Зацікаўленыя беларускія органы дзяржаўнага кіравання падрыхтавалі добраахвотны Нацыянальны даклад Рэспублікі Беларусь аб рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Прадугледжваецца, што нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяна Шчоткіна прадставіць гэты даклад у рамках міністэрскага сегмента палітычнага форуму высокага ўзроўню ў штаб-кватэры ААН, які пройдзе ў Нью-Ёрку 10—20 ліпеня.
У дакладзе беларускі бок прадаставіць інфармацыю аб стартавых умовах для Беларусі па ажыццяўленні Парадку дня — 2030. Міжнародная супольнасць будзе таксама азнаёмлена з бачаннем і падыходамі Беларусі па дасягненні шэрага мэт, якія адлюстроўваюць тэматыку палітычнага форуму ў 2017 годзе, а таксама ўзаемазвязаных і спалучаных з імі Мэт устойлівага развіцця.
Форум з’яўляецца ключавым штогадовым міжнародным мерапрыемствам, на якім разглядаюцца пытанні выканання прынятага ў 2015 годзе Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года (Парадак дня — 2030) і дасягнення замацаваных у Парадку дня — 2030 Мэт устойлівага развіцця.
“У 2015 годзе Беларусь разам са 193 дзяржавамі адобрыла Парадак дня — 2030 і выказала рашучую падтрымку яго рэалізацыі шляхам выканання Мэт устойлівага развіцця. Для дасягнення закладзеных у Парадку дня — 2030 мэт наша краіна ўжо зрабіла шэраг важных крокаў на нацыянальным узроўні, уключаючы распрацоўку дзяржаўнай палітыкі ў галіне ўстойлівага развіцця, а таксама стварэнне адпаведных інстытуцыйных механізмаў”, — адзначыў Дзмітрый Мірончык.