Штогод рэспубліканскі конкурс “Тэхна-Ёлка” вабіць сотні юнакоў і дзяўчат з усёй краіны, якія сваімі рукамі ствараюць навагодні цуд.
У Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі конкурсныя работы занялі вялікую залу. Пакуль экспанаты хаатычна стаяць на падлозе, паліцах і ў каробках. Але хутка амаль 700 ёлак, святочных упрыгажэнняў, навагодніх і калядных сувеніраў — менавіта столькі работ было прадстаўлена на абласны этап конкурсу ўстановамі прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — зоймуць свае месцы на выставе. Да гэтага часу ішоў
адбор экспанатаў для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу. І сёння 130 лепшых работ адправяцца ў сталіцу.
Залу, дзе сабрана столькі прыгажосці, не мінаюць маленькія гурткоўцы, якія прыходзяць ва ўстанову вучыцца харэаграфічнаму майстэрству. Яны заглядваюць у адчыненыя дзверы і просяць свайго педагога далучыцца да гэтага навагодняга чараўніцтва. Чаго тут толькі няма! Спяваючыя ёлкі, з якіх даносяцца знаёмыя песні, ёлкі-віктарыны з QR-кодамі, ёлкі-трансформеры, ёлкі-робаты… Здзіўляе і мноства ўпрыгажэнняў і сувеніраў: калядныя пернікі, снежныя казачныя замкі ў святочных уборах, карціны і, канечне ж, сімвал наступаючага года — заяц. Сёлета да ўжо традыцыйных намінацый дабавілася яшчэ адна, прысвечаная Году гістарычнай памяці. У ёй канкурсанты прадставілі паштовыя маркі з выявамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, славутымі мясцінамі краіны.
Варта сказаць і пра разнастайнасць тэхнік, у якіх выкананы творчыя работы, — ад простых, такіх як саломка, дэкупаж, вышыўка, вязанне, да больш складаных, сярод якіх вітраж, японская тэхніка стварэння карціны з абрэзкаў тканіны — кінусайга. Ёсць нават ёлкі з металу. І хаця навагодніх свят чакаць яшчэ цэлы месяц, сярод такой прыгажосці, зробленай таленавітымі навучэнцамі, у душы ўжо ўзнікае сапраўдны навагодні настрой.
Наталля ЛУТЧАНКА.