Наваселле ў Міры

- 10:11Адукацыйная прастора, Рознае

Гэты будынак відаць здалёк. Ружовы, блакітны, сіні, жоўты колеры ў афармленні, сучасная архітэктура, зручныя гульнявыя пляцоўкі — так выглядае новы дзіцячы сад у гарадскім пасёлку Міры Карэліцкага раёна. Напярэдадні Дня настаўніка дашкольная ўстанова, разлічаная на 130 месцаў, расчыніла дзверы для дзетак з Міра і навакольных вёсак.

Гэтай урачыстасці ў Міры чакалі доўга. Да гэтага часу дзіцячы яслі-сад быў размешчаны ў прыстасаваным памяшканні, умовы для работы выхавальнікаў, знаходжання дзетак не адпавядалі сучасным патрабаванням. Як паведаміла загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташкевіч, з уводам ясляў-сада закрыта патрэба ў месцах для дашкольнікаў Міра, сюды будуць прывозіць дзетак на школьным аўтобусе з пяці навакольных вёсак. І галоўная асаблівасць — першы басейн ва ўстанове адукацыі ў Карэліцкім раёне.

— Умовы для дзяцей і нашай работы вельмі добрыя, — дзеліцца сваімі ўражаннямі выхавальніца Святлана Круглік. — Калі мы першы раз зайшлі ў будынак, то было толькі адно ўражанне — захапленне! Мае пяцігадовыя выхаванцы ўжо асвоіліся ў раздзявальні, гульнявым і спальным пакоях і просяць паказаць увесь садок. Ім усё цікава. А колькі новых развіццёвых гульняў, цацак!

Ужо зусім хутка хлопчыкі і дзяўчынкі пачнуць асвойваць усю прастору: спартыўную залу з сучаснымі дзіцячымі трэнажорамі, дзве музычныя залы, харэаграфічны клас, басейн, камп’ютарны клас. Шэс ць камп’ютараў і прынтары для яго падарыў Гродзенскі аблвыканкам, а ноўтбук і праектар — Карэліцкі райвыканкам.

— У нас таксама будзе працаваць санаторная група для 12 дзетак, — расказвае загадчык ясляў-сада Наталля Купрыенка. — Для аздараўлення створаны ўсе ўмовы. У працэдурным кабінеце можна праводзіць цеплалячэнне парафінам і азакерытам, электрафарэз, магніталячэнне, масаж. Для лячэння лор-захворванняў устаноўлены апарат “Унілор”, два інгалятары.

У перспектыве — адкрыццё інтэграванай групы для дзяцей з парушэннямі маўлення. Будзе тут працаваць і група кароткачасовага знаходжання, адкрыецца “Матчына школа”.

На ўрачыстасці пабывалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін, старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак, генеральны дырэктар прадпрыемства “Гроднасельбуд” Генадзь Залога.

В.А.Лісковіч, вітаючы бацькоў выхаванцаў, супрацоўнікаў дашкольнай установы, адзначыў, што за апошнія пяць гадоў у Гродзенскай вобласці пабудаваны 24 установы для дзяцей (5 школ, 10 садоў, 9 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу). У наступным годзе яшчэ адзін дзіцячы сад з’явіцца ў Гродне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.