Наваполацк адсвяткаваў сваё 65-годдзе. Якімі справамі і дасягненнямі сустрэлі дзень нараджэння горада педагогі? Падрабязнасці высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У адрасаваным новапалачанам віншаванні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што жыхары горада па праве могуць ганарыцца сваімі поспехамі ў эканоміцы, навуцы, адукацыі і спорце. Пры гэтым беражліва захоўваюцца гістарычная спадчына і культурныя традыцыі старажытнай полацкай зямлі, на якіх выхоўваецца маладое пакаленне.
— Адзін з самых маладых гарадоў, які дынамічна развіваецца, з’явіўся на карце нашай краіны дзякуючы самаадданасці і працоўнаму энтузіязму будаўнікоў, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Наваполацк за кароткі тэрмін стаў буйным навукова-прамысловым цэнтрам, сталіцай беларускай нафтахіміі. Сёння накіраваны ў будучыню горад увесь час расце і прыгажэе. Актыўна мадэрнізуючы вытворчасці, асвойваючы новыя віды прадукцыі і рынкі, Наваполацк уносіць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, з’яўляецца флагманам Віцебскай вобласці і краіны ў цэлым па многіх напрамках прамысловасці і сацыяльна-культурнай сферы.
Наваполацк пачынаўся з вялікай маладзёжнай будоўлі. Яго галоўная вуліца так і называецца — Маладзёжная. Сёння тут пражывае звыш 17,5 тысячы маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года — амаль кожны пяты новапалачанін. Часта ў дачыненні да гэтага горада гучыць слова “першы”. Напрыклад, тут атрымалі першыя ў краіне бензін і поліэтылен. І першым беларускім горадам з ганаровым статусам “дружалюбны да дзяцей” таксама стаў Наваполацк. А сёлетняе 65-годдзе ён сустрэў як маладзёжная сталіца Беларусі 2023 года! Святочная праграма была насычана мноствам яркіх і цікавых падзей. Сярод іх — адкрыццё гарадской Дошкі гонару, шыкоўны баль выпускнікоў, свята “Горад шчаслівага дзяцінства”, міжнародны конкурс-пленэр юных мастакоў “Палітра Прыдзвіння”, маштабны сумесны праект устаноў адукацыі і культуры “Тэатральная сцэна”, маладзёжны форум гарадоў-пабрацімаў “Адзінства”, прэм’ерны прагляд мастацкай кінастужкі “Чараўнікі”, у здымках якой прымалі ўдзел навучэнцы і педагогі горада, ветэраны педагагічнай працы. Дарэчы, зноў Наваполацк першы — як беларускі рэгіён, дзе зняты фільм у рамках міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі і свету”. Гэта толькі пачатак велізарнага пераліку, дзе значацца яшчэ дзясяткі культурных і адукацыйных мерапрыемстваў: урачыстае шэсце працоўных калектываў, рэканструкцыя побыту першабудаўнікоў, адкрыццё скейт-парка і пакоя сацыяльнай адаптацыі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, горад майстроў, фестывалі, кірмашы, канцэрты, выставы, міжнародны турнір па водналыжным спорце і рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы, чэмпіянат па мотаболе, турніры па варкаўце і сілавым экстрыме, лазернае шоу, феерверк і многае іншае.
— Наваполацк — унікальны горад, таму што за вельмі кароткі прамежак часу — па гістарычных мерках, фактычна за імгненне — створаны не проста прамысловы, навуковы, адукацыйны і культурны цэнтр, а ва ўсіх сэнсах горад для жыцця, — падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Безумоўна, гэта стала магчымым дзякуючы працавітасці, інтэлекту і стваральнасці ўсіх новапалачан. Сёння сістэма адукацыі краіны ганарыцца Наваполацкам. Мы маем на ўвазе як узровень дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, так і моцную ўніверсітэцкую адукацыю, дзе ў тым ліку рыхтуюць інжынерныя кадры для нафтахімічнай прамысловасці.
Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання лепшых працаўнікоў, якая адбылася ў рамках свята “Гордасць мая — мой горад”, Андрэй Іванец уручыў граматы Міністэрства адукацыі настаўніцы працоўнага навучання гімназіі № 2 Вользе Сібіровай, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 14 Вользе Лісоўскай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Юліі Бышавец, а таксама перадаў дырэктару гарадскога Палаца дзяцей і моладзі Алесі Садоўскай сертыфікат на набыццё мультыборда для ўстановы адукацыі. Падзяка Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай аб’яўлена дырэктару сярэдняй школы № 12 Ганне Рабцавай, падзяка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — намесніку начальніка аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Алесі Шарлай.
Сёлета з 440 выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі маладзёжнай сталіцы 69 адзначаны залатымі і 6 — сярэбранымі медалямі. У агульнай скарбонцы юных новапалачан — 20 стабальных сертыфікатаў па выніках цэнтралізаваных экзаменаў, трое навучэнцаў атрымалі па 200 балаў.
У сярэдняй школе № 1 Наваполацка міністр адукацыі правёў сустрэчу з настаўнікамі горада. У фармаце круглага стала абмяркоўваліся актуальныя пытанні адукацыі ў святле даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія былі дадзены 6 чэрвеня на нарадзе па бягучых пытаннях уступнай кампаніі. Акрамя таго, Андрэй Іванец азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, наведаў музей гісторыі школы.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара