання, але яны маладыя і вельмі перспектыўныя. Іх сярэдні ўзрост — усяго 32 гады. Сярод іх вышэйшую катэгорыю ма­юць 13%, першую — 21%, другую — 33%, без катэгорыі працу­юць 33%.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Калектыў каледжа ў сваёй рабоце імкнецца не адставаць у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў ад узроўню найлепшых устаноў адукацыі нашай краіны, а таксама пашыраць сувязі з замежнымі партнёрамі, вывучаць іх вопыт работы, методыкі і тэхналогіі. Намі наладжана цеснае супрацоўніцтва з 10 лепшымі аднапрофільнымі навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі. Заключаны дагаворы з установамі адукацыі Германіі і Польшчы. У мінулым 2019 годзе мы іх падпісалі з навучальнымі ўстановамі Кітайскай Народнай Рэспублікі і Латвіі.

Сацыяльная сфера

Падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў немагчыма разглядаць толькі ў плоскасці наяўнасці сучаснага вучэбна-лабараторнага абсталявання, аснашчаных вучэбна-вытворчых майстэрань і арганізацыі практык навучэнцаў на прадпрыемствах.

Сёння ў каледжы ўдзяляецца асаблівая ўвага вырашэнню сацыяльных пытанняў навучэнцаў. Усе інша­гароднія навучэнцы, а іх больш за 750 чалавек, забяспечаны месцамі для пражывання ў інтэрнатах. Толькі ў мінулым годзе на паляпшэнне ўмоў іх пражывання было накіравана 108 тысяч рублёў. Усе рамонтныя работы выкананы самімі навучэнцамі ў час вучэбна-вытворчых практык. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі інтэрната № 3.

Дзякуючы праведзенай у папярэднія гады аптымізацыі, мы маем добрую спартыўную базу. Гэта 2 стадыёны, 4 спартыўныя залы, якія дазваляюць у поўнай меры забяспечваць правядзенне на высокім узроўні заняткаў па фізічнай падрыхтоўцы, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, арганізоўваць вольны час навучэнцаў. Дарэчы, каманды каледжа па баскетболе, валейболе і міні-футболе з’яўляюцца неаднаразовымі чэмпіёнамі ў рэспубліканскіх спартакіядах навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Усе нашы навучэнцы і работнікі забяспечваюцца гарачым харчаваннем у дзвюх сталовых каледжа і трох буфетах. Прыемна, што за апошнія 2 гады было значна абноўлена тэхналагічнае абсталяванне сталовых. Адкрыты новы буфет у вучэбным корпусе № 3.

Дзякуючы плённай працы педагогаў і аміністрацыйна-гаспадарчага персаналу, у 2019 годзе каледжам былі паспяхова выкананы ўсе даведзеныя прагнозныя паказчыкі.

Асноўныя паказчыкі дзейнасці

Віды дзейнасці  2018 год  2019 год  %  
2019 г. / 2018 г.     
Даходы ад аказання платных адукацыйных паслуг  381,07  430,74  113,03  
Даходы ад здачы ў арэнду маёмасці, якая з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю  10,92  16,02  146,7  
Даходы ад аказання іншых платных паслуг  260,6  306,95  117,79  
Усяго па пазабюджэтнай дзейнасці  652.59  753,71  115,5  
Энергазберажэнне, %  -7,0*  – 6,52*   
Здача другаснай сыравіны (тон)  3,9  13,3  341,03  
Рост сярэднемесячнай заработнай платы  753,9  899,6  119,33  
Рост сярэднемесячнай заработнай платы педагагічных работнікаў  963,7  1163,8  120,8  
Расходы па пазабюджэтнай дзейнасці на бягучы і капітальны рамонты  36733,63  49919,34  135,9  
Тэмпы росту валавога рэгіянальнага прадукту, %  102,6  105,3  102,63  

* — даведзены ў 2018 годзе паказчык (-4,7) выкананы.

** — даведзены ў 2019 годзе паказчык (-4,5) выкананы.

Нам неабходна стабільнасць і развіццё. Мы не павінны адыходзіць ад дасягнутага раней. Праца становіцца больш інтэлектуальнай, а ў заўтрашнім дні патрэбны ўжо не ўчарашні рабочы, а спецыяліст сваёй справы, гатовы працаваць у пятым і шостым, які толькі зараджаецца, тэхналагічным укладзе навукова-тэхнічнага і эканамічнага развіцця. Менавіта ў гэтым мы бачым галоўную і перспектыўную задачу ў дзейнасці нашай установы адукацыі.

Аляксандр ЛАСЯКІН,
дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.