Навошта грамадству філолагі?

- 9:23Погляд

Сёлетняя ўступная кампанія ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны паказала, што ў маладых людзей узрастае цікавасць да філалогіі. Прахадны бал на рускую філалогію на філалагічным факультэце складаў 296, на беларускую — крыху менш. Конкурс вытрымаць прыйшлося і абітурыентам, якія мелі мэтавыя накіраванні. Васьмёра чалавек былі залічаны без экзаменаў — гэта выпускнікі, якія скончылі ўстанову сярэдняй адукацыі з адзнакай, і тыя, хто вучыўся ў педагагічных класах.

У пошуку зацікаўленых

— Да нас прыйшлі матываваныя дзеці, і мы спадзяёмся, што яны яшчэ пакажуць сябе на працягу навучання ва ўніверсітэце, — гаворыць Алена Палуян, дэкан філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны.
Алена Мікалаеўна ўзначаліла факультэт у мінулым годзе, але яна тут чалавек не новы — дагэтуль займала пасаду намесніка дэкана, таму добра ведае, чым жыве факультэт, яго выкладчыкі і студэнты. І ўсе разам — у пошуку моцных у сэнсе ведаў хлопцаў і дзяўчат, захопленых мовай і літаратурай.

— Мы не сядзім склаўшы рукі, — расказвае мая суразмоўніца. — Прафарыентацыя застаецца самым дзейсным інструментам. Вядома, кірункаў і форм тут шмат, пры жаданні можна знаходзіць нешта новае, цікавае. І гэта ў нашых інтарэсах, бо выкладчыкі хочуць займацца навукай у тым ліку і разам са студэнтамі, прыцягваючы іх да сур’ёзных даследаванняў і напісання навуковых артыкулаў. Зразумела, для гэтага патрэбны пэўныя здольнасці і жаданне працаваць.

Вядома, можна выявіць здольных на 1—2 курсе. Але магчыма знайсці іх яшчэ сярод школьнікаў.

Варта адзначыць, што па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі і эфектыўнымі так званыя школы юных, якія працуюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Тым больш што сучасныя тэхналогіі дазваляюць займацца там дыстанцыйна. Летась такія школы працавалі і на філалагічным факультэце. Удзельнікі школ юнага літаратара і юнага філолага павінны былі прайсці чатыры этапы, у кожным з якіх выконвалі пэўныя заданні. Як правіла, яны ўключалі пытанні і практыкаванні, якія прадугледжаны пры праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання, на экзаменацыйных іспытах, а таксама на алімпіядах па прадметах.

Як паведаміла Алена Палуян, сёлета з ліку навучэнцаў школ юных на факультэт паступілі 2 чалавекі. Аднак займаліся ў іх не толькі адзінаццацікласнікі, але і вучні 9—10 класаў, таму ёсць верагоднасць, што яны папоўняць шэрагі студэнтаў філфака ў наступныя гады. Да таго ж такую работу факультэт мае намер працягваць і далей.

Значную ролю сёння адыгрываюць педагагічныя класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, выпускнікі якіх у большасці выбіраюць прафесію ўсвядомлена. У гэтым кірунку філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта супрацоўнічаў з гомельскай сярэдняй школай № 12. Навучэнцы з педкласа займаліся не толькі ў сваёй установе, але і непасрэдна на факультэце. Раз на тыдзень кафедра рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства для іх арганізоўвала дадатковыя заняткі.

— У выніку такой дзейнасці сёння ў нас вучацца трое былых выпускнікоў педагагічнага класа, — паведаміла дэкан. — Гэта матываваныя дзеці, спадзяёмся, што яны яшчэ пакажуць сябе ў працэсе навучання.

Чаму філфак?

Нейкі час існавала думка, што філфаку дастаюцца найбольш слабыя абітурыенты, якім не па сілах больш складаныя навукі. Мы не будзем паглыбляцца ў гэтае пытанне і высвятляць, так гэта або не. Лепш паразважаем пра тое, што такое філалагічны факультэт і чаму варта ісці вучыцца менавіта сюды.

Вядома, выбіраць для сябе філалогію можна, толькі калі вы сябруеце з мовай і літаратурай і хацелі б паглыбіцца ў свет гэтых навук.


— Можа, камусьці здаецца, што мы кансерватары, якія топчуцца на месцы, — разважае Алена Мікалаеўна, — але насамрэч мы даём глыбокія, грунтоўныя веды ў галіне мовы і літаратуры. Пры гэтым ідзём у рэчышчы новых тэндэнцый. У нас не проста філалогія, а цэлы спектр напрамкаў: гэта і гендарная лінгвістыка, і тэорыя камунікацый, і асновы нейралінгвістыкі і г.д. Тое ж адбываецца і ў літаратуры. Калі, скажам, даследуецца беларуская літаратура, то яна абавязкова разглядаецца ў кантэксце сусветнай.

На факультэце дзейнічаюць буйныя навуковыя школы ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства, якімі кіруюць вядомыя навукоўцы. Прафесар У.І.Коваль, вядомы даследаваннямі гендарнай лексікалогіі, уладальнік Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2018 года за лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства прафесар І.Ф.Штэйнер, даследчыкі фальклорнай спадчыны, фразеалогіі, сродкаў моўнай выразнасці, тапанімікі прафесары А.А.Станкевіч, В.А.Ляшчынская, А.Ф.Рогалеў, В.С.Новак — гэта сапраўдны скарб аднаго з найстарэйшых ва ўніверсітэце факультэтаў, і кожны паспяховы студэнт можа трапіць у надзейныя рукі гэтых навукоўцаў, каб паглыбіцца разам з імі ў дзіўны свет навукі аб мове.

Такім чынам, адказваючы на пытанне “Чаму філфак?”, на першае месца ставім магчымасць атрымаць добрыя веды. Гэта асноўны крытэрый для любога чалавека, які ўсвядомлена ідзе атрымліваць адукацыю ва ўніверсітэт — не дзеля дыплома, а з намерам стаць у будучыні прафесіяналам. Калі ж узнікне жаданне павысіць сваю запатрабаванасць як спецыяліста, то тут усё ў вашых руках. Сёння філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта дае сваім студэнтам магчымасць вывучаць іншыя мовы. Акрамя замежнай, веды па якой атрыманы яшчэ ў школе, а таксама лацінскай, якая для філолагаў лічыцца абавязковай, можна авалодаць іўрытам, польскай, чэшскай і кітайскай мовамі. У прыклад нашым чытачам — студэнткі 3 курса Віялета Беладзед і Ангеліна Аксёнчыкава. Абедзьве дзяўчыны з 1 курса вывучаюць кітайскую мову і ўжо неаднойчы ездзілі на стажыроўкі ў Паднябесную. Сёлета Віялета і Ангеліна афіцыйна ўладкаваліся на работу ва ўстановы адукацыі Гомеля, дзе самі выкладаюць дзецям кітайскую мову.

Па словах дэкана, сярод студэнтаў нямала тых, хто стараецца падзарабіць, што выклікае павагу. А калі здараецца, што студэнты ўладкоўваюцца на работу па спецыяльнасці, то прыемна ўдвая. Усё, як падкрэслівае Алена Палуян, залежыць ад чалавека, ад яго мэтанакіраванасці, памкненняў і стараннасці.

Філфак — гэта яшчэ і прастора для творчых людзей. Тут сапраўды цікавае творчае жыццё: літаратурныя гасцёўні і вечарыны, тэатральная дзейнасць, рознага кшталту мерапрыемствы, арганізаваныя як выкладчыкамі, так і самімі студэнтамі. Варта сказаць, што многія маладыя літаратары свае першыя крокі рабілі менавіта тут, на філфаку: друкаваліся ў зборніках і нават выпускалі свае невялікія кніжачкі вершаў і апавяданняў.

Добрыя шансы ёсць і ў тых юнакоў і дзяўчат, якія маюць журналісцкія здольнасці: яны могуць атрымаць магчымасць трапіць на літаратурна-рэдакцыйную практыку на тэлебачанне ці ў рэдакцыі газет і часопісаў. Многія, дарэчы, потым застаюцца ў журналісцкай прафесіі.

