Алена і Андрэй Чарняўскія з Рагачова з’яўляюцца аўтарамі многіх цікавых праектаў, якія рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі. Яна — ідэйная натхняльніца фестывалю дзіцячай і сямейнай творчасці “Пернікавае каралеўства”. Ён даследуе з вучнямі старажытныя ліштвы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пернікавае каралеўства
Ім абаім пашанцавала вырасці ў сем’ях, дзе бацькі не перашкаджалі праяўляцца здольнасцям сваіх дзяцей, а наадварот — усяляк дапамагалі.
— Мая мама заўсёды здзіўлялася: “У каго ж ты такая рукадзельніца?” Сама яна шыць, вязаць не ўмела, аднак, бачыўшы маё імкненне, выпісвала мне вялікую колькасць спецыялізаваных часопісаў. І я самастойна вучылася. Захавала гэтыя выданні да сённяшняга дня. Яны не страцілі сваёй актуальнасці, сталі сапраўднай скарбонкай выдатных ідэй для конкурсных праектаў, якія мы рэалізуем з дзяўчынкамі ў школе. Ніколі не забуду выпадак з дзяцінства. Хросная падарыла мне зялёную сукенку, а мне якраз спатрэбілася тканіна такога колеру, каб пашыць адзенне для лялькі. І я нічога лепшага не прыдумала, як адрэзаць кавалак ад сваёй сукенкі. Мама мяне нават не лаяла за такую шкоду, — з усмешкай успамінае Алена Аляксандраўна.
Яна здзейсніла сваю мару — стала настаўніцай працоўнага навучання. Пачынала працаваць у роднай школе ў вёсцы Высокае, потым перайшла ў гарадскую школу № 5, а зараз, ужо восьмы год, выкладае ў Збароўскай базавай школе. Сваю работу настаўніца вельмі любіць, лічыць яе захапленнем, таму яна і прыносіць столькі радасці.
Андрэй Іванавіч нарадзіўся ў Быхаве. З маленства хлопчыка цікавіла гісторыя роднага краю, вабілі паходы, прадметы даўніны.
— Першы свой музей я зрабіў дома ў мэблевай сценцы. Мне было гадоў шэсць. Сярод экспанатаў — старыя манеты, рэчы, якія знаходзіў на гары, дзе некалі стаяў замак каралевы Боны Сфорца. Аднойчы абмяняў бацькоўскі акварыум з рыбкамі на старую царскую манету, якую мне так хацелася мець у калекцыі, — дзеліцца суразмоўнік.
Ён мае дыплом настаўніка хіміі і біялогіі, які атрымаў пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Працаваў у вясковай школе. А потым чатыры гады ўзначальваў музей народнай славы Рагачова, фонд якога налічвае больш за 20 тысяч экспанатаў. Атрыманыя ў тыя часы веды і вопыт аказаліся вельмі запатрабаванымі, калі дырэктар музея вярнуўся да педагагічнай дзейнасці і пачаў весці ўрокі ў Збароўскай базавай школе і кіраваць музеем “Мой родны кут”, які быў прызнаны лепшым школьным музеем Рагачоўшчыны ў 2023 годзе.
Алена Аляксандраўна і Андрэй Іванавіч разам 18 гадоў. Узаемныя пачуцці за гэтыя гады падмацаваліся павагай, даверам, падтрымкай, паразуменнем… Аднак ёсць рэчы, якія робяць іх дуэт яшчэ больш моцным і напоўненым. Па-першае, гэта любоў і цікавасць да народных традыцый і гісторыі малой радзімы.
— Калі Алена захапілася валеннем з воўны, мы разам ездзілі па Беларусі ў пошуках шапавалаў. Пазнаёміліся з 98-гадовым дзядулем, які паспеў даць нам майстар-клас. Мы разам гатовы ехаць за сотні кіламетраў, каб паглядзець ручнікі і зрабіць фотаздымкі. Імкнёмся захаваць каштоўныя рэшткі мінулага, — расказвае Андрэй Іванавіч.
— А калі я з вучаніцамі рагачоўскай школы № 5 рыхтавала да конкурсу праект, прысвечаны традыцыйнаму народнаму касцюму, муж стаў маім першым дарадчыкам і нават дазволіў зрабіць лякалы з сапраўдных народных касцюмаў, якія былі ў фондах музея народнай славы, — дапаўняе настаўніца.
Навагоднія і калядныя святы — асаблівы час для іх сям’і. Па традыцыі яны гатуюць беларускія стравы: рульку, паляндвіцу, каўбасу “пальцам пханую”. І абавязкова знаходзяць час для падарожжа па малой радзіме. Сам Андрэй Іванавіч пешшу абышоў усе вёскі раёна, дасканала даследаваў навакольныя рэкі, азёры. Гэта дазваляе яму кожны раз, запрашаючы жонку ў невялікую вандроўку, здзіўляць яе цікавымі фактамі і гісторыямі з мінулага.
— Аднойчы напярэдадні Новага года паехалі на Дняпро і забуксавалі ў снезе. Доўга чакалі, пакуль нас выцягнуць. А калі дабраліся дадому, аказалася, няма электрычнасці. Мы запалілі вялікую колькасць свечак і ў такой рамантычнай атмасферы сустракалі свята, — усміхаецца суразмоўніца.
