Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года дапрацавана з улікам сусветных інавацыйных тэндэнцый, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада па выніках пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, якое прайшло пад старшынствам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.
Як адзначыў на пасяджэнні Андрэй Кабякоў, Міністэрствам эканомікі ўнесена для адабрэння ўрадам дапрацаваная Нацыянальная стратэгія развіцця Беларусі з улікам сусветных інавацыйных і тэхналагічных тэндэнцый, а таксама стратэгічных планаў супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, у тым ліку з Кітайскай Народнай Рэспублікай. “Найбольшыя карэкціроўкі ўнесены ў раздзелы, прысвечаныя навукова-тэхнічнаму і інавацыйнаму развіццю, удасканаленню транспартнай сістэмы, развіццю сферы высокіх тэхналогій”, — праінфармавалі ў прэс-службе.
У час Прэзідыума Саўміна разглядалася таксама пытанне аб дзейнасці РУП “Белпошта” і канцэпцыі яго развіцця на 2017—2020 гады. Прэм’ер-міністр адзначыў асноўныя напрамкі развіцця, якім прадпрыемству неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу як з пункту гледжання аптымізацыі затрат, так і па дыверсіфікацыі і росце даходаў. “Відавочна, што адным з напрамкаў развіцця прадпрыемства будзе з’яўляцца работа ў сегменце электроннай камерцыі як на базе ўласнага інтэрнэт-магазіна, так і ў галіне трансгранічнай камерцыі. Пры гэтым першачарговую важнасць для кліентаў маюць наступныя патрэбнасці рынку электроннай камерцыі: прастата партфеля паслуг, хуткасць дастаўкі, сачэнне за праходжаннем, бяспека, разумныя і простыя для разумення цэны, надзейныя і розныя варыянты аплаты. Усё гэта неабходна рэалізаваць”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Важным напрамкам прэм’ер-міністр назваў і развіццё сістэмы дзяржаўных электронных паслуг на базе шырокай інфраструктуры “Белпошты”, якая мае больш за 3 тысячы аддзяленняў паштовай сувязі.