Філолаг — гэта не толькі настаўнік

Філолаг сёння — гэта не толькі настаўнік мовы і літаратуры, як было раней. Філолагі запатрабаваны ў самых розных сферах дзейнасці. Яны рэдагуюць і карэкціруюць кнігі, артыкулы і тэксты, працуюць журналістамі ў газетах, на радыё і тэлебачанні, займаюцца вэб-журналістыкай, ствараюць рэкламу, вучаць персанал эфектыўным дзелавым зносінам і рыторыцы, займаюцца сувязямі з грамадскасцю, пішуць прамовы палітычным і дзяржаўным дзеячам і нават робяць паспяховую кар’еру ў ІТ-кампаніях.

Час мяняецца — мяняюцца і патрабаванні да навучання, да прафесійных навыкаў і ўменняў. Сёння, згодна з новымі тэндэнцыямі, філалагічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны ажыццяўляе падрыхтоўку па двух новых кірунках: “літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць” і “камп’ютарнае забеспячэнне”.


Студэнты, якія выбралі літаратурна-рэдакцыйную дзейнасць, вучацца на практыцы прымяняць методыку рэферыравання і рэдагавання тэксту, авалодваюць навыкамі рэдактарскай і карэктарскай праўкі, атрымліваюць навыкі рэдагавання аўтарскага тэксту з улікам сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Падрыхтоўка ў кірунку “камп’ютарнае забеспячэнне” дазваляе выпускнікам працаваць з сучаснымі лінгвістычнымі інфармацыйнымі рэсурсамі і экспертнымі камп’ютар-нымі сістэмамі, з прыкладнымі сістэмамі апрацоўкі інфармацыі, прымяняць навыкі работы па камп’ютарным забеспячэнні філалагічнай дзейнасці, выкарыстоўваць у рабоце ўменні і навыкі па аўтаматычнай апрацоўцы і ідэнтыфікацыі тэкстаў.
Як бачым, перад дыпламаваным філолагам адкрываецца вялікая прастора. Дзе сябе прымяніць — выбар асабісты. Калі гэта настаўнік у школе, то ён выконвае неверагодна важную задачу: вучыць пісьменнасці падрастаючае пакаленне. Калі журналіст — робіць грамадства інфармацыйна дасведчаным.

Аднаго разу мне давялося стаць сведкам спрэчкі філолагаў з тэхнарамі. Апошнія сцвярджалі, што філолагі грамадству не патрэбны, маўляў, яны не ствараюць нічога матэрыяльнага. “Як гэта не патрэбны?! Мова — гэта культура ў яе самым шырокім сэнсе, і без філолагаў яна загіне!” — абураліся гуманітарыі. Гэта была не якая-небудзь кампанія студэнтаў, а група ўжо дарослых людзей, за плячыма якіх значны працоўны і жыццёвы вопыт. Мне нават стала няёмка. Не таму, што я таксама маю гуманітарную адукацыю, і нават не таму, што ў мінулым марыла вывучаць рускую філалогію на філфаку. Уявіце сабе, што філолагаў няма, няма літаратуразнаўцаў, ніхто не займаецца мовай, не зберагае літаратурную спадчыну і не аналізуе літаратурную сучаснасць. Мне падаецца гэта жахлівым.

У той самы дзень я знайшла адказ тым, хто казаў, што філолагі грамадству не патрэбны. Выпадкова трапіла на інтэрв’ю з прафесарам Самарскага ўніверсітэта Мікалаем Цімафеевічам Рымарам, у якім ён разважаў, хто ёсць сёння філолагі: “Філолаг цалкам неабходны сёння, каб культура думкі, арыентаванай на праблемы асноўных каштоўнасцей чалавечага існавання, не памерла зусім, не знікла. Каб жыла мудрасць, якая збіралася многія стагоддзі, бо чалавеку павінен быць хоць у нейкай меры даступны сэнс яго штодзённага быцця, інакш сумна жыць — у самым шырокім сэнсе гэтага слова”.

Такім чынам, выпускнік філалагічнага факультэта — захавальнік культуры думкі. А гэта вельмі адказная і важная роля.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.