Навучанне на адлегласці

- 10:16Інфармацыйныя тэхналогіі

У свеце апошніх падзей актуальным стала пытанне аб арганізацыі навучання на адлегласці. Справа зручная, але для нас нязвыклая. Нарматыўныя акты не прадугледжваюць такі від школьнай адукацыі, аднак яго элементы, насамрэч, ужо даўно і трывала ўвайшлі ў дзейнасць настаўнікаў.

Несумненна, для арганізацыі аддаленай адукацыі неабходны мабільныя прыстасаванні (камп’ютар, ноўтбук, смартфон, планшэт) і доступ у сетку інтэрнэт. Гэта абавязковыя атрыбуты, каркас. Што на гэты фундамент будзе пакладзена, залежыць ад кожнага канкрэтнага выкладчыка. Існуе шэраг рэсурсаў, якія могуць быць выкарыстаны для завочнага дыялогу паміж настаўнікам і вучнямі. Паспрабуем прааналізаваць некаторыя з іх. Мэта дыстанцыйнага навучання — не толькі растлумачыць тэму на адлегласці, але і здзейсніць кантроль ведаў вучняў. Для кожнага з этапаў урока мэтазгодна выкарыстоўваць найбольш эфектыўныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. Аднак пра ўсё па парадку.

Этап тлумачэння новага матэрыялу можа ажыццяўляцца як анлайн, так і ў запісе. Самы просты і даступны варыянт — відэасувязь. Гэта і Skype, і Viber, і сацыяльныя сеткі накшталт “Аднакласнікаў”, дзе прысутнічае функцыя групавога відэазванка. Зносіны адбываюцца ў рэжыме рэальнага часу, прычым кожны з суразмоўнікаў мае магчымасць удзельнічаць у гутарцы. На сённяшні дзень створаны спецыяльныя сэрвісы для дыстанцыйнага навучання. Шырокае распаўсюджанне атрымала Moodle — бясплатная сістэма электроннага навучання. Аднак яна патрабуе пэўных навыкаў праграмавання. Даволі зручнай для відэаканферэнцыі з’яўляецца платформа Zoom.

Самы просты спосаб завочнага тлумачэння матэрыялу настаўнікам — запіс відэа. Міні-фільм можна манціраваць, пераздымаць, дабаўляць спецэфекты. Перасланы файл вучні прагледзяць, калі ім зручна. Плюс у тым, што ёсць магчымасць уключыць паўтор, а мінус — нельга адразу высветліць незразумелае.

Этап кантролю ведаў таксама можна ажыццяўляць з дапамогай электронных адукацыйных рэсурсаў на адлегласці. Класічным спосабам з’яўляецца электронная пошта. Вучні прымацоў­ваюць дакумент з выкананым заданнем (прычым у любым фармаце: Word, Excel, PowerPoint і інш.), а настаўнік, атрымаўшы яго, спампоўвае і правярае. Дарэчы, перасылаць файл можна ў розных месенджарах, якімі карыстаюцца вучні. Несумненна, мае права на існаванне такі элементарны спосаб, як фотаздымкі выкананых заданняў у сшытку.

Шырокую прастору для дзейнасці прапануе Google. Для карыстання дадаткамі трэба спачатку зарэгістраваць уласны акаўнт у сістэме. Часта на дапамогу прыхо­дзяць Google-формы. З прапанаванай галерэі шаблонаў выбіраем найбольш прымальны, запаўняем сваім кантэнтам і націскаем каманду “Адправіць”. Цяпер неабходна ўключыць у рассылку адрасы электроннай пошты вучняў. Каб хутка сабраць звесткі ў адзін дакумент, зручна карыстацца Google-табліцамі. Алгарытм дзеянняў просты: заходзім у свой акаўнт, ствараем па мадэлі табліцу, адпраўляем спасылку. Калі ўсе ўдзельнікі запоўняць прапанаваныя калонкі, у нас атрымаецца гатовая табліца, аўта­матычна зведзеная ў адзінае цэлае. Перавага ў тым, што не трэба перадрукоўваць інфармацыю з розных крыніц, што выключае блытаніну. Аднак ёсць і мінус: любы ўдзель­нік можа запоўніць ці выдаліць не сваю графу. Пералічаныя дадаткі Google захоўваюцца ў аблоках, таму не займаюць месца на камп’ютары і з’яўляюцца даступнымі шырокаму колу карыстальнікаў.

Даволі папулярная адукацыйная пляцоўка LearningApps.org. Тут па кожным прадмеце змяшчаецца мноства заданняў. Аднак гэтым яе опцыі не абмяжоўваюцца. Па аналогіі можна стварыць уласнае практыкаванне па выбранай мадэлі. Распрацоўшчыкі прапануюць цэлы шэраг займальных варыянтаў: пазлы, крыжаванка, “вісельня”, “скачкі”, размеркаванне, “поле цудаў”, храналагічная лінейка і г.д. Для пастаяннага кантролю за дзейнасцю вучняў настаўнікам рэкамендуецца стварыць уласны кабінет у сістэме і ўключыць туды навучэнцаў, запоўніўшы папку “Мае класы”. Далей усім удзельнікам выдаецца ключ доступу: спасылка і QR-код. Заходзячы туды, школьнікі бачаць заданні, якія ім прапанаваў настаўнік, і пачынаюць іх выкананне. Як толькі яны закончылі, педагог адразу можа праверыць вынікі на сваім прыстасаванні.

Як бачым, існуюць альтэрнатыўныя метады канструявання дыстанцыйнага ўрока. Пералік згаданых вышэй электронных рэсурсаў не з’яўляецца канчатковым і можа быць дапоўнены самім карыстальнікам мабільных прылад.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.