Настаўнікаў яднае і незгасальнае жаданне развівацца, спрабаваць новыя кірункі дзейнасці. Так, па выніках конкурсу Андрэй Іванавіч быў прызнаны лепшым класным кіраўніком Рагачоўшчыны і адзначаны дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе. Але зараз ён ужо не выкладае хімію і біялогію, у мінулым засталіся класнае кіраўніцтва і школьны музей. Педагог атрымаў спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага і зараз вядзе ўрокі працоўнага навучання ў рагачоўскай школе № 4 імя У.С.Вялічкі.
— У мяне ёсць ідэя распрацаваць турыстычны маршрут для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Спадзяюся, у хуткім часе змагу ажыццявіць яе. Сёння я кірую школьным аб’яднаннем па інтарэсах “Майстэрня “Гэблік”. Займаемся вырабамі з дрэва ў розных тэхніках. Мы іх не размалёўваем, мне важна, каб дзеці навучыліся заўважаць прыгажосць натуральных рэчаў, адчулі пах і цеплыню бярозы, дубу, сасны. Вяду старонку ў Telegram, прысвечаную майстэрні, каб вучні і бацькі бачылі вынікі нашай сумеснай працы. У школе два разы ў год адбываюцца дабрачынныя кірмашы. І выхаванцы прыносяць свае вырабы на продаж. На заробленыя грошы набываем неабходныя прылады і матэрыялы, — тлумачыць настаўнік.
У гэтай справе ён шмат увагі ўдзяляе выхаванню ў навучэнцаў любові і пачуцця гордасці за сваю малую радзіму.
— Мы працуем над праектам “Рагачоўскія вокны”. Ходзім на экскурсіі, падчас якіх шукаем і фатаграфуем старажытныя ліштвы. Яны ў Гомельскай вобласці былі вельмі адметныя. На жаль, іх застаецца ўсё менш. Знайшлі з навучэнцамі старое акно ў горадзе. Яно датуецца 1917 годам. Разам з мясцовай мастачкай Наталляй Гудковай я распрацаваў маляванку для дзяцей малодшага ўзросту з выявамі вокнаў з прыгожымі старажытнымі ліштвамі. Так дзеці будуць далучацца да гісторыі малой радзімы, — перакананы настаўнік.
Алена Аляксандраўна новых спецыяльнасцей не набывае, аднак увесь час асвойвае новыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І таксама паспяхова. Апошнія два гады яна займаецца праектам “Цацкі з дзяцінства”, вучыць дзяцей і праводзіць майстар-класы для настаўнікаў па вырабе цацак з ваты. Да таго ж рыхтуе праект на конкурс “Саматканы цуд”, на якім прадставіць саматканыя паясы, якія так старанна робіць разам са сваёй вучаніцай Ганнай Холад.
Алена Аляксандраўна 20 гадоў у алімпіядным руху, падрыхтавала пераможцаў раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў. Неаднаразова яе вучаніцы ўзнагароджваліся прэміяй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія дасягненні ў інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. У яе скарбонцы вялікая колькасць дыпломаў рэспубліканскіх конкурсаў “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “Прывітанне, свет!”, “Ратавальнікі вачамі дзяцей”, “Пад небам сінім”, “Чароўныя ўзоры” і інш.
— Бывае, так захаплюся вырабам, што магу і да ночы засядзецца. І днямі на рабоце прападаю. Тое, што муж настаўнік, — вялікае шчасце, бо ён усё разумее. Увогуле, з ім я нічога не баюся, — прызнаецца Алена Аляксандраўна.
— Шчыра кажучы, і без мяне ў яе смеласці хапае, — з усмешкай дапаўняе настаўнік. — Аднойчы бачыў, як яна кінулася абараняць дзяцей ад сабак. І гэта пры тым, што сама іх вельмі баіцца.
Восьмы год запар напярэдадні зімовых канікул у Збароўскай школе праходзіць традыцыйны фестываль дзіцячай і сямейнай творчасці “Пернікавае каралеўства”. Ідэя яго стварэння належыць Алене Чарняўскай. Салодкае свята доўжыцца тры-чатыры гадзіны, падчас якіх дзеці з бацькамі, настаўнікі школы ператвараюцца ў чараўнікоў-кандытараў і ствараюць цудоўныя, непаўторныя рэчы.
— Каб усё прайшло выдатна, важна правесці падрыхтоўчую работу. Збіраемся з бацькамі, вызначаем, якія вырабы будзем ствараць. Я рыхтую шаблоны з паперы — дэталі для домікаў, абрысы пернікавых чалавечкаў для дзетак малодшага ўзросту. Удзельнікі самі па сваіх рэцэптах выпякаюць дома дэталі. Я прыношу на фестываль адразу некалькі гатовых домікаў, каб зрабіць экспазіцыю. Гатую айсінг па правераным рэцэпце. Ён у нас двух відаў — густы, каб злучаць дэталі домікаў, і вадкі, каб распісваць пернікі. Муж ніколі не застаецца ўбаку. Ён і фатограф, і дызайнер. Разам з хлопчыкамі зрабіў фотазону для фестывалю. Дзяўчынкі пашылі чароўныя капялюшыкі, фартушкі, хустачкі. Кожны ўдзельнік атрымлівае значок з тканіны ў выглядзе пернікавага чалавечка, — паведамляе настаўніца.
Калі першыя гады ў фестывалі прымалі ўдзел толькі навучэнцы школы, то зараз да мерапрыемства далучаюцца сем’і з суседніх вёсак. Усе разам — бацькі, вучні, настаўнікі — распісваюць фігурныя навагоднія пернікі пад чароўную навагоднюю музыку. І вяртаюцца дамоў са смачнымі і вельмі прыгожымі падарункамі.
Марына ЖДАНАВА
Фота на прэўю pixabay.com