Якія планы на адпачынак гэтым летам? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала педагогаў з розных рэгіёнаў.
Таццяна Канавалёнак, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Крупак, Мінская вобласць:
— Нарэшце педагагічны тайм-менеджмент дабраўся да летніх канікул. Мой спіс спраў ахоплівае ўсе аспекты жыцця. У маім раскладзе ёсць месца для разнастайных роляў. Як намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце пасля даволі складанага 2022/2023 навучальнага года планую сістэматызаваць усе новаўвядзенні, звязаныя з цэнтралізаванымі экзаменамі і змяненнямі ў правядзенні выніковай атэстацыі. Таксама хачу падрыхтаваць праект коўчынгу асабістага развіцця, які будзе спрыяць умацаванню ўпэўненасці ў сабе і пазітыўнага мыслення кожнага педагога. Асаблівую ўвагу ўдзяляю распрацоўцы спосабаў падрыхтоўкі вучняў да здачы пісьмовага экзамену на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў форме пераказу па рускай мове і літаратуры. Разам з маёй вучаніцай запланавалі падрыхтоўку да чарговай даследчай работы. Цяпер дзевяцікласніца пагружаецца ў часавы прамежак 1941—1945 гадоў праз знаёмства з дзецьмі вайны ў вядомых кнігах савецкай эпохі “Ніколі не забудзем” і “Піянеры-героі”. Што тычыцца адпачынку, ужо выдзеліла час для падарожжа. Пасля доўгага кавіднага перапынку адкрыю для сябе загадкавую Грузію. Гэта будзе не проста падарожжа, я хачу параўнаць іх культуру, традыцыі, чалавечыя адносіны з нашымі. Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца. Сустрэнемся ў жніўні.
Ларыса Ларыёнава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Ашмян, Гродзенская вобласць:
— Лета для педагога лічу не толькі доўгачаканым, але і важным часам. Вынікі папярэдняга навучальнага года падведзены, зроблены высновы для асабістай і прафесійнай самаацэнкі. Ёсць час для перазагрузкі. Можна з галавой акунуцца ў тое, што ты адкладваў на потым, а менавіта прысвяціць увесь свой час блізкім і сям’і. Для мяне зносіны з унукамі — вялікі зарад пазітыву. І яшчэ вельмі люблю адпачынак на прыродзе. Беларуская прырода — гэта своеасаблівая здраўніца. Лес, рэкі і азёры — месцы, якія я штогод наведваю. Менавіта такі адпачынак лічу карысным і прыемным. Так што праграма-мінімум на летні перыяд дакладная і непатрабавальная. Ёсць толькі адна абавязковая ўмова — добрае надвор’е ў прыродзе і ў душы.
Таццяна Дубойская, настаўніца хіміі Лахвенскай сярэдняй школы, Брэсцкая вобласць:
— Нават у перыяд свайго заслужанага адпачынку настаўнік не перастае самаадукоўвацца. Гэта датычыцца і мяне. Удзельнічаю ў сертыфікаваных семінарах і лекцыях. Зусім нядаўна прыняла ўдзел у летняй школе настаўнікаў хіміі “Выклікі сучаснасці і хімічная адукацыя”, якую штогод арганізоўвае Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава. Акрамя праслухоўвання лекцый, удзельнікі школы наведваюць круглыя сталы і майстар-класы ў фармаце анлайн. Гэта вельмі пазнавальна і займальна. Летам часта разам з блізкімі выбіраем цікавае месца і едзем туды на экскурсію. Сёлета наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. А яшчэ ў нас ёсць сямейная традыцыя — кожны год выязджаем на некалькі дзён на раку Прыпяць. І тут адпачынак атрымліваецца з карысцю. Спачатку праводзім сямейную акцыю “Прыбяры месца адпачынку”, чысцім аблюбаваны бераг — збіраем шкло і пластык у пакеты, а потым вывозім гэтае смецце. Тым самым на асабістым прыкладзе прывіваем падрастаючаму пакаленню любоў да малой радзімы і беражлівыя адносіны да
прыроды.
Людміла Лучына, настаўніца працоўнага навучання гімназіі Светлагорска, кіраўнік тэатра моды “Лінія”, Гомельская вобласць:
— Чэрвень правяла на працы. Распрацоўвала план рэканструкцыі кабінетаў абслуговай працы і кулінарыі. Нам паставілі новае абсталяванне, чаму я бязмерна рада. У наш абноўлены кабінет я набыла выдатную кнігу “Беларускі народны касцюм”. Хачу азнаёміцца з традыцыйным кроем і прыёмамі ўпрыгожвання беларускага народнага касцюма вышыўкай, дэкаратыўнымі элементамі і, вядома ж, навучыць гэтаму сваіх вучаніц. А 3 чэрвеня адбылася неардынарная падзея. Гомельскі абласны выканаўчы камітэт прысвоіў мне званне “Чалавек года” ў намінацыі “Майстар” за высокія дасягненні, творчы падыход у прафесійнай і грамадскай дзейнасці ў 2022 годзе. Яшчэ мы з дзецьмі паспелі паўдзельнічаць у свяце “Купалле ў Парычах”. У пачатку ліпеня акультурвала свой сад — перакапала паласу газона, аформіла кветнік, высадзіла гартэнзіі, туі і вулічныя традэсканцыі. Атрымалася прыгожа, але не ўдалося завяршыць працу — пакуль не набыла матэрыял для адсыпкі. Спадзяюся, за адпачынак вырашу гэтае пытанне. У планах таксама штогадовы ўік-энд з камандай сваіх алімпіядніц і дзвюма ўнучкамі. У нас у праграме фотасесія ў маім “садзе без правіл”, купанне ў басейне, загаранне на паціа і сумесна згатаваны абед. Будзем вучыцца гатаваць стравы на электрагрылі. Завершым дзень спаборніцтвам па зборы позніх малін і смачным уласнаручна згатаваным дэсертам. Таксама планую распісаць сцены хлява, паколькі новы кветнік з цэнтравай магноліяй патрабуе адпаведнага фону. Аснова карціны ўжо даўно створана. Спадзяюся гэтым летам працягнуць і скончыць працу. Завяршу летні адпачынак сямейнай паездкай на рыбалку з начлегам.
Настасся ЧАРКАНАВА